Мак па-за законам

З 1 чэрвеня па 15 верасня на тэрыторыі вобласці, у тым ліку і Ляхавіцкага раёна, праводзіцца традыцыйны комплекс мерапрыемстваў спецыяльнай праграмы “Мак”. Яго галоўная мэта – недапушчэнне вырошчвання, збору і распаўсюджвання наркаўтрымліваючых культур. Будуць выяўляцца і знішчацца дзікарослыя зараснікі канапель і маку, незаконныя пасевы гэтых раслін на прысядзібных участках.
Артыкул 16.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за вырошчванне згаданых культур без мэты збыту або вырабу наркатычных сродкаў прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь. Незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захаванне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў ці іх прэкурсораў цягнуць крымінальную адказнасць: караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў ці пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў. Гэтыя ж дзеянні, але ўжо з мэтай збыту, цягнуць за сабой пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без яе. Разам з тым, асоба, якая добраахвотна здала наркатычныя ці псіхатропныя сродкі і актыўна садзейнічала раскрыццю ці спыненню злачынства, звязанага з незаконным абаротам гэтых сродкаў, выяўленню асоб, якія яго ўчынілі, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці.
У мінулым годзе падчас аперацыі “Мак” было зарэгістравана 25 фактаў незаконнага вырошчвання маку, знішчана166,8 кілаграма гэтай культуры, зарэгістравана 8 выпадкаў вырошчвання канапель (вага знішчаных пасеваў склала амаль 160 кілаграмаў). Да адміністрацыйнай адказнасці летась прыцягнуты 19 чалавек, сёлета – 5.
Міліцыя звяртаецца да ўсіх грамадзян з просьбай пры наяўнасці інфармацыі пра дзікарослыя зараснікі канапель і маку, іх незаконныя пасевы паведамляць па тэлефонах 102, 2-48-37 у аддзяленне дзяжурнай службы РАУС, участковаму інспектару або оперупаўнаважанаму аддзялення крымінальнага вышуку (8-033 605-63-98). Канфідэнцыяльнасць гарантуецца.
Эльдар ВІЛЬЧКОЎСКІ,
начальнік РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *