Уладары вёскі

Навасёлкі – адзін з першых аграгарадкоў на Ляхавіччыне, мае багатую гісторыю, традыцыі і цікавае сённяшняе жыццё.  Мясцовыя жыхары не толькі шчырыя і руплівыя працаўнікі, але ўмеюць і любяць весела і пазітыўна адпачываць,  з густам арганізоўваць свой вольны час.  І не дзіўна, што менавіта ў аграгарадку Навасёлкі ўпершыню на Ляхавіччыне падчас свята вёскі прайшоў  раённы сельскагаспадарчы конкурс “Уладар вёскі-2011”.  Яго арганізатарам выступіў райкам ГА БРСМ. Удзел у конкурсе ўзялі маладыя сем’і  Таццяны і Віктара Булатых, Веранікі і Васілія Шадураў.

Падчас візітоўкі “Мы – самая лепшая сям’я” ўдзельнікі расказвалі пра гісторыю і традыцыі сваёй сям’і, захапленні кожнага яе члена. А захапленні, як і прафесіі, у маладых канкурсантаў вельмі розныя: Віктар Булаты  працуе юрысконсультам у СВК “Шлях новы”, Таццяна  зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Васілій  Шадура – механізатар мясцовай гаспадаркі, яго жонка Вераніка – участковая медсястра Навасёлкаўскай урачэбнай амбулаторыі.

Потым сямейныя каманды  ў кожным з этапаў змагаліся за тытулы самай моцнай, спартыўнай, арыгінальнай, таленавітай сям’і.  Так , у конкурсе “Беларускія прысмакі” гаспадыні дэманстравалі кулінарнае майстэрства – прапанавалі на суд журы свае фірменныя  стравы.

Апладысментамі сустракалі гледачы касцюмы будучыні, неабходныя для работы ў сельскай гаспадарцы, якія прыдумалі і зрабілі з  падручных матэрыялаў і прадэманстравалі канкурсанты .

Па выніках усіх іспытаў найбольшую суму балаў набрала дружная сям’я Булатых (на здымку), якая і стала пераможцай конкурсу і атрымала ганаровае званне “Уладар вёскі” і будзе прадстаўляць Ляхавіччыну на абласным конкурсе.

Абедзве сям’і атрымалі падарункі, падрыхтаваныя райкамам ГА БРСМ.

Тамара ПРАКАП’юк,
першы сакратар РК БРСМ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *