Міністэрская ўвага да медакалічнасцяў. У Ляхавічах прыём грамадзян па асабістых пытаннях правёў першы намеснік міністра аховы здароўя

Колькі б ні паўтаралі, што галоўнае багацце чалавека, першая ўмова шчасця і дабрабыту – здароўе, важкасць сцвярджэння не змяншаецца і штампам не становіцца. Таму заўсёды ёсць званкі на прамыя тэлефонныя лініі, якія праводзяць адказныя за медыцыну асобы, заўсёды ёсць жадаючыя вырашыць “здаровыя” праблемы падчас прыёмаў грамадзян па асабістых пытаннях. Такі прыём у мінулую сераду ў Ляхавічах праводзіў першы намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Піневіч. Да яго звярнуліся 8 чалавек, сярод якіх усяго палова – нашы землякі. Астатнія прыехалі з-за межаў раёна, нават з іншых абласцей, і іх просьбы датычылі пераразмеркавання маладога спецыяліста, пераводу на іншае месца працы, адкрыцця аптэчнай кропкі…
Нашы землякі ўзнялі ў пераважнай большасці пытанні, якія патрабуюць дадатковага вывучэння, удакладнення і, магчыма, карэкціроўкі раней прынятых рашэнняў. Дзмітрый Леанідавіч падкрэсліў, што за кожнай праблемай стаіць канкрэтны чалавек. Калі праблема не надуманая, не штучная і ёсць варыянты паўплываць на сітуацыю, то імі трэба скарыстацца, канешне, у рамках закона.
Першы намеснік міністра ўзяў на кантроль пытанне ляхавічаніна, якому знялі групу інваліднасці, хаця пасля некалькіх аперацый фізічны стан чалавека, па яго словах, не дазваляе паўнацэнна не тое, што працаваць, але нават рухацца. Дзмітрый Піневіч палічыў мэтазгодным правядзенне незалежнай экспертызы.
Дзмітрый Леанідавіч уважліва выслухаў і нашу зямлячку, у якой сын з’яўляецца інвалідам першай групы з-за траўмы пазваночніка. Жанчына пацікавілася, ці ёсць магчымасць бясплатна забяспечыць яго некаторымі сродкамі догляду.
Пасля вывучэння абставін справы, узнятай былой работніцай абласной бальніцы “Крывошын” наконт правамоцнасці рашэння адміністрацыі ўстановы аб яе звальненні і змяненняў у кантракце, дакладны адказ яна атрымае ў вызначаны заканадаўствам тэрмін.   Яшчэ аднаму ляхавічаніну прапанавана прайсці неабходнае абследаванне для ўдакладнення групы інваліднасці.
Вывучэнне некаторых праблем, узнятых грамадзянамі, першы намеснік міністра даручыў начальніку ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Віктару Міхалоўскаму, які прысутнічаў на прыёме.
Дзмітрый Піневіч адзначыў, што прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях дазваляюць не толькі дапамагчы канкрэтным людзям, але і адчуць праблемы мясцовага характару. Мяркуючы па зваротах ляхавічан, сітуацыя з медыцынскім абслугоўваннем у раёне нармальная, што называецца, пад кантролем.
У гэты ж дзень Дзмітрый Піневіч пабываў у цэнтральнай раённай бальніцы, пазнаёміўся з умовамі, у якіх праходзяць лячэнне пацыенты і працуюць медыцынскія работнікі, асабліва цікавіўся дыягнастычнай базай установы, укараненнем у практыку высокатэхналагічных умяшальніцтваў.
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *