Аддача ад дачы. Дык якая ад дачы аддача, пацікавілася карэспандэнт «ЛВ» у аматараў са стажам

Каму з гараджан не знаёма жаданне ўцячы ад гарадской мітусні, акунуцца ў атмасферу цішыні і спакою, атрымаць задавальненне ад ціхамірнасці і прыгажосці прыроды. Хтосьці імчыцца на ”соткі шчасця” ў прадчуванні зараду станоўчай энергіі, свежага паветра і масы ўражанняў, іншы – паглядзець, ці ўзышлі пасаджаныя тыдзень назад пятрушка з кропам, нехта – з поўнымі сумкамі расады памідораў, перцаў і рулонамі поліэтылену для будучай цяпліцы. Дачныя клопаты ў самым разгары. Для працуючых гараджан на градках пасля работы пачынаецца другая змена. А пенсіянеры і ўвогуле на лета перасяляюцца з кватэр сюды. У маладога пакалення адносіны да дач іншыя, чым у іх бацькоў. Загарадныя домікі яны выкарыстоўваюць як месца адпачынку на прыродзе. Замест градак з агароднінай аддаюць перавагу газонам, кветнікам. І на поўным сур’ёзе раяць старэйшаму пакаленню палічыць выдаткі і прыбытак ад сваіх сотак.

Дык якая ад дачы аддача, пацікавілася ў аматараў са стажам. Амаль усе сцвярджалі: работа на садовым участку хутчэй прыносіць маральнае задавальненне, чым матэрыяльны прыбытак. Хаця і вырашчаны без хіміі ўраджай вельмі не лішні на стале. Асабліва адчувальна гэта зімой: дастанеш са слоіка засоленыя агурочкі, ды пад звараную бульбачку таксама з уласных сотак – смаката!

У 80-я гады мінулага стагоддзя ў нашым раёне пачалі стварацца першыя садовыя таварыствы. Цяпер на Ляхавіччыне іх 20, з не адной тысячай участкаў, многія з якіх апрацоўваюцца, але ёсць і пакінутыя. Тых, хто па розных прычынах адмовіўся ад дачнага ўчастка ці прадаў яго другому, з кожным годам становіцца ўсё больш.

Таварыства не на паперы, а на справе – гэта пра “Дружбу”, “Незабудку”, “Зарэчча”, “Шчару”, “Надзею”.

Іосіф Карпыза, былы рэдактар раёнкі, заўсёды любіў дачныя клопаты, а пайшоў на заслужаны адпачынак і стаў дачнікам, што называецца, апантаным.

– З пачатку красавіка да позняй восені наша з жонкай жыццё напаўняецца яркімі фарбамі. Дача – гэта натхненне, мая спраўджаная блакітна-жоўтая мара, – апетытна расказвае Іосіф Цімафеевіч пра ўтульны домік на ўскрайку лесу і з задавальннем праводзіць экскурсію па сваіх дзесяці сотках. Паказвае, што ўзышло на градках, у цяпліцы –  і самаробнай, і «заводскай». Паспрабуюць гаспадары адчуць розніцу.

– Для нас, гараджан, дача – неабходнасць. Жывём у кватэрах, на паверхах, а тут раздолле, свежае паветра, якое і сілу дае, і лечыць, і праца – у радасць і на карысць. А хіба параўнаеш смак сваіх, сарваных з градкі памідораў, з магазіннымі, – разважае ляхавічанка Валянціна Дзяшко. І паказвае, што зрабілі на ўчастку сваімі рукамі, напрыклад, лазню, якую пабудаваў муж. Ён яшчэ заўзяты пчаляр, мае свой пчальнік.

Пакуль ехалі да дачы старшыні садовага таварыства “Дружба” Надзеі Баўтко, Іосіф Карпыза пажартаваў, што вырошчваюць з жонкай ураджай для сябе, для сям’і дачкі, для… фітафторы і для… зладзеяў. І нагадаў, як нядаўна праз акно залезлі ў дачны домік няпрошаныя госці і пражылі там некалькі дзён. Праўда, нічога не ўкралі. Увогуле зладзеі – бяда літаральна ўсіх дачных таварыстваў. Яны не грэбуюць ніякімі рэчамі, але асабліва крыўдна агароднікам, калі знішчаюць вырашчаны з клопатам і любоўю ураджай: ягады, агародніну, кветкі.

Каб захоўваць парадак, у “Дружбе” – адзіным з таварыстваў дачнікаў нашага раёна, створана і дзейнічае добрахвотная дружына. Надзея Баўтко справу сваю ведае добра і з гонарам зазначае, што з 300 участкаў 270 не проста эксплуатуюцца, а дагледжаныя і добраўпарадкаваныя. На многіх ёсць саджалкі.

За членскія ўзносы (кожны ўласнік штомесяц плаціць у дачную казну па  15 тысяч рублёў) падсыпаецца дарога, заключаны дагавор з камунгасам на вываз смецця, падтрымліваецца ў належным стане электразабеспячэнне.

Агульнымі сіламі “выхоўваюць” тых гаспадароў, якія не скошваюць пустазелле на ўчастках ці ствараюць пажаранебяспечную сітуацыю. Праўда, іх няшмат. А вось транспартную праблему дачнікі не могуць зрушыць з месца. Не кожны з іх мае аўтамабіль, на якім можна дабрацца да пасёлка, а хадзіць штодня пяшком цяжкавата. Гарадскі ж аўтобус, на жаль, па гэтым маршруце не курсіруе. Сама Надзея Іванаўна абыходзіцца двухколавым транспартам.

– Раніцай паднялася, сабралася, на веласіпед – 20 мінут і я тут. Нават калі прыязджаюць дзеці, яны дабіраюцца сюды на машыне, а я на веласіпедзе, – дзеліцца Надзея Баўтко. З зарослага бур’яном балота зрабілі сапраўдны райскі куточак, пабудавалі дом з рускай печкай, камінам. На ўчастку расце ўсё, што і павінна быць у сапраўднага дачніка-агародніка. Пра прыемныя сюрпрызы расказвае, напрыклад, што сёлета грыбы з’явіліся раней, чым паспелі клубніцы. Пацвярджэнне на стале – міска моцных падбярозавікаў. Лясная, Вішнёвая, Сонечная… – такія прыгожыя назвы маюць вуліцы “Дружбы”. Не падумайце, што дача – захапленне людзей выключна сталага ўзросту. Маладая сямейная пара Вольга і Сяргей жывуць тут з лютага: купілі дачу. На работу штодня ездзяць на машыне.

– Агарод пасадзілі. Кветкі – маё захапленне з дзяцінства. Тут здорава! – гаворыць Вольга.

Але вернемся да разлікаў. Хто планаваў ад дзесяці сотак займець вялікую матэрыяльную выгаду, магчыма, расчараваны. Выдаткі на ўтрыманне дачы немалыя. Танней, а можа лягчэй купіць усё на рынку ці ў магазіне. Тыя ж, хто марыць вырасціць на сваім участку салодкі, бы астраханскі, кавун, цудоўную лілею ці ружу незвычайнай афарбоўкі, здзівіць і абысці суседзяў у “агранамічных эксперыментах”, з самай ранняй вясны да позняй восені спяшаюцца з ранку на дачы… І разам з тым, як патлумачыла начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Святлана Махнач, выяўляецца ўсё больш дачных участкаў, якія не выкарыстоўваюцца. Уладальніку дачы, дзе выяўлены парушэнні, накіроўваецца прадпісанне з указаннем тэрмінаў, на працягу якіх неабходна прыступіць да выкарыстання зямлі па мэтавым прызначэнні. У адваротным выпадку ўчасткі адбіраюцца. Механізм іх канфіскацыі прапісаны ў дзеючым заканадаўстве.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Іосіф і Яўгенія Карпызы - дачнікі са стажам

Клубніцы патрабуюць догляду, упэўнены Уладзімір Мароз

Надзея Баўтко першыя грыбы сабрала напрыканцы мая

Маладая сямейная пара Вольга і Сяргей

One thought on “Аддача ад дачы. Дык якая ад дачы аддача, пацікавілася карэспандэнт «ЛВ» у аматараў са стажам

  • 01/06/2016 в 12:18
    Permalink

    Дача — это целая жизнь, где саженец становится деревом, где самые смелые садово-огородные эксперименты становятся реальностью, где собираются родные и близкие, где ты такой, как есть. И хоть порой урожай и хромает, и после «зарядок» на грядках не разогнуться, но каждый выходной с новыми силами всё равно спешишь в этот рай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *