Пачастунак па-“ляхавічкоўску”

Калі б спатрэбілася праілюстраваць высокую выніковасць мадэрнізаванай вытворчасці, правільных узаемаадносін у калектыве і як першааснову ўсяго гэтага граматнае кіраўніцтва прадпрыемствам, то далёка ісці не давялося б: вельмі выразны красамоўны прыклад знаходзіцца ў нашым райцэнтры па вуліцы Савецкай, 79. Гэта каардынаты СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” – прадпрыемства, дзякуючы якому сціплы па памерах гарадок вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, прычым – далёка за імі: у Расіі, Літве, Германіі, Нідэрландах, Францыі, на амерыканскім кантыненце, куды пастаўляецца яго прадукцыя, у прыватнасці, тэхнічны казеін.
Але гэта не ўсё. “Ляхавічок”, “Унучок Ляхавічок”, “Ляхавіцкае” –  пад такімі брэндавымі назвамі выпускаюцца любімыя пакупнікамі розных узростаў малочныя прадукты, якія вывелі прадпрыемства ў лідары па якасці, смаку, прымальнай цане. Узнагародамі самай высокай вартасці на самых прэстыжных конкурсах дапаўняецца выбар спажыўцоў на карысць смачнай ляхавіцкай прапановы. Іх – адзнакі, дыпломы, прызы – можна пералічваць доўга, але наўрад ці ўсе назавеш. Затое справядлівым будзе адзначыць акалічнасць, якая не выклікае сумнення: поспех прадпрыемства ў прамой залежнасці ад асобы і дзелавых якасцяў яго кіраўніка. Дырэктар завода Вячаслаў Жукоўскі здолеў стварыць, хутчэй нават выхаваць калектыў, усвядоміў важнасць і важкасць пераводу вытворчасці на рэйкі мадэрнізацыі, стварэння максімальна зручных, сучасных умоў для працы і адпачынку работнікаў. Квяцістых абяцанняў ён ніколі не даваў, задачы ставіў і ставіць складаныя, але рэальныя. І даводзіць іх рашэнне да выніку, як правіла, з высокім каэфіцыентам карыснага дзеяння.
– Галоўную адзнаку калектыву ставіць пакупнік. Мы вельмі беражліва ставімся да ўсіх складнікаў, якія ўплываюць на гэтую адзнаку, і стараемся не расчаровываць прыхільнікаў нашай прадукцыі, – не ў характары Вячаслава Уладзіміравіча пахвальба. Без малога тры дзесяцігоддзі ён на чале вытворчасці. Выцягваў, выводзіў яе «ў людзі» поплеч з калегамі. Заўсёды прытрымліваецца народнай мудрасці: адзін у полі не воін. Як кіраўнік прадпрыемства, дэпутат раённага Савета разумее адказнасць за справы, за калектыў, які ўзначальвае – а гэта каля 250 чалавек, за цесныя стасункі і падтрымку сельгаспрадпрыемстваў, за сённяшні і заўтрашні дзень ляхавіцкай малочнай перапрацоўчай вытворчасці.
Канешне, з хваляваннем чакае вялікай дзелавой размовы, якая адбудзецца на пятым Усебеларускім народным сходзе. Дэлегат гэтага схода Вячаслаў Жукоўскі зверыць па ёй дасягнутае прадпрыемствам, а таксама накірункі далейшага шляху –  далейшага развіцця.
– Тэлефаную з Маладзечна. Калі ласка, перадайце шчыры дзякуй заводу за “Ляхавічка”.
– Гэта з Белаазёрска вас турбуюць. Пакаштавалі ляхавіцкую смятану – і ўспомнілі смак дзяцінства, калі бабуля частавала дамашняй з гладышыка…
Такія прыемныя паведамленні па тэлефоне, у канверце, па электроннай пошце раз-пораз прыходзяць на адрас раёнкі. Мяркую, для калектыву малочнага завода яны асабліва дарагія, таму што робяцца незалежнай і самай прыдзірлівай “экспертызай” – пакупнікамі.
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Пачастунак па-“ляхавічкоўску”

  • 07/06/2016 в 23:58
    Permalink

    Люблю нашу сметану, масло, а особенно «Лакомку», да, в общем, и ко всей продукции неравнодушна. С гордостью всегда слушаю положительные отзывы о ней, о предприятии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *