Маршрут памяці

5 мая 2016 года. Поўдзень. Каля брацкай магілы ў вёсцы Грушаўка цішыня. Нават дрэвы нібы застылі, не калышацца лісце. Але раптам наваколле напаўняецца галасамі. Гэта навучэнцы і выкладчыкі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа – удзельнікі традыцыйнага майскага, напярэдадні Дня Перамогі спартыўна-патрыятычнага аўтапрабегу. Жарскія–Рэйтанава–Грушаўка – такі маршрут у яго ўпершыню.
…У брацкай магіле ў Грушаўцы пахаваны больш за 40 савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна ад гітлераўскіх акупантаў. Прозвішчы васьмі герояў устаноўлены. Самаму малодшаму – Мікалаю Бабічуку – было 23 гады, старэйшаму – Аляксандру Кулікову – 34. Ім бы жыць ды жыць… Як і 20 мірным грамадзянам, расстраляным гітлераўцамі ў 1941 годзе і пахаваным у брацкай магіле ў Жарскіх. Спыніліся ўдзельнікі аўтапрабегу і ля месца расстрэлу фашыстамі яўрэяў у Рэйтанава.
Да ўсіх помнікаў ускладзены кветкі і вянкі. І абавязкова была хвіліна цішыні, хвіліна маўчання.
А маршрут памяці меў працяг: “аўтапрабежчыкі” наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай, павіншавалі іх з надыходзячым Днём Перамогі, пагаварылі пра жыццё.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *