Ход канём

Да многіх жыхароў раёна з вясной прыходзяць і клопаты пра агарод: капаць,сеяць, садзіць. Заўзятыя аматары пакорпацца ў зямлі атрымліваюць ад гэтага сапраўдную радасць. Хаця і падводных камянёў хапае: адзін з іх – заараць участак. З гэтай праблемай агароднікі і дачнікі сутыкаюцца штогод. Дзе знайсці чалавека з канём або трактарам? Пытанне ўжо з пачатку красавіка турбавала многіх. Знаходзяць варыянты, параўноўваюць па кошце. Галоўныя дзеючыя асобы пасяўнога сезона – уладальнікі коней. Пашчасціць дамовіцца – лічы, паўсправы зроблена. Дарэчы, за сотку яны бяруць у сярэднім ад 45 да 60 тысяч рублёў, і няма адбою ў жадаючых запісацца. Калі звычайны дачны ўчастак 10 сотак, рыхтуй кругленькую суму.
Якія альтэрнатывы і варыянты прыватнікам? Такія ёсць, праўда, вельмі мала. На актуальны запыт ці можна выпісаць трактар ці каня, каб апрацаваць дачны ўчастак альбо агарод, адказ амаль паўсюдна аднолькавы: такую паслугу не аказваем. Чаму? Пералічваліся розныя прычыны: адсутнасць тэхнікі ці прыстасаванняў да яе, нявыгаднасць і г.д.
Яшчэ некалькі гадоў назад кожны жадаючы без праблем мог заказаць каня для апрацоўкі глебы ў ЖКГ. Сёлета такой паслугі камунгас не аказвае: няма каня.
Не выязджае апрацоўваць прысядзібныя ўчасткі, дачы і камунгасаўскі мультыкультыватар, які не падрыхтаваны да сезона і знаходзіцца ў нерабочым стане. Хаця менавіта арганізацыя, якая і спецыялізуецца на аказанні паслуг насельніцтву, павінна забяспечыць своечасовасць, максімальную паўнату і якасць такіх паслуг, тым больш – запатрабаваных. Ды і сродкі, атрыманыя за апрацоўку глебы, лішнімі для Ляхавіцкай ЖКГ не былі б.
У райаграсэрвісе, каб атрымаць у часовае карыстанне трактар ці каня, трэба тэлефанаваць непасрэдна першаму намесніку дырэктара. Дазваніцца да яго карэспандэнту “ЛВ” так і не ўдалося.
Такім чынам у раёне, можна сказаць, адзіны манапаліст араты – райпо, а дакладней яго філіял “Кааптранс”, які прапануе адпаведныя паслугі ўсім жадаючым. Кошт за адну гадзіну работы трактара – 150 тысяч рублёў. У райпо паведамілі, што паслуга каторы год надзвычай запатрабаваная. Сёлета, напрыклад, у красавіку жадаючыя ў чаргу запісваліся: трактар працаваў з ранку да позняга вечара, у маі ажыятаж спаў.
Значна прасцей работнікам прадпрыемстваў і арганізацый, якія маюць падсобную гаспадарку і (ці) каня, – напрыклад, кансервавага завода, райбальніцы, сельгаспрадпрыемстваў і г.д: выпісаў, заплаціў грошы, карыстайся.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *