Прафесійнае крэда педагога Ермаковіч

Калі за плячамі трыццаць гадоў педагагічнага стажу, але па-ранейшаму кожны дзень знаёмая дарога да школы, сустрэча з вучнямі і калегамі, кожны ўрок выклікаюць хваляванне і душэўную небудзённасць, такому чалавеку можна па-добраму пазайздросціць: ён у гармоніі са сваёй справай. Гэта і пра намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Святлану Ермаковіч.
У прафесіі яна адчувае сябе шчаслівым чалавекам, запатрабаваным педагогам, творчай асобай. А ў сукупнасці ўсё гэта ўвасабляецца ў цікавыя для вучняў і для яе ўрокі, у пошук самых уплывовых напрамкаў работы з бацькамі, у змястоўныя канферэнцыі, дыспуты, размовы з калегамі на любімую і заўсёды актуальную тэму: як лепш навучыць, як выхаваць сапраўднымі людзьмі, як засцерагчы ад памылковага кроку рабят, як дапамагчы ім вызначыцца з будучай прафесіяй і многае іншае.
Школа, сцвярджае Святлана Вікенцьеўна, гэта маленькая дзяржава, у аснове якой мудрая любоў да дзяцей. Яны ўсе па-свойму здольныя і таленавітыя, але ёсць сярод іх асабліва адораныя. Вось і сёлета другі раз вучаніца педагога Святланы Ермаковіч Ніно Квернадзе ўдастоена прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Так адзначаны поспехі дзяўчынкі па выніках абласной і рэспубліканскай прадметных алімпіяд, дыпломы І ступені па выніках рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі ў 2015 і 2016 гадах. Дарэчы, яшчэ адна гімназістка – Юлія Матчэня, якую рыхтавала настаўніца Людміла Раманенка, таксама адзначана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта.
– Святлана Вікенцьеўна – не толькі выдатны педагог, кампетэнтны кіраўнік, але і вельмі добразычлівы чалавек. Хаця без гэтай акалічнасці, мусіць, не спраўдзіцца сапраўдны настаўнік, – гаворыць пра калегу начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская. – Рада, што менавіта яна будзе прадстаўляць на пятым Усебеларускім народным сходзе сферу адукацыі нашага раёна.
А сама Святлана Ермаковіч не хавае свойго ўзрушання:
– Канешне, мне аказаны вялікі гонар – быць дэлегатам галоўнага форуму пяцігоддзя. Разумею, што гэта і вялікая адказнасць. Размова будзе пра самае галоўнае – пра шляхі далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай міралюбівай Беларусі. А як педагога мяне цікавяць тыя акцэнты, якія будуць зроблены па тэме адукацыі. Хвалюе пытанне павышэння прэстыжу вышэйшай адукацыі ўвогуле, педагагічнай –  у прыватнасці. Можа будзе закранута пытанне пра заўтрашні дзень гімназій з улікам увядзення профільнай адукацыі і многае іншае. Разумею тую адказнасць, якую накладае на мяне ўдзел ва Усебеларускім народным сходзе. Буду старацца ўвасобіць у справы давер’е сваіх землякоў.
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *