На абед – у “Ластаўку”

Сёння прафесійнае свята адзначаюць работнікі спажывецкай кааперацыі – прадаўцы і тавара-знаўцы, бухгалтары і эканамісты, прадстаўнікі ўсіх падраздзяленняў і прадпрыемстваў райпо. У тым ліку, канешне, і працаўнікі грамадскага харчавання.

Віншаванні з прафесійным святам атрымлівае і калектыў рэстарана “Ластаўка”, што ў райцэнтры.

Установа гэтая карыстаецца папулярнасцю і ў мясцовых  жыхароў, і ў гасцей горада.

Менавіта тут многія ляхавічане святкуюць юбілеі, вяселлі, праводзяць карпаратыўныя мерапрыемствы. Прычына такой папулярнасці – выдатная кухня і абслугоўванне на вышэйшым узроўні.

Апетытныя, з густам аформленыя стравы, прыгатаваныя па-майстэрску і ад душы поварам-брыгадзірам Нінай Жыжа і поварам Вольгай Койпіш заўсёды становяцца галоўным упрыгожваннем любога стала. Ніна Жыжа ў кулінарнай справе больш за 30 гадоў, з іх  27 працуе менавіта ў “Ластаўцы”. Сёлета да прафесійнага свята Ніна Аляксандраўна ўзнагароджана граматай Белспажыўсаюзу.

У выпускніцы Баранавіцкага тэхналагічнага тэхнікума і Магілёўскага ўніверсітэта харчавання Вольгі Койпіш стаж меншы – 7 гадоў, але гатуе яна таксама выдатна і з любоўю. Пра прафесіяналізм і прызнанне гаворыць і тое, што Вольга Койпіш сёлета атрымала Ганаровую грамату праўлення аблспажыўсаюзу і абкама прафсаюза работнікаў спажыўкааперацыі.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *