Сын салдата, ці Яблыні цвітуць

І гэтыя неверагоднай прыгажосці бела-ружовыя яблыневыя сполахі прапісаны на майскай тэрыторыі, як і ён, народжаны ў дзявяты дзень мая. Праз год пасля таго, як ягоны бацька, салдат Вялікай Айчыннай, адсалютаваў Перамозе. Перад вайной моцны сібірак Павел Лейчанка адслужыў тэрміновую. А пасля здарыліся і ў яго лёсе вайна і фронт. Дэсантнік, смяльчак, ён абараняў Маскву, як у песні пяецца, паў-Еўропы пракрочыў, паўзямлі. Вестка аб Перамозе напаткала ў Аўстрыі.
Быў на ваенных шляхах-дарогах Паўла Лейчанкі і беларускі горад Слуцк, які падарыў яму надзею і Надзею, і куды пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся. Дзяўчына, якая чакала, стала яму жонкай і маці іх чацвярых сыноў. Даўно няма на свеце франтавіка Паўла Лейчанкі, чыё сэрца поўнілася любоўю да жыцця, Радзімы, сям’і. Але ён працягваецца ў дзецях, унуках, праўнуках…

Старэйшага сына Леаніда землякі добра ведаюць: без малога 40 гадоў ён узначальвае мясцовы кансервавы завод. Тую самую вытворчасць, якая фасуе… лета ў слоікі. І прыхільнікі экалагічна чыстай прадукцыі маюць круглы год да стала агароднінныя кансервы, сокі шматлікіх найменняў, варэнне, нарыхтоўкі для першых страў, соусы і г.д.

Прадпрыемства, якое было створана ў першыя пасляваенныя гады, стала адкрытым акцыянерным таварыствам. Мадэрнізаваная вытворчасць, класны калектыў прафесіяналаў, даўняя адметнасць кансервавага – яго падсобная гаспадарка і іншыя акалічнасці працуюць на паспяховасць. Высакаякасныя, смачныя, прымальныя па цане прапановы спажыўцы ацанілі і з задавальненнем набываюць прадукцыю Ляхавіцкага кансервавага.

А там даўно ва ўсю валадарыць вясна. І па асартыменце гэта бачна: то слоікі з бярозавікам ідуць з канвеера, то бярозавік у купажы з яблычным, клубнічным, вішнёвым і нават з экзатычных трапічных фруктаў сокамі. На палях падсобнай гаспадаркі і ўвогуле ідзе зрэзка шчаўя. Ужо ёсць каля пяцідзесяці тон   першага майскага зяленіва, якое ў перапрацаваным выглядзе зноў стане адной з “фішак” тутэйшага асартыменту – шчаўевым пюрэ для супоў-халаднікоў. Дарэчы, яго выпускае ўсяго пара-тройка беларускіх кансервавых прадпрыемстваў.

– Ёсць у нас, канешне, і праблемы. Прадпрыемства выплачвае крэдыт, узяты на будаўніцтва новага цэха. Вядома і пра няпросты шлях да сэрца пакупніка пры даволі сур’ёзнай канкурэнцыі на рынку прадукцыі. Стараемся не згубіцца, не страціць сваіх спажыўцоў. Вельмі хочам, каб традыцыі, якія склаліся за амаль сем заводскіх дзесяцігоддзяў, прымнажаліся і сёння, – Леанід Лейчанка, як заўсёды, нешматслоўны. – Галоўнае, што працуем, імкнёмся, намагаемся – жывём пад мірным небам.

Думаю, што ў гэтыя майскія дні, калі зноў пакрыліся квеценню яблыні, ён, сталы чалавек, вопытны кіраўнік, дырэктар старэйшага ў раёне прамысловага прадпрыемства, найбольш моцна адчувае сябе ў іншай іпастасі – сынам салдата Вялікай Айчыннай. Успамінае бацьку і гатовы расказваць пра яго зноў і зноў.

Мяркую, калі б гэта было магчымым, Павел Лейчанка сказаў   бы Леаніду Лейчанку: малайчына, сын!

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Івана КАВАЛЕНКІ і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

З УЗНАГАРОДАЙ!
Граматай Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у павышэнне   эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемства, сацыяльна-эканамічнае   развіццё раёна ўзнагароджаны   Леанід ЛЕЙЧАНКА, дырэктар   ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *