Ветраныя прыгоды

Штармавыя папярэджанні аб’яўляліся штодзень з 31 мая па 4 чэрвеня. У апошні дзень вясны парывы ветру дасягалі 25 метраў у секунду. Паваленае дрэва пашкодзіла лінію электраперадач напружаннем 110 кілавольт. Па інфармацыі начальніка РЭС Віктара Станкевіча, з-за гэтага аказаўся абясточаным 81 населены пункт нашага раёна і часткова горад Ляхавічы. На працягу некалькіх гадзін у амаль 1300 дамах землякоў не было электраэнергіі.
Пад уздзеяннем парываў ветру не вытрымалі і дзве жалезабетонныя апоры ліній электраперадач у Коньках, “пацямнела” вуліца Спакойная. Дзякуючы зла-джаным дзеянням ляхавіцкіх энергетыкаў, вечарам святло вярнулася ў дамы вяскоўцаў. У гэтым жа аграгарадку па вуліцы Школьнай дах нежылога дома пад парывамі ветру “раскрыўся” – сарваліся 24 лісты шыферу. На дапамогу сям’і прыйшлі СВК “Шлях новы”, камунальнікі і РАНС.
4 чэрвеня вецер пасваволіў на будоўлі ў вёсцы Сакуны – з даху малочнатаварнай фермы сарваў больш за 100 квадратных метраў металапрофілю. З наступствамі стыхіі зноў прыйшлося спраўляцца спецыялістам.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *