Вечна жывыя

Ля брацкай магілы, бы маленькія часавыя, нясуць вахту першыя кветкі вясны. Ля брацкай магілы прыцішвае крок і ветэран, і гарэза-школьнік. Да брацкай магілы ўскладаюць букеты маладыя муж і жонка – іх першы сямейны маршрут пасля загса да гэтага святога месца.
Плошча Перамогі ў Ляхавічах. Узнёслая геаметрыя помніка. Мармуровая пліта з прозвішчамі абаронцаў Айчыны, якія загінулі ў баях з фашыстамі пры вызваленні нашага райцэнтра. Кароткія радкі, шмат радкоў. Як жа мала часу між дзвюма датамі – нараджэння і смерці. У каго дваццаць гадоў, у каго сорак пяць… Колькі дазволілі варожая куля, асколак гранаты, гусеніца фашысцкага танка, мінамётны агонь.
І ўмясцілася ў гэты адрэзак усё да крыўднага    кароткае жыццё. У астатку засталіся і песні недапетыя, і каханне недалюбленае, і дзеткі ненароджаныя ці асірацелыя, і ўдовы, матулі гаротныя. А яшчэ застаўся подзвіг. У імя жыцця, у імя міру і справядлівасці. Каб іншыя, потым, і праз дзесяцігоддзі, маглі ўсе песні пераспяваць, каханне ўвасобіць у сямейнае шчасце, і дзетак нарадзіць, і вывесці іх у людзі, і зрабіць іх людзьмі. Сапраўднымі. Вартымі тых, чые прозвішчы на мармуровай пліце, чый сон у апошнім прытулку ахоўваюць і ветрык вясновы, і  першыя кветкі, і памяць – удзячная, бясконцая, светлая – нашчадкаў.  З пакалення ў пакаленне.   Якімі высокімі асілкамі сталі дрэвы, пасаджаныя ў першыя гады пасля перамогі.
Колькі паверхаў радасці вырасла ў гарадах і вёсках! Як пахарашэла зямля! Гучаць новыя галасы, новыя песні. Жыццё працягваецца, бяжыць па сваіх законах. І мала засталося ветэранаў. І многа на зямлі беларускай абеліскаў, помнікаў, стэл, якія вядуць свой маўклівы расказ пра герояў далёкай вайны. Далёкай? Семдзесят адзін год міру – гэта многа ці мала? Калі параўнаць з чалавечай дыстанцыяй, то амаль   цэлае жыццё, а ў касмічных адзінках – імгненне.
Мноства імёнаў салдат, што загінулі ў Вялікую   Айчынную, невядомыя. Зямля неахвотна аддае людзям свае сакрэты. Але ж следапыты працягваюць пошук, і з’яўляюцца новыя прозвішчы замест безвыходна-несправядлівага словазлучэння ”невядомы салдат”. Памятаецца, як паўтара гады назад перастаў быць невядомым і вярнуўся ў родную зямлю загінуўшы пад Кіевам радавы Міхаіл Жытко. А паўстагоддзя таму ляхавіцкія следапыты поплеч са сваім настаўнікам Уладзімірам Скалабанам адшукалі-назвалі дзясяткі імёнаў, і родныя загінуўшых вызваліцеляў даведаліся пра сваіх дарагіх, адзіных, прапаўшых без вестак. Такая гісторыя звязана і з чалавекам, чыім імем названа адна з ляхавіцкіх вуліц, – Пятром Южаковым. Ён загінуў дваццацітрохгадовым. Маладзенькі старшы лейтэнант. Узводны. Па некаторых даных, у даваенным жыцці быў звязаны і з журналістыкай. Ва ўсякім разе пра гэта ўзгадваў «Будаўнік камунізму» пасля таго, як перапіска следапытаў з бацькамі і роднымі героя завяршылася прыездам у Ляхавічы ягоных сясцёр.
Чытаю па-дзіцячы непасрэдныя, вельмі шчырыя лісты піянераў СШ № 2 у далёкі Ніжні Тагіл. І хочацца плакаць.  Ад чысціні іх памкненняў, ад мэтанакіраванасці пошукаў. Ад таго, што былі такія настаўнікі, як Скалабан, Альшаковы, Пісарэўскі, Куліцкі з Ляхавічаў, Шыловічы са Свяціцы, Чаранкевіч з Крывошына, многія іншыя  педагогі, якія нястомна ішлі па слядах герояў Вялікай
Айчыннай. І вялі за сабой хлопчыкаў і дзяўчынак – юных патрыётаў, якія ўсвядомілі ўсю велічнасць і ўвесь трагізм выпрабаванняў, што выпалі на лёс пакалення пераможцаў.
У памяці нашчадкаў героі, хто застаўся назаўсёды на той бязлітаснай вайне, вечна жывыя. Іх подзвігу   вартасць – найвышэйшая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *