Лотаць – кветка чароўная

Мінулае… Яно часта цярэбіць памяць, калі пражыў на свеце ўжо не малы кавалак жыцця. Успамінаюцца дзіцячыя гады на зямлі, дзе нарадзілася, расла, дзе ўдыхала непаўторны водар паветра, любавалася перазвонам ручаёў, крыкамі прыляцеўшых жаўрукоў напрадвесні, блакітам казачных нябёсаў, упітвала пах балотных кветак, паддавалася чарам невялікіх бярозак, якія засталіся расці ў балоце на купінах.
Вось яна, бурлівая і цёплая вясна ў маёй Свяціцы. Вось яна, першая кветка на маім балоце – лотаць. Каля цябе я магла сядзець і любавацца часамі. Якая ж ты чароўная, твае жоўтыя вочкі гэтак весела і ўпэўнена глядзяць на мяне і кажуць: “Мы толькі нядаўна ўбачылі сонейка пасля зімняга сну, а тут яшчэ і цябе пазналі, наша даўняя сяброўка. Дзякуй, што прыйшла да нас”. Вакол – цёплае балота, якое вабіць адчуць босымі нагамі цудадзейнае цяпло вясенняй вады і яго самога.
Ідзеш далей па цёплай багне, бо там, калі зайсці глыбей, цябе сустрэне нешта незвычайнае і цікавае, адкрые свет па-новаму. Нарэшце стамляешся, пара вяртацца дамоў. Але спачатку назбіраеш кветак для таго, каб дома паставіць каля свайго ложка і, гледзячы на іх, паўтарыць усе адчуванні, якія толькі што перапаўнялі тут, сярод хараства…
А як бурлівая вясна ажывіць зямлю і дасць дарогу летняму цяплу, чакаеш-недачакаешся, калі ж зацвітуць маліны ў маёй калюзе, каб першай пайсці па яе, апярэдзіць сябровак.
Вось і прыспелі ягады. Пара ісці ранічкай на нязменнае месца, якое ўжо даўно зачакалася нашай сустрэчы. Заходзіш у лес і раптам каля куста… правалішся па пояс у ваду. Але гэта не перашкода. І хоць мокрая па вушы, але ж працягваеш збіраць маліны.
Паблукаеш па багне з гадзіну альбо больш і назбіраеш поўны гладышык на дзіва пахучай і вельмі смачнай ягады – ласунка нашага дзяцінства. Вось ён, збанок духмянага ляснога цуду, якім пахне хата. І скажаш любай матулі альбо тату, калі хто першы з іх прыйдзе з работы: “Паглядзіце, я прынесла вам падарунак ад “лясной бабулі”!
Мілая матуля, як заўсёды, пагладзіць сваю белагаловенькую дзяўчынку і прамовіць: “Дзіцятка ж ты маё, зноў адна бегала ў лес. Кожны раз табе гавару, каб далёка не заходзіла і далей нашай калюгі – а-ні-ні, бо заблудзіш”.
Бярэш збанок і сыплеш ягады ў рукі матулі і тату. Мама ціхенька нагнецца і пацалуе дзіця, а бацька возьме на свае дужыя рукі, аднекуль дастане цукерку і працягне яе табе. Няма даражэй гэтых успамінаў…
Прайшло шмат гадоў, і няма ў цэлым свеце шчаслівейшай дзяўчынкі з глыбокай палескай вёскі, якая памятае самыя дарагія моманты свайго дзяцінства, любіць сваю цудоўную, непаўторную, мілую сэрцу радзіму. Калі б не мова зямлі, на якой нарадзілася, хіба можна было б так дакладна апісаць усе адчуванні далёкага дзяцінства. Я думаю, не, бо не прысутнічала б тая асалода, адчуванне роднага, блізкага сэрцу, думам…
Дзякуй зямлі, на якой нарадзілася, дзякуй мове маіх продкаў, на якой размаўляю. Па-ранейшаму жыву там, дзе з’явілася на свет, дзе ў маленстве бегалі мае босенькія ножкі, дзе прайшло юнацтва і дзе была я вельмі шчаслівай – сярод сваёй сям’і, сяброў, сваякоў, усіх добрых людзей, з якімі пашчасціла жыць.
Успамінайце часцей дзяцінства час далёкі… І, можа, хто-небудзь ужо другі прадоўжыць расказ пра сваю маленькую радзіму.
Кацярына БУЙКЕВІЧ,
загадчыца   Свяціцкай бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *