Дзе жыве чарнічная вярба? 5 чэрвеня – Дзень аховы навакольнага асяроддзя

5 чэрвеня  ў многіх краінах адзначаецца Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя, з 2000 года гэта дата афіцыйна ўключана ў нацыянальны каляндар Беларусі. У нашай краіне пытанням экалогіі, бяспекі навакольнага асяроддзя, захавання прыродных рэсурсаў надаецца самая пільная ўвага.
Важны крок па захаванні прыродных комплексаў у іх натуральным стане – стварэнне асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый. На Ляхавіччыне “прапісаны” тры гідралагічныя заказнікі: “Цыгань”, “Лагоня” і “Выганашчанскае”, апошні, акрамя нашага, размешчаны і на тэрыторыі Івацэвіцкага і Ганцавіцкага раёнаў. Паркавыя ансамблі “Савейкі” (помнік прыроды рэспубліканскага значэння) і “Рэпіхава” (раённага значэння) – унікальныя мясціны, што захапляюць маляўнічасцю і непаўторнасцю. Нядаўна да біялагічнага заказніка “Ліпск”, плошча якога складае 1692 гектары, дабавіўся яшчэ адзін – “Пойма Мышанкі”. Раскінуўся ён больш як на двух гектарах. Навукоўцы, што праводзілі даследаванні ў 2014 годзе, выявілі там “месца жыхарства” вялікай колькасці чырвонакніжнікаў. Наогул, наш край вельмі багаты на іх. Барсук, чорны бусел, белая піхта, жоўты рададэндран (у раёне самая паўночная кропка яго росту ў натуральных умовах), жоўты гарлачык і лілея кучаравая, баранец звычайны – далёка не поўны пералік прадстаўнікоў рэдкай флоры і фаўны. А на тэрыторыі Куршынавіцкага лясніцтва былі выяўлены месцы росту вербаў лапландскай і чарнічнай. Яны, між іншым, уключаны ў Чырвоныя кнігі Літвы, Польшчы і іншых краін.
Дзяржаўны кантроль за выкарыстаннем прыроднага багацця вядуць супрацоўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Па словах галоўнага спецыяліста гэтай службы Аляксандра Курловіча, самыя “папулярныя” парушэнні датычаць абыходжання з адходамі. За мінулы год за нанесеную шкоду прыродзе складзены 131 пратакол, накладзены штраф на суму 127 мільёнаў рублёў, прад’яўлена 11 прэтэнзій на суму больш за 26 мільёнаў рублёў за забруджванне глебы, паветра, незаконнае выдаленне дрэў і інш. Ужо сёлета па 45 пратаколах спагнаны штраф на суму больш за 83 мільёны рублёў.
Вядучы інжынер па ахове леса лясгаса Аляксандр Лебядзеўскі адзначае, што ў лясной гаспадарцы кожны работнік – нераўнадушны вартаўнік зялёных насаджэнняў. І нагадвае, што пакаранне рублём можна панесці не толькі за незаконную высечку, засмечванне, але і невыкананне правілаў пажарнай бяспекі ў лесе, за іншыя парушэнні. Кажуць: у лес уваходзьце сябрам. Гэта просьба лесаводаў актуальная заўсёды, а цяпер ў пажаранебяспечны перыяд – асабліва.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *