З кабінетаў …у палаткі. Другі турыстычны злёт дзяржслужачых Ляхавіцкага раёна прайшоў у лясным масіве каля вёскі Мінічы /фота/

На першым месцы турысты-райсельгасхарчаўцы.

Як здорава пасля працоўных будняў адправіцца разам з сябрамі і аднадумцамі на турыстычны фэст. Сонца, свежае паветра, птушыныя спевы і спартыўныя спаборніцтвы чакалі ўдзельнікаў другога турыстычнага злёту дзяржслужачых раёна, які адбыўся 27-28 мая ў лясным масіве каля вёскі Мінічы. Удзел у шасці турыстычных конкурсах прынялі пяць каманд, у склад якіх увайшлі работнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама і прадстаўнікі сельвыканкамаў.
Увечары першага дня, калі ў лесе раскінуўся палатачны гарадок, адбылося ўрачыстае адкрыццё турзлёту. На ім прысутнічалі старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. Вячаслаў Лукіч пажадаў усім добрага настрою і адпачынку, а разам з тым – здаровага духу саперніцтва.
Галоўны суддзя – дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Генадзій Новік пазнаёміў каманды з праграмай спаборніцтваў і абвясціў пачатак першага конкурсу – “Візітоўка”. Нягледзячы на лёгкі дожджык, каманды прэзентавалі сябе адна лепш за другую. Але самым яскравым, па меркаванні ўсіх без выключэння, было выступленне каманды сельвыканкамаў, якая і стала пераможцай гэтага конкурсу.
Атрымаўшы зарад бадзёрасці і добрага настрою, каманды разышліся па сваіх бівуаках рыхтавацца да наступнага іспыту – конкурсу турыстычнай стравы, галоўным інгрэдыен-там якой павінна была стаць грэцкая каша. Кожная каманда праявіла не толькі кулінарныя здольнасці, але надзвычай творчы падыход да, здавалася б, простай справы, чым вельмі парадавала членаў судзейскай калегіі. Першае месца – у каманды ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
У суботу адбыліся асноўныя спартыўныя спаборніцтвы, якія судзілі супрацоўнікі раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, а таксама раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ.
У конкурсе “снайпер” у асабістым першынстве лепшымі сталі галоўны аграном-дзяржінспектар раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Надзея Фірусь і старшыня Начаўскага сельвыканкама Вячаслаў Новік. Лідарамі ў дартсе названы загадчык сектара бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Валянціна Юрлевіч і старшыня Востраўскага сельвыканкама Уладзімір Тадра.
Захапляючым і цікавым атрымаўся конкурс перацягвання каната, у якім лідзіравала каманда райсельгасхарчу. Дастойную канкурэнцыю ёй склалі каманды жыллёва-камунальнай гаспадаркі і эканамічных службаў райвыканкама, якія занялі другое і трэцяе месца адпаведна.
Шмат перашкод давялося пераадолець удзельнікам турыстычнай эстафеты, у якой лепшай зноў стала каманда ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Усяго некалькі секунд на фінішы раздзялялі вынікі каманд эканамічных службаў і сацыяльнай сферы.
Хутка праляцелі насычаныя яркімі момантамі і станоўчымі эмоцыямі дні турзлёту, па выніках якога першае агульнакаманднае месца заваявала каманда ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, другімі сталі работнікі эканамічных службаў і трэцяе месца заняла зборная каманда сельвыканкамаў.

Святлана СТАЛЯРЧУК,
галоўны спецыяліст   аддзела ідэалагічнай   работы, культуры   і па справах моладзі   райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *