Паўтарэнне пройдзенага

Пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў заўсёды пад кантролем раённай улады. Не першы раз на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама кіраўнікі сельвыканкамаў трымаюць экзамен па гэтым накірунку дзейнасці. На тыдні размова ішла пра справы ў Конькаўскім сельсавеце. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч абазначыў фармат справаздачы: што з запланаванага не зроблена і з чым звязаны прычыны невыканання.
Тэрыторыя Конькаўскага сельсавета з-за наяўнасці тут адной з афіцыйных зон адпачынку і дарогі Ляхавічы-Баранавічы навідавоку не толькі ў мясцовых жыхароў. Такое становішча яшчэ больш абавязвае адпавядаць санітарным нормам. Сельвыканкам і вяскоўцы не бяздзейнічаюць у гэтым плане. Але, як прызнаў старшыня сельвыканкама Рамуальд Бубен, дакладвалі іншыя службовыя асобы, без мінусаў і недапрацовак не абыходзіцца. Не наведзены парадак у парку вёскі Літва, пляцоўкі часовага складзіравання адходаў на могілках не абсталяваны ў адпаведнасці з санітарнымі патрабаваннямі і нормамі, не ўсюды выкананы планы па азеляненні, своечасова не падкошваецца трава вакол домаўладанняў і ў месцах агульнага карыстання ў Лабузах, Малым Падлессі, Літве, Дараве… Для выпраўлення некаторых мінусаў не патрэбна значных матэрыяльных укладанняў і надзвычайных намаганняў. Так, сметнікі ў Лабузах па вуліцы Калгаснай і Зарэчнай, у Чвырах на ўскрайку лесапасадкі не выраслі самі, да гэтага прыклалі руку людзі. Пры тым, што ў сельсавеце цвёрдыя бытавыя адходы вывозяцца па графіку.
У добраўпарадкаванні не павінна быць маўклівых назіральнікаў, рэзюмаваў кіраўнік раёна. Гэта датычыць і адказных асоб, у тым ліку, работнікаў сельвыканкамаў, і ўсіх землякоў. А несанкцыянаваныя сметнікі, кучы непатрэбшчыны, непраполатыя кветнікі, проста элементарны беспарадак не толькі псуюць агульны выгляд месца, дзе мы жывём, але і сведчаць пра недахоп агульнай культуры, пра тое, што не выкаранены падыход «мая хата з краю». Не з краю – а ў цэнтры: гэта і ў дачыненні свядомасці, саўдзелу ў добраўпарадкаванні.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *