Чуткі не пацвердзіліся

Яшчэ ў красавіку “ЛВ” пісаў пра тое, што ў аграгарадку Жарабковічы не працуе магазін харчовых тавараў райспажыўсаюза, што стварае праблемы для мясцовых жыхароў. Не атрымаўшы яснага адказу пра тэрміны выпраўлення сітуацыі ў мясцовым райпо, раёнцы нават давялося звярнуцца з запытам да кіраўніцтва аблспажыўсаюза. Нядаўна “ЛВ” паведамляў, што сітуацыя вырашылася: з 14 мая магазін запрацаваў.

А днямі ад імя жыхароў Жарабковіч у рэдакцыю чарговы раз патэлефанавала Зінаіда Марозава: маўляў, зноў праблемы з магазінам, але на гэты раз – прамысловых тавараў. “Ходзяць чуткі, што магазін збіраюцца закрываць!” – усхвалявана паведаміла жанчына.

За каментарыем “ЛВ” звярнуўся да старшыні праўлення райпо Васілія Некрашэвіча. Кіраўнік райспажыўсаюза запэўніў: “Ляхавіцкае райпо не плануе закрыццё магазіна прамысловых тавараў у Жарабковічах. А вось у магазіне харчовых тавараў наадварот плануем пашырыць асартымент – дабавіць у яго спадарожныя тавары прамысловай групы. Згадзіцеся: гэта зручна, калі, зайшоўшы за прадуктамі, пакупнік можа набыць зубную пасту, сурвэткі, мыйныя сродкі. У прамысловым магазіне па-ранейшаму будуць прадавацца буйнагабарытныя тавары, посуд і г.д.“

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *