Ляхавічы, вул. Южакова…

Вул. Южакова

Камандзір узвода аўтаматчыкаў Пётр Южакоў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Іду па ляхавіцкай вуліцы Южакова, як і не раз да гэтага. Паглядзець іншымі вачамі на знаёмы маршрут меня падштурхнуў зварот на сайт “ЛВ” наведвальніцы, якая назвалася Вольгай:
“Маё дзявочае прозвішча – Южакова. Вуліца ў вашым горадзе названа ў гонар майго стрыечнага дзеда. У сямідзясятых гадах следапыты са школьнага музея знайшлі маіх бабуль – яго сясцёр. Яны прыязджалі ў Ляхавічы, сустракаліся з рабятамі. Пра гэта і пра многае іншае расказвала я сваім дзецям, хацела знайсці фота вуліцы, у якой увекавечана імя майго дзядулі. Было б вельмі цікава паглядзець на яе сёння”.

Так жаданне ўнучкі аднавіць памяць пра дзеда Пятра Кельсеевіча Южакова, стала пачаткам перапіскі “Ляхавіцкага весніка” з Вольгай Кузняцовай. Яна пісала:
“І нам, дарослым, і дзецям цікава ўбачыць любое фота вуліцы. Мы зрабілі вялікія фота Пятра Кельсеевіча і Таісіі Кельсееўны і з дзецьмі пройдзем у калоне “Бессмяротны полк” на парадзе 9 мая. Рэдакцыя адправіла некалькі фотаздымкаў вуліцы з архіва, і пару “свежых”.
Электронныя весткі з далёкага расійскага горада Ніжні Тагіл ляцяць у беларускія Ляхавічы. А ў 60-я гады мінулага стагоддзя папяровыя пісьмы з нашага райцэнтра дапамаглі Южаковым даведацца пра лёс сына, брата, дзядзьку Пятра, пра яго гераічную смерць і месца пахавання.
Сёлета напярэдадні Дня Вялікай Перамогі ўнучка славутага Южакова даслала ў рэдакцыю адсканіраваныя дакументы, фотаздымкі і даўнія пісьмы школьнікаў СШ № 2. Яны захоўваюцца ў сям’і як самая дарагая спадчына.
Перачытваю перапіску следапытаў, якімі кіраваў настаўнік гісторыі Уладзімір Скалабан, з роднымі Южакова. У лістах, старанна выведзеных дзіцячым почыркам, непасрэдных і шчырых, як у люстэрку гісторыі праглядваецца тагачаснае жыццё – піянерскае, бурлівае: “Добры дзень, Марыя Кельсееўна!.. Піянерскі атрад нашага класа змагаецца за прысваенне яму імя Вашага брата. Просім Вас і родных Пятра Кельсеевіча даць згоду на прысваенне атраду 5 “В” класа СШ № 2    імя Пятра Южакова. Абяцаем апраўдаць Ваш давер добрай вучобай і ўзорнымі паводзінамі”.
З фота, зробленага ў 1966 годзе, глядзяць піянеры ўжо 6 “В” класа і іх настаўнікі. На ім кароткі подпіс “Атрад імя  П. Южакова”. Сувязь “Ляхавічы – Ніжні Тагіл” не страчвалася, жыла каля двух дзесяцігоддзяў. На гэтым шчымлівым прывітанні з мінулага, стосе пісьмаў і фотаздымкаў, на гісторыях пра гераічнага дзядулю, які прымаў удзел у стратэгічнай аперацыі “Баграціён”, быў удзельнікам баёў пад Масквой і загінуў пры вызваленні такога далёкага ад Ніжняга Тагіла Ляхавіцкага раёна, гадаваліся многія нашыя юныя землякі і, канешне, нашчадкі Пятра Южакова. Сёння імкнуцца паходзіць на прадзеда ягоныя праўнукі.
9 Мая родныя Южакова зноў будуць крочыць у калоне “Бессмяротнага палка”. Хто ведае, можа некалі нашчадкі камандзіра ўзвода аўтаматчыкаў лейтэнанта Пятра Южакова зноў завітаюць у Ляхавічы, пройдуцца па вуліцы імя прадзеда, схіляць галовы ля помніка загінуўшым воінам, дзе на мемарыяльнай пліце радком – ягонае прозвішча.
…Вуліца Южакова летам патанае ў зелені, імчацца па ёй машыны, спяшаюцца па справах ляхавічане. Час не стаіць на месцы, а светлая памяць пра героя жыве.
Наталля  ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва  сям’і Пятра Южакова. Рэдакцыя ўдзячная ўнучцы Пятра Южакова — Вользе Кузняцовай – за прадастаўленыя  матэрыялы.

Доўгачаканая сустрэча. Сястра Пятра Южакова са следапытамі СШ № 2 ля брацкай магілы ў Ляхавічах, дзе пахаваны герой. 1974 г.

Нашчадкі Пятра Южакова шануюць памяць пра гераічнага прадзеда.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *