З клопатам пра нас

Стабільныя, з тэндэнцыяй пастаяннага росту вытворчыя паказчыкі, высокая прадукцыйнасць працы, надзвычай папулярная сярод пакупнікоў прадукцыя, сучаснае абсталяванне, якое пастаянна абнаўляецца, новыя тэхналогіі, паспяховы брэнд “Ляхавічок”, наладжаныя рынкі збыту, высокакваліфікаваны і высокапрафесійны калектыў – складальнікі паспяховай дзейнасці СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”.

“Прыемна і камфортна працаваць, калі адчуваеш творчасць, зацікаўленасць і адказнасць за агульную справу з боку кожнага на сваім участку”, – гаворыць дырэктар прад-прыемства Вячаслаў  Жукоўскі. Магчыма, шматлікім аматарам сапраўды смачнай і карыснай прадукцыі будзе цікава ведаць, што назва “Ляхавічок” была выбрана з некалькіх прапанаваных на агульным сходзе калектыву. Менавіта калегіяльна вырашаюцца тут усе  пытанні.

Прадпрыемства выпускае звыш 50 найменняў малочнай і кісламалочнай прадукцыі, якая дастаўляецца ў гандлёвыя кропкі (у тым ліку фірменныя магазіны, гіпермаркеты) па                ўсёй Беларусі. Найбольш папулярная прадукцыя, безумоўна, у мясцовых жыхароў, а таксама ў Баранавічах, Брэсце, Мінску.

”Але перш, чым трапіць на паліцы магазінаў, прадукцыя праходзіць доўгі тэхналагічны ланцужок, каб пакупнік хоць аднойчы яе паспрабаваўшы, быў упэўнены ў якасці, каб прыцягвала ўвагу і ўпакоўка. Таму ў першую чаргу пры запуску новай лініі звяртаецца ўвага на рэцэптуру, якасць, знешні выгляд прадукцыі”, – расказвае вядучы спецыяліст прадпрыемства па маркетынгу Галіна Шастак.

Калектыў малочнага завода пастаянна знаходзіцца ў пошуку. “Нельга ні ў якім разе спыняцца на дасягнутым і лічыць, што на гэтым – хопіць, можна адпачыць. Поспех – рэч непастаянная, яго неабходна падмацоўваць, падсілкоўваць і ўдасканальваць”, – перакананы дырэктар.

Такія адносіны да справы даюць свой плён. Поспех праяўляецца і ў тым, што прадукцыя завода ўжо нават і не патрабуе асаблівай рэкламы. Усе пакупнікі ведаюць: “Ляхавічок” – гэта якасна і смачна.

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна мы, спажыўцы, пачулі смак у карысных, умацоўваючых імунітэт жывых ёгуртах з разнастайнымі напаўняльнікамі, тварожных крэмах, узбітых прадуктах, плаўленых сырках, на “ўра” прынялі прадукцыю “Унучок Ляхавічок”! А завадчане ўжо парадавалі чарговай навінкай – прадукт кефірны і малочны напітак, на падыходзе – мус узбіты ванільны і шакаладны.

— Прадукт кефірны, узбагачаны комплексам “імулін” – гэта спецыяльнае харчовае валакно, якое станоўча ўплывае  на абмен рэчываў і спрыяе ўтварэнню карысных бактэрый, якія неабходны чалавеку. У склад малочнага напітку ўваходзяць абястлушчанае малако і пахта, – раскрывае рэцэптуру навінак начальнік вы-творчасці Людміла Скараход.

Дарэчы, для тых, хто клапоціцца пра сваю постаць і аддае перавагу дыетычнаму харчаванню, у продажы хутка з’явяцца нізкатлустыя смятана, кефір, малако і сметанковае масла пад маркай “Ляхавіцкае”.

Адна з умоў ста-більнай работы прадпрыемства і гарант яго далейшага працвітання – своечасовая мадэрнізацыя.  За апошнія гады ў развіццё  і пашырэнне ўласнай вытворчасці ўкладзена больш       за 10 мільярдаў рублёў, якія накіраваны на будаўніцтва новых цэхаў, набыццё ліній па вытворчасці тварагу і вырабу ёгуртаў, лініі па згушчэнні сыроваткі, укараненне энерга-зберагальных тэхналогій. Асобная крыніца расходаў – экалагічная бяспека. Напрыклад, кампрэсарная ўстаноўка прадпрыемства, якая раней была аміячнай, пераведзена на фрэон і цяпер працуе поўнасцю ў аўтаматычным рэжыме. Не шкадуюць на заводзе грошай на стварэнне і падтрыманне дастойных умоў працы: рэканструіруюцца і будуюцца бытавыя памяшканні для рабочых, значныя сумы накіроўваюцца на зніжэнне ў вытворчасці долі ручной працы.

У канцы мінулага стагоддзя малочны завод даваў 16 працэнтаў прадукцыі, якая выпускаецца на Ляхавіччыне, сёння доля прадпрыемства – усе 60 працэнтаў. За апошнія 5 гадоў рост вытворчасці таварнай прадукцыі на прадпрыемстве дасягнуў 140 працэнтаў. СААТ – паспяховы экспарцёр, чыя прадукцыя карыстаецца павышаным попытам не толькі ў Расіі, але і ў краінах далёкага замежжа. А гэта не толькі дадатковая крыніца даходаў, але і павышаная адказнасць за якасць прадукцыі і своечасовыя пастаўкі.

На ляхавіцкім малочным заводзе кожны – спецыяліст сваёй справы, прычым дыпламаваны. “Чалавек, які мае адпаведную адукацыю і кваліфікацыю, будзе да свайго ўчастка работы адносіцца не толькі прафесійна, але і з разуменнем, адказна і творча, тады і поспех гарантаваны”, – сцвярджае Вячаслаў Жукоўскі. А на прапанову вызначыць лепшых Вячаслаў Уладзіміравіч адказаў проста: “Завадчане – лепшыя ўсе, і яны гэтага звання заслужылі сваёй неабыякавасцю, любоўю да працы, абавязковасцю”.

Таму і не залежваецца на па-ліцах магазінаў прадукцыя гандлёвай маркі “Ляхавічок”. А выраз “Я працую на СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” – гучыць горда, годна, перспектыўна і стабільна.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *