Адкрытая школа дзюдо. Размова аб ляхавіцкай школе дзюдо, якая тыдзень таму гасцінна расчыніла дзверы /фота/

Размова аб ляхавіцкай школе дзюдо, якая тыдзень таму гасцінна расчыніла дзверы. На запрашэнне прыняць удзел у адкрытым першынстве раённай ДЮСШ адгукнуліся больш за дзясятак каманд з рэгіёнаў Брэстчыны, дзе развіваецца названы від усходняга адзінаборства. Абласны цэнтр і суседнія Баранавічы дэлегавалі на спаборніцтвы па тры каманды. Прыехалі дзюдаісты з Кобрына, Івацэвіч, Камянца, Давыд-Гарадка Столінскага раёна. А з улікам удзелу ў спаборніцтвах атлетаў са Смаргоні Гродзенскай вобласці турнір “выйшаў” за рамкі абласнога.

– Смаргонскія дзюдаісты заўсёды з намі. Яны да нас, мы да іх ездзім. Спаборнічаем, вучымся адзін у аднаго, – пракаментаваў сітуацыю трэнер-выкладчык ДЮСШ Віктар Богуш.

Спаборніцтвы яшчэ не пачыналіся. “Падцягваліся” самыя геаграфічна аддаленыя   каманды, арганізатары рыхтавалі цырымонію адкрыцця, падыходзілі нешматлікія на той момант гледачы. А ўжо было цікава і па-свойму відовішчна. Атлеты “грэліся”, як нярэдка называюць перадстартавую размінку. Дзюдаісты і дзюдаісткі – ад 9-гадовых нядаўніх дэбютантаў да 16-гадовых “старажылаў” – да краёў запоўнілі татамі. Гоман, энергія праз край. А некаторыя наадварот – рэлаксавалі ў гарызантальным становішчы. У трэнераў свае размовы. Рэферы ў любы момант гатовы даць каманду “Хаджыме!”– пачынайце, у перакладзе з японскага.

Пачалі адразу на трох татамі. Малодшыя, барцы сярэдняга ўзросту, старэйшыя. Гэта азначае, што на кожным – сваё дзюдо. У самых юных тэхніка і “фізіка” яшчэ кульгаюць, прысутнічае мітусня. Затое запалу і эмоцый праз край. Хваравіта рэагуюць на заўвагі трэнера, глыбока перажываюць паражэнне. Асобныя спарынгі 16-гадовых адзінаборцаў вызначаюцца ўжо нават эстэтыкай. Угадваецца багаты тэхнічны арсенал, памножаная на сілу хуткасць рухаў, адмысловасць тактыкі, упартасць. Нешта ад малодшых і тое-сёе ад старэйшых, – так, калі коратка, можна ахарактарызаваць дзеянні барцоў, каму ўжо не 9 і яшчэ не 16 гадоў.

Турнір завяршыўся ў адзін дзень і не без поспеху для гаспадароў. Ляхавічане пакінулі за сабой 19 прызавых месцаў. У тым ліку 5 першых: пераможцамі турніру ў сваіх катэгорыях сталі Вікторыя Грыцкевіч, Ягор Юруць, Павел Вільчэцкі, Аляксей Чарэйка (трэнер – Віктар Богуш), Аляксандра Байрашэўская (трэнер – Рашыд Байрашэўскі). З гасцявых каманд вынікова выступілі дзюдаісты з Баранавіч, Івацэвіч, некаторых іншых гарадоў.

На фоне агульнай перадстартавай мітусні адасобленыя паводзіны аднаго з дзюдаістаў выглядалі дастаткова арыгінальна. Юнак спакойна заняў сабе месца на гімнастычнай лаўцы. Побач – верхняя частка кімано, у руках – смартфон. На пытанне, чаму не “грэецца”, растлумачыў:

– Сваю разміначную праграму ўжо выканаў. Неабходна абстрагавацца на некаторы час, замкнуцца ў сабе і, каб не перагарэць, не думаць пра спаборніцтва. Гульня на смартфоне адцягвае ўвагу, заспакойвае. У вашым горадзе ўпершыню. Настройваюся на перамогу, але і пападанне ў прызёры буду лічыць нядрэнным вынікам.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *