Ячмень паспеў

Вось ужо трэці год, як жніво ў раёне пачынаецца з уборкі азімага ячменю. Менавіта тады асобныя сельгаспрадпрыемствы ўпершыню паспрабавалі “дазіравана” яго вырошчваць. На працягу двух наступных сезонаў пасяўныя плошчы гэтай культуры пэўным чынам павялічваліся, да гаспадарак-першапраходцаў далучаліся іншыя. Так сёлета да стадыі ўборачнай спеласці падышло 293 гектары азімага ячменю, што ў рознай колькасці размеркаваны па 6-ці сельгасарганізацыях раёна. І толькі адна з іх, па стану на ўчарашні дзень, да ўборкі пакуль не прыступала. Для ўсіх астатніх жніво-2011 ужо стартавала. І нядрэнна, як здаецца,  калі прыняць да ўвагі не самае спрыяльнае надвор’е на пачатку лета: пры сярэднім зборы ячменнага зерня, блізкім да   37 цэнтнераў з гектара, у асобных гаспадарках гэты паказчык некалькі перавысіў  40 цэнтнераў.

СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, дзе з уборкай сваіх 37 гектараў культуры ўжо справіўся. Не аднолькава важкімі і спелымі падышлі да ўборкі розныя кавалкі ячменнага поля. Напрыклад, найбольш высокія ўчасткі “падгарэлі”, паколькі колас рэагаваў на самы дробязны дотык – пры іх уборцы  патрабавалася асаблівая далікатнасць. Гаспадарка “падняла” паўтары сотні тон зерня. Большую частку гэтага ўраджаю, як адзначыў старшыня сельгаскааператыва Васілій Чубаў, мяркуецца давесці да неабходных стандартаў і выкарыстаць у далейшым у якасці насеннага матэрыялу. На продаж таксама, аднак, і на ўласныя патрэбы, паколькі ўжо ў наступным сезоне мяркуецца пашырыць пасяўныя плошчы. “Гектараў пад 100 думаем”, – удакладніў старшыня СВК.

Адразу за камбайнамі рухаўся прэс-падборшчык. Усю ячменную – як у азімым, так і яравым варыянце – салому СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, звычайна, нарыхтоўвае ў якасці фуражу. А толькі што ўбраныя і вызваленыя ад яе плошчы мяркуецца да канца тыдня засеяць маслічнай рэдзькай — пажніўнай культурай.

Найбольш ранняе паспяванне і, адпаведна, уборка азімага ячменю цікавае яшчэ і таму, што з’яўляецца магчымасць “прыкатаць” камбайны ў справе. Непасрэдна перад масавым уступленнем у жніво. Зусім ужо хутка надыдзе час рапсу – у ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, дарэчы, ужо надышоў.  А там наступіць і час збожжавых.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *