Вайна і мір Мікалая Яцко

Малой радзімай Мікалая Яцко з’яўляецца Ельскі раён Гомельшчыны. Тут, каля 9 дзясяткаў гадоў таму, нарадзіўся, вучыўся і вучыў, адсюль пайшоў на вайну. У 1941-ым гэта здарылася, зусім адразу пасля яе пачатку. Што перажыў і вынес, якія выпрабаванні давялося перажыць на доўгім — працягласцю амаль у 5 гадоў — франтавым шляху, можна толькі здагадвацца. Ды меркаваць па сціплых, не без характэрных яму іроніі і самаіроніі ўспамінах заслужанага ветэрана. 20 гадоў таму Мікалай Несцеравіч перабраўся на Ляхавіччыну, стаў жыхаром Куршынавіч. І цяпер, калі ўжо і ўзрост напаткаў шаноўны, іншы раз успамінаецца вайна.

Гэты дзень, 3 ліпеня 1944 года, яны набліжалі, як маглі, — дзясяткі дывізій ў складзе армій некалькіх франтоў, сотні тысяч салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі. Сярод удзельнікаў аперацыі «Баграціён», стратэгічным вы-нікам якой стала вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, быў і Мікалай Яцко. Вопытнейшы, хрышчаны шматлікімі баямі, правераны не адным ужо разведвыхадам баец — старшына, разведчык стралковага палка 3-га Беларускага фронта.

Наступальны парыў палка, прыгадвае ветэран, «упёрся», разбіўся нават аб водную перашкоду. Фарсіраваць Нёман, на супрацьлеглым беразе якога замацаваліся ў абароне немцы, з ходу полк не стаў: шматлікія людскія страты былі гарантаваны, пры гэтым ніякай гарантыі на поспех, што задача будзе выканана. Ваенная хітрасць гэта ці стандартны ў анала-гічных сітуацыях тактычны прыём, меркаваць не бяромся, ды і не прынцыпова. Сутнасць у наступным: перш, чым на фарсіраванне ракі пойдуць асноўныя сілы палка, падобнае належала зрабіць роце разведкі — у якасці адцягваючага ўвагу і сілы немцаў манёўра і на некаторай адлегласці ад месца асноўнага фарсіравання.

На самаробных, з бярвення плытах разведчыкі, сярод якіх быў і старшына Яцко, па камандзе пайшлі на другі бераг. Артылерыйска-кулямётны шквал падняў у паветра і апусціў на дно не адзін плыт з воінамі. Загінулі многія, але частка разведчыкаў усё ж такі дабралася да супрацьлеглага берага. Дабрацца — дабраліся, аднак, замацавацца разведрота (або тое, што ад яе засталося) — не здолела.

Аднак жа задачу ніхто не адмяняў, і хутка была зроблена другая спроба. Рота атрымала падмацаванне, адбыліся некаторыя карэктыроўкі з улікам першага няўдалага вопыту, і пастаўленая задача была выканана. Перадавы атрад не толькі ўзяў другі бераг Нёмана, але і ў наступальным парыве адкінуў фашыстаў на многія сотні метраў. Дарога была пракладзена, і ў хуткім часе на штурм ракі пайшлі асноўныя сілы палка.

Гэта толькі адзін эпізод франтавога шляху Мікалая Яцко. Па-ваеннаму яркі, ён цікавы яшчэ і тым, што мае самыя непасрэдныя адносіны да беларускай вызваленчай аперацыі, з’яўляецца яе часткай, боем мясцовага значэння, магчыма. Аднак, дзякуючы іменна такім баям і была атрымана тая зусім не мясцовая, а сусветнай значнасці перамога.

Вялікую Айчынную Мікалай Несцеравіч завяршыў у Прусіі. Пры тым, што вайна для яго і яго аднапалчан на гэтым не закончылася. У складзе адпаведнага кантынгенту вайсковую часць накіравалі на Далёкі Усход, для ўдзелу ў так званай японскай кампаніі. І толькі там у студзені 1946 года прыйшло звальненне ў запас. Прыехаў на Гомельшчыну і, хоць не адразу, аднак жа, вярнуўся да сваёй даваеннай прафесіі настаўніка. Доўгі час кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1 ступені, медалёў «За баявыя заслугі», «За Перамогу над Германіяй», «За Перамогу над Японіяй» і цэлым іканастасам іншых узнагарод узначальваў пачатковую школу.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *