III Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

III Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў 7-8 чэрвеня ў Мінску. Напярэдадні быў дадзены старт шэрагу знакавых для беларуска-расійскага супрацоўніцтва мерапрыемстваў. У іх ліку Дні Масквы ў Мінску,  маладзёжны форум, I Фестываль рэгіянальных тэлекампаній Беларусі і Расіі «Вобраз часу» і іншыя. Спецыяльна да Форуму рэгіёнаў прымеркавалі і міжнародную выстаўку «Белагра-2016», якая прайшла на тэрыторыі аэрапорта «Мінск-1» і аб’яднала 535 кампаній з 23 краін свету.
У час форуму адбылося пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.
Удзельнікамі форуму сталі парламентарыі, кіраўнікі федэральных і рэгіянальных органаў улады, прадстаўнікі дзелавых колаў дзвюх краін.
Мэта форуму – пашырэнне беларуска-расійскага рэгіянальнага супрацоўніцтва і садзейнічанне ўстанаўленню прамых кантактаў паміж рэгіёнамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі ў сацыяльна-эканамічнай, навукова-адукацыйнай, культурна-гуманітарнай і іншых сферах.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прынялі ўдзел у пленарным пасяджэнні III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Да ўдзелу ў форуме прэзідэнты правялі сустрэчу, на якой абмеркавалі беларуска-расійскае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і іншыя актуальныя пытанні двухбаковых адносін. Перагаворы кіраўнікоў дзяржаў прайшлі спачатку ў фармаце “сам-насам”. Затым адбылася сустрэча ў пашыраным фармаце з удзелам членаў урадаў і іншых афіцыйных асоб з кожнага боку.

К іраўнік беларускай дзяржавы адзначыў: «У міжрэгіянальным супрацоўніцтве сканцэнтраваны вялікі патэнцыял, які можа паскорыць тэмпы аднаўлення аб’ёмаў узаемнага тавараабароту Беларусі і Расіі. Мы ж, абмяркоўваючы праблемы на вышэйшым узроўні, павінны паказаць рэгіянальнай вертыкалі прыклад канструктыўнага і рэзультатыўнага супрацоўніцтва. Мы вызначаем нейкі вектар нашага руху на вышэйшым узроўні».
Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што бакам пакуль не ўдалося змяніць негатыўную дынаміку тавараабароту. Так, аб’ём узаемнага гандлю за студзень-красавік 2016 года склаў $7,6 млрд., знізіўшыся да ўзроўню аналагічнага перыяду 2015 года амаль на 12 працэнтаў. Экспарт Беларусі ў Расію дасягнуў амаль $3 млрд., скараціўшыся да адпаведнага перыяду мінулага года прыкладна на 6 працэнтаў. Імпарт з Расіі склаў больш за $4,5 млрд. і знізіўся на 15 працэнтаў. «Але, што прыемна, дзякуючы нашым скаардынаваным намаганням у пераадоленні наступстваў эканамічнай нестабільнасці ў свеце тэмпы спаду тавараабароту значна запаволіліся. Калі па выніках чатырох месяцаў мінулага года ўзаемны тавараабарот знізіўся на 30 працэнтаў, то ў гэтым годзе зніжэнне склала каля 12 працэнтаў, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Спадзяюся, што ў ходзе сумеснай работы мы зможам знайсці рэзервы для замацавання станоўчай тэндэнцыі».
«Павышэнню стабільнасці нашых эканомік, росту дабрабыту беларусаў і расіян садзейнічала б зняцце яшчэ існуючых некаторых абмежаванняў ва ўзаемным гандлі», – заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што эканамічны крызіс павінен з’яднаць удзельнікаў інтэграцыйных працэсаў, прымусіць іх развіваць кааперацыю, унутраныя вытворчыя ланцужкі, не канкурыраваць, а ўзаемадзейнічаць на знешніх рынках. «Вырашэнне гэтых задач у беларуска-расійскай «двойцы» дапаможа развіццю іншых фарматаў інтэграцыйнага аб’яднання», – адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Беларусі і Расіі ва ўмовах сусветнага крызісу важна аб’яднаць намаганні. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні ІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што менавіта на беларускай зямлі два гады таму была закладзена добрая традыцыя правядзення форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Першыя два з іх, што адбыліся ў Мінску і Сочы, сталі фундаментальнымі пляцоўкамі для канструктыўнага дыялогу па пытаннях эканамічнай інтэграцыі, міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.
Цяперашні Форум прысвечаны сацыяльна-гуманітарным пытанням. «Трэба прызнаць, што да гэтага часу ў такой сферы зроблена нямала. Грамадзяне нашых краін маюць роўныя правы ў галіне аплаты, умоў і аховы працы, у пенсійным забеспячэнні. Створана нарматыўная база, якая забяспечвае свабодны доступ да атрымання адукацыі. Ажыццёўлены канкрэтныя крокі па фарміраванні адзінай прасторы ў ахове здароўя, культуры, спорце, турызме», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі перакананы, што ўніфікацыю і збліжэнне прававой базы ў сацыяльна-гуманітарнай сферы нам трэба актыўна прадаўжаць і далей. Пры гэтым трэба ўлічваць высокую ступень эканамічнай інтэграцыі, агульны рынак працы і падобныя сацыяльна-дэмаграфічныя ўмовы.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што больш глыбокай гарманізацыі патрабуе заканадаўства ў галіне аховы здароўя. Агульнымі намаганнямі Беларусь і Расія могуць і павінны забяспечыць прарыў у навукова-тэхнічнай галіне, а таксама развіваць рэгіянальнае партнёрства ў сферы культуры.
«Пэўным сілам і ў нас, і ў вас не даспадобы наша ўсебаковае супрацоўніцтва і збліжэнне, – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. – Усякімі спосабамі яны імкнуцца разбурыць наша адзінства, пасварыць Расію, Беларусь, аслабіць тым самым нашы пазіцыі. Таму нам ні ў якім разе нельга паддавацца на гэтыя патугі і ўбіць клін у нашы брацкія адносіны».
Па меркаванні беларускага лідара, недапушчальна забываць пра тое, што беларусы і расіяне прайшлі праз агульныя самыя цяжкія выпрабаванні. «На беларускай зямлі беражліва ставяцца да гістарычнай праўды, да сумесных баявых і працоўных подзвігаў нашых народаў. Мы свята шануем памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, – прадоўжыў Прэзідэнт. – Праз два тыдні сумная дата 75-годдзя з дня вераломнага нападу нацысцкай Германіі на СССР зноў нагадае беларусам і расіянам, што клопат пра ветэранаў – асабліва адказная галіна інтэграцыйнага ўзаемадзеяння. Дапамога лю-дзям, якія прайшлі праз многія нягоды, аднавілі краіну, – наш прыярытэт і важны напрамак сацыяльнай палітыкі».
Беларускі лідар асаблівую ўвагу ўдзяліў развіццю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі і выказаў меркаванне, што на рэгіянальным узроўні Беларусі і Расіі неабходна развіваць студэнцкі абмен, сістэму маладзёжнага турызму. На думку Аляксандра Лукашэнкі, магутны імпульс актывізацыі такога супрацоўніцтва дае развіццё саюзнага студатрадаўскага руху.  У ліку прынцыпова важных тэм цяперашняга форуму Кіраўнік беларускай дзяржавы назваў стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Беларусі і Расіі ва ўмовах сусветнага крызісу важна аб’яднаць намаганні, а не выжываць паасобку. «Беларусі і Расіі няма чаго баяцца адна адну – мы ўзаемадапаўняльныя па многіх пазіцыях, калі не па ўсіх, і трэба гэтым скарыстацца, пра гэта сёння гаварыў і Прэзідэнт Расіі»,– заўважыў беларускі лідар.
Прэзідэнт Беларусі асабліва адзначыў важнасць чарговага прыезду Уладзіміра Пуціна ў Мінск: «Гэта важны сімвалічны крок, які сведчыць пра многае».
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на III Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі выступіў за павелічэнне паставак беларускай прадукцыі ў Расію: «Беларусь – наш важны эканамічны партнёр. На расійскі рынак пастаўляецца палавіна ўсёй беларускай экспартнай прадукцыі. Але можа быць яшчэ больш».
«Трэба скарыстацца сённяшняй сітуацыяй, каб пашырыць вытворчасць, у тым ліку, пад патрэбы расійскага рынку. Калі мы сёння гэтага не зробім, а будзем прапускаць на свой рынак санкцыйную прадукцыю, то і беларускім вытворцам будзе больш складана асвойваць расійскі рынак. А мы хочам мець яблыкі і іншыя сельгаспрадукты, мяса, малако беларускага паходжання, а не транзітам прайшоўшыя праз беларускую тэрыторыю», – сказаў Уладзімір Пуцін. Ён лічыць, што гэта ў інтарэсах беларускіх вытворцаў.
«Разам з беларускімі сябрамі ў нас выбудавана добрая інфраструктура двухбаковага супрацоўніцтва. Яе неад’емнай састаўной часткай, безумоўна, з’яўляецца цеснае ўзаемадзеянне па лініі рэгіёнаў Расіі і Беларусі. 80 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі падтрымліваюць прамыя сувязі са сваімі калегамі ў абласцях Беларусі», – адзначыў Уладзімір Пуцін.
«Прававая база супрацоўніцтва па лініі рэгіёнаў налічвае амаль 300 пагадненняў. У ходзе гэтага форуму падпісваецца яшчэ больш за 20 новых дакументаў, а таксама каля 150 камерцыйных кантрактаў на агульную суму $230 млн.», – паведаміў Уладзімір Пуцін.
Пасля ўдзелу у пленарным пасяджэнні прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін наведалі 26-ю Міжнародную спецыялізаваную выстаўку «Белагра-2016». Кіраўнікі дзяржаў, у прыватнасці, агледзелі экспазіцыі вядучых прамысловых прадпрыемстваў Беларусі. Увазе прэзідэнтаў у тым ліку была прадстаўлена інавацыйная прадукцыя, распрацоўкі розных ведамстваў і арганізацый, найноўшыя ўзоры тэхнікі беларуска-расійскай вытворчасці.

Меркаванні

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін:
«Адносіны Беларусі і Расіі – найбольш развітыя на постсавецкай прасторы. Мы вельмі шмат удзяляем увагі не толькі эканоміцы, але і сацыяльным пытанням. У цэлым гэта, безумоўна, ідзе на карысць нашым грамадзянам. Такі настрой расійскі бок не толькі захоўвае, але і гатовы ўзмацняць».

Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі:
«Беларуссю і Расіяй дасягнуты значны прагрэс у фарміраванні адзінай гуманітарнай прасторы, уніфікацыі нацыянальных заканадаўстваў. Закладзены сацыяльны фундамент Саюзнай дзяржавы. Вырашаюцца пытанні атрымання адукацыі, медыцынскай дапамогі, працаўладкавання, аплаты працы, рэжыму рабочага часу і іншыя пытанні працоўных адносін.  Неабходна прадоўжыць гарманізацыю заканадаўстваў нашых дзяржаў у сацыяльна-гуманітарнай сферы».

Валянціна Мацвіенка, старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі:
«Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва набірае свае абароты, яно становіцца больш маштабным, рэзультатыўным, прагматычным, нацэленым на канчатковыя вынікі».

Лілія Ананіч, міністр інфармацыі Беларусі:
«Асаблівая роля ў працэсах беларуска-расійскай інтэграцыі належыць рэгіянальнаму вымярэнню. Менавіта на ўзроўні рэгіёнаў ідзе канкрэтная дзелавая размова, вызначаюцца кропкі кантактаў і супрацоўніцтва».

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *