Дарога павышанай адказнасці

29 чэрвеня аварыя з трагічным фіналам здарылася на адной з вуліц вёскі Ліпск. Аўтамабіль МАЗ, якім кіраваў жыхар Ляхавіч, пры манеўры абгону наехаў на веласіпедыста. Апошні загінуў на месцы ДТЗ, а дзяўчынка, якая ехала на веласіпедзе ў якасці пасажыра, з траўмамі дастаўлена на лячэнне ў райбальніцу.

Штогод у красавіку-чэрвені з павелічэннем інтэнсіўнасці транспартных патокаў адзначаецца рэзкі ўсплёск аварыйнасці з-за перавышэння вадзіцелямі ўстаноўленай скорасці руху. Для мінімізацыі негатыўных тэндэнцый на дарогах Ляхавіччыны з 27 чэрвеня па 3 ліпеня чарговы раз праводзілася мэтавае прафілактычнае мерапрыемства “Скорасць”. За гэты час супрацоўнікі АДАІ затрымалі 54 ліхачоў.

Традыцыйна летам павялічваецца і колькасць ДТЗ з удзелам дзяцей-пешаходаў. Часцей за ўсё падобныя аварыі адбываюцца з-за парушэння рабятамі правілаў дарожнага руху: дзеці пераходзяць дарогу ў неўстаноўленых месцах, не улічваюць сігналы святлафора, гуляюць на праезнай частцы, нечакана выбягаюць з-за транспартнага сродку ці іншай пера-шкоды, што абмяжоўвае агляд вадзіцелю. Яшчэ адна сур’ёзная прычына аварый з удзелам дзяцей – абыякавасць дарослых, якія праходзяць міма бяздумных дзеянняў непаўналетніх.

Забяспечыць на дарогах бяспеку толькі намаганнямі Дзяржаўтаінспекцыі нельга. Абавязковыя складальнікі спакойнай дарожнай сітуацыі – узаемапавага і строгая самадысцыпліна пешаходаў і вадзіцеляў. Гэта, дарэчы, і  яскравы паказчык культуры     грамадства ў цэлым.

Мікалай ДЫЛЕЎСКІ,
старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *