Травень!
Над лугамі пахне свежаскошанымі травамі. Гэты гаркавата-салодкі пах ні з чым не зблытаеш, ён нібы бальзам на душу. Падбадзёрвае, абнадзейвае, падымае настрой. Але гэты, лірычна-рамантычны касавічны фон, аграрыяў хвалюе ў самай нязначнай ступені. Стаў звычкай, ды і часу дэфіцыт. Настрой – прагматычны, імкненні – на вынік. Добрым вынікам будзе лічыцца, калі ў максімальна кароткі тэрмін “падняць” максімальна “доўгі” запас якаснага сена і сенажу. За рашэнне задачы гаспадаркі раёна ўзяліся тыдзень назад. Асобныя раней, аднак, масавая касавіца доўжыцца ўжо іменна такі адрэзак часу. Нямала зроблена: больш як трэцяя частка травастойных плошчаў скошана, больш дзясятка тысяч тон сенажу пакладзена на захоўванне.
Так, асноўныя аб’ёмы корманарыхтовак вядуцца старым добрым траншэйным спосабам. Як паўтараюць знаўцы гэтай справы, у выпадку ашчаднага падыходу да тэхналогіі спосаб гарантуе якасць. Якасць жа сенажу, памножаная на яго колькасць, гарантуюць міжсезоннае багацце кармавога стала гуртоў жывёлы, што, несумненна, з’яўляецца адпраўной кропкай эканомікі сельгаспрадпрыемстваў.
Некаторыя з іх, зноў-такі – у пагоні за якасцю, усё больш і часцей выкарыстоўваюць плёначны метад кансервацыі сянажнай масы. 500-кілаграмовыя цыліндры падвяленай травы спецыяльны прэс-падборшчык вельмі спрытна і хутка “спавівае” ў поліэтыленавую плёнку. І ў гэтай справе, і адносна корманарыхтоўкі ўвогуле Ляхавіччына, між іншым, знаходзіцца ў ліку абласных лідараў.
З поліэтыленам працуюць ЗАТ “Белпрампрыбор”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, СВК “Ляхавіцкі” і “Шлях новы”. На касавічных палетках апошняга заўчора мы і пабывалі. Бліскуча ўпакаваныя “шпулі” запаўнялі, здавалася, усю прастору зялёнага поля, хаваліся за гарызонтам. Зрабіўшы сваю работу на даным участку, прэс-падборшчык прадоўжыў далейшае шчыраванне. Галоўны аграном сельгаскааператыва Аляксандр Рамейка раскрыў “зялёную” стратэгію і тактыку:
– Пакуль працуе адзін прэс, але нязначна часу – і адправім яму ў пару яшчэ адзін. Задзейнічаны 4 касілкі, столькі ж грабляў, варашылка, комплекс машын на закладцы траншэі, іншае. Першым укосам гаспадарцы трэба скасіць, убраць і належным чынам “прыбраць” 2200 гектараў угоддзяў. Акцэнт на сянаж: ставіцца задача пакласці ў траншэю11,9 тысячы тон і 2,5 – “спавіць” у плёнку.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Прочитала и словно сама побывала на сенокосе. Так ярко и выразительно журналист окунул в эту травяную пору.