Будзем трымацца законаў бяспекі

Любімы, высокааплатны, бяспечны. Пры выбары працоўнага занятку многія бяруць за аснову іменна гэтыя крытэрыі. З іх два першыя, канешне, не догма і не абавязаны выконвацца. З бяспекай працы ўсё наадварот: дакладнасць выканання законаў, нормаў і патрабаванняў аховы працы з’яўляецца жалезным правілам. Для кожнага з бакоў і ўдзельнікаў працэсу. Прадпрыемствы, арганізацыі, установы павінны стварыць работніку бяспечныя ўмовы працы, работнік жа абавязаны не адступаць ад іх ні ў якім разе. Крок управа-ўлева можа мець “нездаровыя” наступствы.
У дадатак да таго, што красавік з’яўляецца перыядам гарачых веснавых работ, для сельскагаспадарчых арганізацый раёна ён быў аб’яўлены яшчэ і месячнікам бяспекі працы.
Наколькі ў адпаведнасцямі з правіламі АП гаспадарнікі аруць і сеюць, рыхтуюць глебу і ўносяць “хімію” ці арганіку, рамантуюць і абслугоўваюць тэхніку? Як растлумачыў галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуць, іменна гэтыя пытанні знаходзіліся ў фокусе ўвагі спецыяльнай мабільнай групы, створанай у райвыканкаме.
Не ўсё гладка ў забеспячэнні бяспечнага працоўнага парадку. Парушэнні выяўлены практычна ў кожнай гаспадарцы. У адных выпадках – даволі бяскрыўдныя, да ліку якіх можна аднесці, напрыклад, несвоечасова абноўленыя, а таму “цьмяныя”, не адразу зразумелыя надпісы на тэхналагічным абсталяванні. У іншых – сур’ёзныя, якія  тояць у сабе рэальную пагрозу здароўю работнікаў. У той жа час, па меркаванні спецыяліста, уражвае тыповасць гэтых самых парушэнняў, іх “заезджанасць”. Хоць і ў рознай інтэрпрэтацыі але, на жаль, паўтараюцца яны з незайздроснай рэгулярнасцю: адсутнасць засцерагальных канструкцый – кажухоў – вакол карданных, ланцуговых, раменных перадач, замест спецыяльных металічных козелцаў – выкарыстанне ў якасці апорных падставак пад тэхніку драўляных калодак, невыкарыстанне супрацьадкатных прыстасаванняў падчас рамонту машын. Кожнае з пералічаных “дапушчэнняў” можа прывесці да вельмі сур’ёзных непрыемнасцяў, з’яўляецца патэнцыяльна вельмі траўманебяспечным. На бяду многа не трэба: адзін неасцярожны рух можа стаць прычынай “зацягвання” ў карданны вал. Хоць на справе прычына іншая – адсутнасць ахоўнай агароджы вакол канструкцыі. Драўляная калодка можа, канешне, і папрацаваць у якасці апоры. Але да часу: у нейкі не лепшы момант разбураецца, з магчымымі “нездаровымі” наступствамі.
У адной з гаспадарак мабільная група выявіла факт эксплуатацыі няспраўнага грузапад’ёмнага механізма. На фоне ўсяго пералічанага, адсутнасць фіксатараў варот рамонтна-механічных майстэрняў у асобных сельгаспрадпрыемствах здаецца не такім ужо і злосным парушэннем правілаў тэхнікі бяспекі. Але ж калі змадэляваць сітуацыю з мэтай яе недапушчэння: цяжкія, масіўныя, вялікай паруснасці і ніяк не зафіксаваныя вароты. Яны надзвычай лёгка “ловяць” вецер і прыходзяць у рух, уяўляючы яўную патэнцыяльную пагрозу. Таму, як сведчыць практыка і як падказвае логіка, дробныя-нядробныя, значныя-нязначныя, абавязковыя-неабавязковыя – гэта не пра ахову працы, не аб правілах тэхнікі бяспекі на вытворчасці. Кожны пункт і падпункт ПТБ з’яўляюцца догмай і абавязковыя для выканання. Кіраўнікі арганізацый, структурных падраздзяленняў, участкаў абавязаны стварыць сваім работнікам бяспечныя ўмовы працы, апошнія – выконваць іх ад першага да апошняга пункта.
Але ж не парушэннямі адзінымі: упор на іх зроблены выключна дзеля напаміну – яшчэ аднаго, пісьмовага, каб прачытаць, усвядоміць і больш не дапускаць.
Мікалай Бурбуць адзначае і станоўчыя зрухі ў ахове працы ў аграрным сектары раёна. Аднаўляюцца, абнаўляюцца, па-сучаснаму даабсталёўваюцца, напрыклад, пральнымі ма-шынамі-аўтаматамі бытавыя памяшканні, становіцца больш ашчаднасці з забеспячэннем працаўнікоў спецадзеннем і спецабуткам, іншае.
Але ўсё індывідуальна, і на кожным з прадпрыемстваў па-рознаму. Самыя-самыя выдатнікі па прадмеце “Ахова працы” ўжо вызначаны і хутка атрымаюць заслужаныя прызы. Дыпломы з грашовым дапаўненнем, цёплыя словы віншавання, пажаданні далейшых поспехаў, развіцця вытворчасці на падставе выключна бяспечнай працы.
Кампетэнтная камісія падвяла вынікі штогадовага раённага агляду-конкурсу на званне “Лепшая арганізацыя работы па ахове працы”. Пазмагацца за тытул пажадалі 23 арганізацыі Ляхавіччыны розных сфер і напрамкаў дзейнасці, дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасці. Такі момант: каб толькі заявіцца ў якасці ўдзельніка, неабходна мець адпаведнасць, выканаць не адно патрабаванне. Напрыклад, чырвонае святло запальвалася перад прадпрыемствамі, дзе на працягу конкурснага года адбываліся няшчасныя выпадкі. І гэты пункт адборачнага сіта не прайшлі пяць арганізацый.
Спіс лідараў кароткі: пераможцамі раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў 2015 годзе ў сваіх намінацыях сталі УП “Ляхавіцкае ПМС”, СВК “Жарабковічы”, СТАА
“Бляшаначны завод “Інтэрлак”.
У шэрагу намінацый званне і ўзнагароды не знайшлі сваіх герояў. Прычына – у невыкананні асобных конкурсных патрабаванняў.
І крыху вытворчай лірыкі. Цікавым паказаўся крэатыў аднаго з прадпрыемстваў, размешчанага па-за межамі вобласці. Уваходныя на вытворчасць дзверы маюць люстраную паверхню. А на ўзроўні вачэй кідкі надпіс: “За тваю бяспеку адказвае гэты чалавек!”.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *