“За ўсё, чым тут жыву, шчаслівы”…

Удава Кастуся Турко Зоя Осіпава.

Палоска святла ад лямпы выхапіла лісты з геаметрычным малюнкам вершаваных радкоў. Лірычныя, шчырыя, часам сумна-сардэчныя, напоўненыя глыбокім сэнсам і мудрасцю аўтара – Кастуся Турко. Калі ахоплівае сум і немагчыма стрываць тугу па родным чалавеку, удава паэта Зоя Осіпава пераглядае-перачытвае вершы. Не вачамі – душой адкрывае наноў дарагія радкі, перажывае звязанае з імі. Амаль усе яны даўно адклаліся ў памяці, тым больш тыя, што прысвечаны менавіта ёй…

Юным землякам імя Кастуся Турко, пэўна, не так вядома, як старэйшым. Хаця для некалькіх пакаленняў хлопчыкаў і дзяўчынак гімн ляхавіцкіх піянераў, падораны ім Карлам Станіслававічам, стаў сімвалам цудоўнай пары.
Псеўданім Кастусь Турко паэт узяў у гонар Кастуся Каліноўскага. У памяці сяброў, калег Карл Станіслававіч назаўсёды надзвычай таленавіты, творчы, шчыры і добразычлівы чалавек, выдатны педагог, аўтарытэтны спецыяліст па сацыяльнай ахове дзяцінства.
Зоя Осіпава – знаток і паклонніца творчасці мужа, расказвае, што вершамі Карл Станіслававіч жыў, дакладней – успрымаў жыццё:
– Напіша чарговы, прачытае і абавязкова спытае: “Вось як ты знаходзіш?”.
Усе яны прасякнуты любоўю да Беларусі, да роднай мовы. Калі настаўнічаў, і дзяцей вучыў адчуваць і разумець слова.
Быў грунтоўным і адказным ва ўсім, у той жа час рамантыкам, які бачыў прыгожа-ўзвышанае ў будзённым.
Як сустрэліся Карл і Зоя? Іх рабочыя месцы ў аддзеле адукацыі знаходзіліся насупраць. І гэта акалічнасць непакоіла Турко, ён неяк нават папрасіў калегу перасесці за стол Зоі Осіпавай. Толькі пазней прызнаўся, што так хаваў сваю сімпатыю, не асмельваўся запрасіць ні ў кіно, ні на прагулку. Але аднойчы адважыўся і заявіўся да дзяўчыны дадому з букетам… 9 верасня 1964 года яны распісаліся ў загсе і ў коле калег адзначылі радасную падзею. Праз год шыкоўным падарункам для маладых стала ўласная двухпакаёвая кватэра, дзе хутка загучаў званочкам і дзіцячы галасок – нарадзіўся Жэнька, копія бацькі.
Цёплыя і паважлівыя адносіны адзін да аднаго беражліва пранеслі праз 36 гадоў сумеснага жыцця. Канешне, не кожны дзень быў сонечным, здараліся сярод іх і воблачныя. Але заўсёды імкнуліся разам вырашаць усе праблемы. Карл Станіслававіч падымаўся рана, у пяць гадзін. Часам ускокваў сярод ночы, каб занатаваць прыйшоўшыя ў сне радкі.
– Муж амаль вызваліў мяне ад пліты. Умеў і любіў смачна гатаваць. Знаходзіў у часопісах цікавыя рэцэпты і стараўся нас з сынам парадаваць, – успамінае Зоя Яфімаўна і з цеплынёй узгадвае тыя рысы і якасці мужа, якія вядомы толькі блізкім:

– Умеў усё, але калі да нейкай справы не ляжала душа, ніякімі ўгаворамі не ўпрасіць было зрабіць…
Муж і жонка. Калегі. Яны дапаўнялі і дапамагалі адзін аднаму. Абодва мовазнаўцы, маглі гадзінамі абмяркоўваць урокі рускай мовы і літаратуры Зоі Яфімаўны, калі яна змяніла інспектарскую пасаду на настаўніцкую ў СШ № 2. Многія яе вучні ўспамінаюць уменне педагога зразумець і закрануць дзіцячыя душы, майстэрства стварыць сітуацыю поспеху. У біяграфіі Зоі Осіпавай ёсць і такія старонкі, пра якія ёй вельмі цяжка гаварыць: у вайну з бацькамі была вывезена фашыстамі на прымусовыя работы ў Германію. Час той навучыў па-іншаму глядзець на многія рэчы, радавацца кожнаму новаму дню.
– Многаму навучылася ад мужа, пра многае даведалася, дзякуючы менавіта яму. Вельмі эрудзіраваны, начытаны Карл, здавалася, ведаў пра ўсё. Пра паэзію ўжо не кажу – яна была ягоным дыханнем і жыццём – успамінае Зоя Яфімаўна.
…Субота. Сонца залівае вуліцы, ляхавічане заняты кожны сваім. Іменна ў гэты дзень Карл Станіслававіч любіў папрацаваць у цішыні, перадумаць пра многае. У такія «суботнікі» часта нараджаліся чарговыя радкі.
Энергічны і апантаны, Карл Турко паспяваў узначальваць літаб’яднанне пры раёнцы, друкавацца ў часопісах “Маладосць”, “Беларусь”, “ЛіМ”, “Наша слова” і многіх іншых, газетах. І ў калектыве стараўся стварыць свята. На 8 Сакавіка заўсёды адрасаваў шчырыя радкі-пажаданні каляжанкам, якія цанілі яго талент і чакалі, чым здзівіць на гэты раз. Яго любілі і паважалі. Узнагародай для паэта стала выданне на сродкі, выдаткаваныя райвыканкамам, зборніка “Заўсёды з вамі”. А колькі вершаў засталося ў рукапісах, сшытках! Творчая спадчына Кастуся Турко захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве – музеі літаратуры і мастацтва, куды яе перадала Зоя Осіпава.  Слова працягвае жыццё паэта, нядоўгае, але такое светлае, творча насычанае і яркае.
За ўсё, чым тут жыву, шчаслівы,
Гатовы йсці на сто пакут…

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *