Медыйная прастора для рэгіёнаў

З нядаўняга часу, каб атрымаць прафесію журналіста, не трэба пакідаць межы Брэстчыны: шосты год на філалагічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна рыхтуюць кадры для СМІ рэгіёна. Першы выпуск адбыўся ў мінулым годзе, і вось ужо наступны гатовы ўліцца ў рады газетчыкаў вобласці.
Напрыканцы мая кіраўніцтва філалагічнага факультэта пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама правяло чарговы навукова-практычны семінар “Рэгіянальныя СМІ ў сучаснай медыйнай прасторы”.
Начальнік   аддзела па рабоце са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Вадзім Ляўковіч акрэсліў мэту сустрэчы, а дэкан філалагічнага факультэта Вольга Фелькіна расказала пра магчымасць атрымання журналісцкага дыплома практыкуючымі супрацоўнікамі газет. Творчае ўзаемадзеянне кафедры журналістыкі з рэдакцыямі, эфектыўнасць і сістэмнасць вытворчай практыкі, зваротная сувязь з чытачамі і многія іншыя пытанні абмяркоўвалі газетчыкі, супрацоўнікі ўніверсітэта і студэнты. Дыялог, які прайшоў у добразычлівай атмасферы, для будучых журналістаў – своеасаблівы майстар-клас.
Дарэчы, прымаць удзел ва ўніверсітэцкім семінары давялося не ўпершыню. І кожны раз адзначаеш, як цёпла, па-бацькоўску клапоцяцца тут пра сваіх выхаванцаў, ствараюць спрыяльныя ўмовы для іх навучання і развіцця, шчыра зацікаўлены ў поспеху кожнага студэнта, імкнуцца запаліць і раскрыць таленты.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *