Актуальная «дыктатура якасці». Пра гэта гаварылася ў Пасланні Прэзідэнта

“Дыктатура якасці” абавязана прысутнічаць у вытворчасці. Гэта датычыць у тым ліку і жывёлагадоўлі, у прыватнасці, малочнай галіны, дзе, як вядома, сельгаснік атрымлівае за малако “жывыя грошы”. Прыбытак залежыць не толькі ад колькасці здадзенай прадукцыі, але ў роўнай ступені ад яе якасці.
Так павінны арганізоўваць сваю работу ўсе сельгаспрадпрыемствы, а не толькі тыя, дзе пабудаваны сучасныя малочныя комплексы з даільнымі заламі і навейшым абсталяваннем. Як паказвае практыка, высокія вынікі можна забяспечыць і ў больш сціплых умовах. Важна наладзіць вытворчы працэс так, каб і людзям было камфортна працаваць, і прадукцыя атрымлівалася якаснай. Што датычыць ДП “Нача”, то мы шчыльна займаемся гэтай праблемай: у асноўным уласнымі сіламі праводзім рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў, удасканальваем вытворчы працэс. У калектыве ўсведамляюць: адказнасць кожнага за сваю работу – галоўны складнік поспеху. Летась, напрыклад, надаілі ад кожнай каровы ў сярэднім па 6066 кілаграмаў малака, ад валавага продажу якога 94,2 працэнта складае прадукцыя гатункаў экстра і вышэйшага. Намераны дасягнутае замацаваць і прымножыць.
Аднак не толькі ў жывёлагадоўлі перамены, у кожнай галіне сельскагаспадарчай вытворчасці імкнёмся працаваць вынікова. Новыя тэхналогіі ўкараняем у земляробстве. Прымяненне іх дае магчымасць атрымліваць добрыя ўраджаі зерневых і зернебабовых культур, кукурузы, рапсу. Тэхнічна ўмацоўваем машынна-трактарны парк, дзякуючы якому значна паляпшаецца культура земляробства. Паступова, але ўпэўнена імкнёмся замацаваць свае пазіцыі, каб ісці далей. Усе разумеюць, што стабільнасць гаспадаркі – гэта дабрабыт, высокая зарплата, а зацікаўленасць у прафесійнай дзейнасці прыносіць вынік, дае магчымасць рэалізаваць шматлікія планы і задумкі.
Аздаравіць эканоміку гаспадаркі можна толькі паўсядзённай, настойлівай працай, без усялякіх спасылак на надвор’е, недастаючыя фінансы. Грошы трэба зарабіць.
Мікалай ТАРЛЮК,
дырэктар ДП “Нача”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *