Што хоча моладзь

Мэтанакіраванасць, адказнасць, кампетэнтнасць, пастаяннае імкненне да самаўдасканалення, актыўная грамадзянская пазіцыя вызначаюць Дзмітрыя Багушэвіча. Не кожны малады чалавек у няпоўныя 30 гадоў можа пахваліцца тым, чаго дасягнуў Дзмітрый. Акрамя таго, што з’яўляецца вядучым спецыялістам па маркетынгу льнозавода і намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце, ён узначальвае пярвічную арганізацыю БРСМ і старшынствуе ў савеце моладзі прадпрыемства. А яшчэ – ініцыятыўны і неабыякавы чалавек.
Выпускнік Баранавіцкай гімназіі спачатку атрымаў дыплом інжынера, потым эканаміста-менеджара, а праз год стане магістрам кіравання (завочна вучыцца ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь).

На заводзе, куды прыехаў па размеркаванні амаль 7 гадоў назад, пачынаў майстрам участка. За даволі кароткі тэрмін   добрасумленнай працай заслужыў павагу завадчан. Успамінае, як усе з энтузіязмам успрынялі навіну аб рэканструкцыі і мадэрнізацыі прадпрыемства. Дзякуючы істотнай дзяржаўнай падтрымцы, у верасні 2014 года тут уведзены ў строй новы цэх па перапрацоўцы льнотрасты з высокапрадукцыйным абсталяваннем, што дазволіла выйсці на кардынальна іншы ўзровень работы. За мінулы год тэмп росту вытворчасці на заводзе дасягнуў 168 працэнтаў, павялічыўся экспарт – палова выпушчанай прадукцыі адпраўляецца за мяжу – у Кітай, Літву.
Дзмітрый заўсёды ў гушчыні грамадскай работы. Лідар – гэта пра яго. Сабраў вакол сябе такіх жа няўрымслівых энтузіястаў, стварылі бээрэсэмаўскую пярвічку, маладзёжнае жыццё на прадпрыемстве набыло другое дыханне, арганізуюцца спартыўныя і прафесійныя спаборніцтвы, турзлёты.
– Ганаруся сваёй краінай, дзе клопат пра чалавека прыярытэтны. Ганаруся прадпрыемствам, на якім працую, яго традыцыямі і навацыямі. Ганаруся моладдзю і ўпэўнены, што мы не падвядзём старэйшае пакаленне, – зазначае Дзмітрый Багушэвіч.
Землякі даверылі яму прадстаўляць Ляхавіччыну на пятым Усебеларускім сходзе. У першую чаргу яго хвалююць пытанні развіцця вытворчага патэнцыялу, пашырэння замежных рынкаў збыту беларускай прадукцыі, павышэння ўзроўню жыцця людзей. Без прагрэсу ў эканоміцы не будзе развівацца сацыяльная сфера. Агульны дабрабыт залежыць ад кожнага на сваім працоўным месцы.
– Упэўнены, што на форуме будзе абмяркоўвацца і стратэгія маладзёжнага руху. У нашай краіне маладым давяраюць, ствараюць умовы для развіцця іх патэнцыялу, – дзеліцца думкамі Дзмітрый і абяцае пра вялікую размову на сходзе і прынятыя рашэнні расказаць землякам, каб разам узяцца за іх выкананне.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *