Напярэдадні

Прэтэнзіі да надвор’я ўзнікаюць на працягу ўжо больш як месяца. Спачатку ў канцы мая-першай дэкадзе чэрвеня – з нагоды яго анамальнай гарачыні, а апошнім часам  па прычыне абсалютна супрацьлеглага характару – з-за  бясконцых дажджоў. Дзе ж залатая сярэ-дзіна, калі дачакаемся характэрнага для нашых шыротау умеранага лета, – можна гадаць. Рэальным жа з’яўляецца факт: на зерневыя палеткі Брэстчыны незаўважна прыйшла пара ўборкі. На асобных палетках, асобных рэгіёнаў, прынамсі. Па стану на мінулы панядзелак, так ці інакш да ўборкі азімага ячменю прыступілі ўжо гаспадаркі шасці раёнаў вобласці. Па словах галоўнага агранома райсельгасхарчу Мікалая Каплынова, калі б не дажджы, Ляхавіцкі таксама мог бы выбарачна стартаваць на ўборцы азімага ячменю. Параўнальна высокія, пераважна пясчаныя ўчасткі гэтай культуры ўжо дастаткова спелыя.

Убіраць належыць каля 300 гектараў плошчаў, “раздробленых” па шасці сельгасарганізацыях раёна: ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, СВК “Ордэна “Знак  Пашаны” Кастрычнік”, “Тальмінавічы”,  ДП “Нача”, ЗТАА “БелДан”.

Між тым, уборка траў другім укосам вядзецца ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна. З-за дажджоў тэмпы, канешне, не максімальныя, аднак, прыкладна чацвёртая частка запланаваных пад другі ўкос 6500 гектараў плошчаў ужо ўбрана. Найбольш актыўнымі і настойлівымі падаюцца намаганні СВК “Шлях новы”, “Дарава”, асобных іншых.

У цэлым жа, з улікам сабранага першым укосам, АПК раёна нарыхтаваў у сярэднім 6,32 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў на адну ўмоўную галаву жывёлы. Лічба некалькі саступае аналагічнай леташняй. “Засушаныя” ў канцы вясны-напачатку лета травы на ўраджай аказаліся бяднейшымі. Некаторыя сельгаскааператывы здолелі назапасіць па 9, і 10 і 13 цэнтнераў гэтых самых кармавых адзінак, іншыя – значна менш. Напрыклад, у пераразліку на адну ўмоўную галаву, СВК “Жарабковічы” залажыў, па стану на 4 ліпеня, 1,66 цэнтнера кормаадзінак. Як лічыць Мікалай Каплыноў, “Жарабковічам” у найбольшай ступені, а таксама  многім іншым сельскагаспадарчым арганізацыям раёна неабходна надаць максімальна сур’ёзную ўвагу сяўбе паўкосных культур. Гэта можа быць пайза – у чыстым выглядзе альбо ў сумесі з асобнымі іншымі культурамі. Пад паўкосныя можна пусціць малапрадукцыйныя кавалкі пасеваў шматгадовых траў, участкі, якія падлягаюць перазалужэнню і інш. Менавіта за кошт наступнай паўкоснай уборкі магчыма, ў пэўнай ступені кампенсаваць недабор кармоў са шматгадовых траў.

Паўкосная сяўба, упэўнены галоўны аграном райсельгасхарчу, уяўляе цікавасць яшчэ і з другога боку. З часам трава губляе сваю пажыўнасць: і чым далей, тым больш. Для таго, каб не дапусціць “запраграмаванага” ў такім выпадку падзення ўдойнасці статкаў, акрамя атрыманага на пашы, каровам неабходна зялёная падкормка. Для яе нярэдка выкарыстоўваецца кукуруза. Аднак, калі дастаткова паўкосных, пускаць на падкормку мэтазгодна іменна іх. Хоць бы таму, што ў поўным аб’ёме захоўваецца кукуруза, якую магчыма давесці да патрэбнай кандыцыі і дадаткова ўбраць на зерне. Не ўсе, аднак, гаспадаркі раёна спяшаюцца з сяўбой паўкосных.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *