Торт ад медсястры

Валянціна Есіс (у цэнтры), Вольга Глушкоўская і Ганна Масель.

13 мая некаторыя медсёстры цэнтральнай раённай бальніцы пайшлі са сваіх рабочых месцаў і… не вярнуліся. Чаму? Экзаменаваліся, спявалі, танцавалі, ігралі на гітары, чыталі вершы і г.д. на конкурсе ”Лепшы па прафесіі”. Праходзіць ён, як правіла, у маі і прымеркаваны да міжнароднага дня медыцынскіх сясцёр.

Удзельніцы конкурсу ”Лепшы па прафесіі”.

На гэты раз усё было вельмі ўрачыста, прыгожа, конкурс дапамог адчуць яго ўдзельніцам важнасць сваёй прафесіі і парадавацца за маладое пакаленне медыкаў, якое штогод папаўняе штат райбальніцы. Адміністрацыя і прафкам клапоцяцца, каб навічкі засталіся тут на пастаяннае месца працы. Маладым спецыялістам на 10 працэнтаў павышаецца тарыфны аклад. Згодна калектыўнага дагавора яны штомесяц на працягу двух гадоў атрымліваюць за інтэнсіўную работу дадатковыя 30 працэнтаў акладу; тыя, хто прыйшоў па размеркаванні пасля заканчэння каледжаў, – адзін дадатковы аклад, плюс кожны месяц 2 базавыя велічыні за арэнду жылля, калі ёсць адпаведны дагавор. Хто мае патрэбу, забяспечваецца інтэрнатам.
Навічкам, якія ў жніўні з дыпломамі медкаледжаў папоўняць калектыў, ёсць з каго браць прыклад. І гэта яшчэ раз пацвердзіў конкурс прафесійнага майстэрства, удзельніцы якога даказалі: яны – высокакваліфікаваныя, чулыя, добрыя, кампетэнтныя і надзвычай таленавітыя.
У “візітоўцы” канкурсанткі расказ-валі пра сябе, шлях у прафесію, прэзентавалі структурнае падраздзяленне, у якім працуюць. Журы ў складзе прадстаўнікоў адміністрацыі, урачоў, іншых вопытных медыцынскіх работнікаў праэкзаменавала медсясцёр. Самым захапляльным, багатым на сюрпрызы атрымалася хатняе заданне. Адны кампазіцыі пахлі вясной, другія – прысмакамі, трэція пераліваліся бісерам…
Гэта было сапраўднае шоу талентаў, у якім удзельнічалі не толькі канкурсанткі, але і члены іх сем’яў, а таксама калегі. Сапраўдны кулінарны шэдэўр з тартоў прыгатавалі медсястра неўралагічнага аддзялення Алена Багеша, кексы – медсястра райпаліклінікі Валянціна Есіс, якой дапамагалі дочкі. Вышыванкі медсястры фізіятэрапеўтычнага аддзялення Ганны Масель прадэманстравалі яе калегі. А якую ікону зрабіла з бісеру медсястра неўралагічнага аддзялення Вольга Глушкоўская. Яна, дарэчы, у прафесіі – 23 гады.
Журы было складана, пра што сказаў яго старшыня, галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч:
– Любая з удзельніц дастойна перамогі, усе яны знайшлі сябе ў прафесіі: строгія, але справядлівыя, акуратныя, дысцыплінаваныя і ўважлівыя, выдатныя спецыялісты. Слова кожнай мае вагу ў калектыве. А якія таленавітыя!
Першае месца ў прафесійным конкурсе прысуджана Валянціне Есіс, другое – Вользе Глушкоўскай, трэцяе – Ганне Масель.
Старшая медсястра райбальніцы Ала Туркіна пераканана, што такія конкурсы на карысць справе, яны павышаюць прэстыж прафесіі, спрыяюць прафесійнаму росту. Прыемна, што поплеч з вопытнымі калегамі заяўляла пра сябе моладзь.
Пераможцы і ўдзельнікі ўзнагароджаны граматамі, дыпломамі і падарункамі, усіх чакаў святочны канцэрт.
І яшчэ адзін прыемны момант. З цеплынёй і ўдзячнасцю звярнуліся да Сяргея Сяржантава, які доўгі час узначальваў райбальніцу, старшыя медсёстры аддзяленняў. Сяргей Міхайлавіч прымаў іх на работу, тады маладых, нявопытных. Падтрымліваў, дапамагаў, падказваў. І яны не падвялі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *