Дэлегаваны раёнам /фота/

Дэлегаты на пяты Усебеларускі сход ад Ляхавіцкага раёна.

Усебеларускі народны сход практычна пачаўся, паколькі вылучэнне дэлегатаў, кандыдатаў для ўдзелу ў ім – гэта ўжо практычна Усебеларускі народны сход, зазначыў намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі перад пачаткам рэспубліканскай нарады ідэалагічнага актыву 17 мая ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце.

Краіна рыхтуецца да пятага Усебеларускага народнага сходу. У атмасферы аднадушнасці, з жаданнем выбраць самых дастойных прайшоў у мінулы аўторак сход упаўнаважаных – прадстаўнікоў працоўных калектываў нашага раёна. 173 упаўнаважаныя сабраліся ў вялікай зале райвыканкама. Адчувалася, што сваю місію яны ўспрымаюць з надзвычайнай адказнасцю і разуменнем важнасці і важкасці падзеі, якая адбудзецца 22-23 чэрвеня ў Беларусі – у Мінску. Падагульненне зробленага за прайшоўшую пяцігодку і вызначэнне галоўных задач і канкрэтных напрамкаў развіцця на 2016-2020 гады – у цэнтры ўвагі.
Ад Ляхавіччыны на Усебеларускі народны сход абраны сямёра ўдзельнікаў, якія прадстаўляюць розныя сферы дзейнасці.  Дэлегаваны раёнам старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. Кіраўнікі мясцовай выканаўчай і заканадаўчай улады, як ніхто іншы, у адказе за развіццё рэгіёна.
Сярод дэлегатаў – дырэктар СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Вячаслаў Жукоўскі. Пад кіраўніцтвам Вячаслава Уладзіміравіча прадпрыемства мадэрнізавана, стабільна развіваецца вытворчасць, умацоўваецца эканоміка. Завод вядомы далёка за межамі Брэстчыны. Яго прадукцыя трывала заваявала сэрцы пакупнікоў.
Педагог, намеснік дырэктара гімназіі г. Ляхавічы Святлана Ермаковіч вызначаецца высокім прафесіяналізмам і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, настаўніцкімі інавацыямі, сваім стаўленнем да працы, калег, любоўю да дзяцей, адказнасцю за справу і творчы настрой у калектыве.
Вядучы спецыяліст па маркетынгу ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ і старшыня савета моладзі Дзмітрый Багушэвіч заслужыў павагу і равеснікаў, і ветэранаў вытворчасці.
Строгая, патрабавальная да сябе і калег, сапраўдны профі ад медыцыны, галоўная медсястра райбальніцы Ала Туркіна не лічыцца з асабістым часам, калі работа патрабуе яе прысутнасці звыш нарматыўна ўстаноўленых гадзін. Яна адказвае за працу і прафесійны рост сярэдняга медыцынскага персаналу, за санітарна-гігіенічны стан устаноў аховы здароўя, за парадак на тэрыторыі і… усяго не пералічыш, з чым яна паспяхова спраўляецца.
Пра механізатара СВК «Ляхавіцкі» Віктара Кардаша можна расказваць бясконца. Але адзначым самае галоўнае: ён ведае цану хлеба, у час жніва з ранку да цямна на ўборачнай.
І круглы год працуе на зямлі, якую любіць і па-гаспадарску даглядае.
Ляхавіччына назвала сваіх прадстаўнікоў на галоўны сход пяцігоддзя. І зрабіла гэта прадумана, душэўна, надзвычай адказна і шчыра. Настроенасць на справы ў землякоў пазітыўная.
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *