Калі ласка, да вады

Цёплае надвор’е спрыяе паступоваму “засяленню” зон адпачынку аматарамі купання і загару. Пытанне гатоўнасці гэтых аб’ектаў да купальнага сезона на кантролі ўлады. Як адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч на адной з апаратных нарад, усё, што звязана з бяспекай людзей, не церпіць раўнадушша і павярхоўных адносін.
У раёне вызначаны тры афіцыйныя зоны масавага адпачынку: пляжы на рацэ Ведзьма ў райцэнтры, на Шчары ў аграгарадку Дарава і ў аздараўленчым лагеры “Чайка”. Першыя дзве замацаваны за камунгасам, за тэрыторыю трэцяй, якая прызначана для адпачынку выключна насельнікаў летніка, адказвае аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Марыя Цітко пералічвае зробленае. Вадалазы Баранавіцкай выратавальнай станцыі абследавалі і ачысцілі дно вадаёмаў усіх трох зацверджаных для адпачынку месцаў, падрыхтаваны інфармацыйныя стэнды пра меры засцярогі пры купанні і знакі, што акрэсліваюць межы зон адпачынку. На іх тэрыторыі падфарбаваны лаўкі, кабінкі для пераапранання, зроблены касметычны рамонт іншых прылад. З пачатку мая на выратавальным пасту на рацэ Ведзьма дзяжураць матросы-выратавальнікі, якія прайшлі вучэбныя трэніроўкі і заняткі па аказанні першай меддапамогі пацярпелым. Адрамантаваны дашчаты насціл пірса, выстаўлены абмежавальныя буйкі. У “Чайку” набыты ценевыя навесы, інфармацыйны стэнд.
У спякотны дзень ля востраўскай саджалкі яблыку няма дзе ўпасці. Пры гэтым тут і яшчэ на двух вадаёмах – Ляхавіцкім і ў Сакунах – купанне забаронена. Прычына – дно саджалак не прыстасавана для купання. Тут дазваляецца лавіць рыбу. Кіраўнікі арганізацый – гаспадары вадаёмаў, у падпарадкаванні якіх яны знаходзяцца, праінфармаваны аб неабходнасці безумоўнага выканання забароны. Да таго ж, купанне ў незнаёмых, не ўстаноўленых для гэтага месцах цягне накладанне штрафу ў памеры ад адной да трох базавых велічынь.
Свае намаганні па забеспячэнні бяспекі людзей на вадзе, ахове іх жыцця, здароўя, парадку аб’яднаюць РАНС, Асвод, БРСМ,РАУС.
Начальнік райаддзела міліцыі Эльдар Вільчкоўскі нагадаў, што за распіццё алкагольных напіткаў у грамадскіх месцах прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф у памеры да 15 базавых велічынь, можна нават “заслужыць” адміністрацыйны арышт.
…8 мая, пачатак адзінаццатай гадзіны. Пляж ракі Шчара ў аграгарадку Дарава сустракае цішынёй, якую часам парушаюць рыбакі. І хоць на вуліцы спёка, водная гладзь жадання паплаваць не выклікала – каб дабрацца да вады, трэба спачатку пераадолець “лес” з расліннасці і яе рэшткаў. Каля “грыбкоў” – пустыя бутэлькі, смецце, рэшткі вогнішча…
Такая ж карціна і ў аб’екце прыдарожнага сэрвісу недалёка ад рэчкі. Развешаныя там плакаты заклікаюць адпачываючых да парадку і чысціні, але не на ўсіх такі заклік мае ўплыў – вакол мноства слядоў ад застолляў.
12 мая спецыяльна створаная камісія праверыла гатоўнасць месцаў масавага адпачынку ля вады да купання і выдала дазвол на іх выкарыстанне – санітарныя і іншыя нарматыўныя патрабаванні вытрыманы. Мусіць, за некалькі дзён парадак там наведзены. Калі ласка, да вады.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *