18 летніх сакрэтаў /фота/

Рабяты з летніка «18 сакрэтаў».

Прышкольныя лагеры пачалі работу і напоўнілі канікулы школьнікаў вельмі жыццярадасным настроем, цікавымі справамі. І дзецям добра, і бацькам зручна: з ранку да вечара сын ці дачка заняты карыснымі справамі, пад пільнай увагай педагогаў. Немалаважны плюс на карысць прышкольнага аздараўленчага лагера фінансавы. Поўны кошт пуцёўкі ад 735 да 860 тысяч рублёў (у залежнасці ад узросту дзіцяці). Бацькоўская даплата за 18 дзён у лагеры – ад 75 да 147 тысяч рублёў. Асноўную суму кошту пуцёўкі, як і ў папярэднія гады, аплачвае дзяржава.
У гэтым летнім сезоне ў 15 прышкольных лагерах ва ўсіх навучальных установах раёна, акрамя Ліпскай СШ, адпачываюць 518 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў.

Праз некалькі гадзін знаходжання ў любым з летнікаў разумееш: тут весела і цікава. Непрыкметна ляціць час у незвычайным горадзе пад назвай    “18 сакрэтаў”, што размясціўся ў СШ № 1. 69 хлопчыкаў і дзяўчынак сталі на 18 дзён тутэйшымі жыхарамі. Кожная раніца пачынаецца для іх з лінейкі. Штодзень рабят чакаюць конкурсы, экскурсіі, спартыўныя спаборніцтвы, паходы, заняткі ў любімых гуртках і шмат іншага.
–Учора хадзілі ў бібліятэку. Нам расказвалі пра дзіцячага пісьменніка Уладзіміра Суцеева, паказвалі лялечны спектакль. А яшчэ кожны дзень удзельнічаем у спартыўных спаборніцтвах, –
з захапленнем расказвае дзесяцігадовая Ульяна.
– А мне падабаецца, што можна хадзіць у любімыя гурткі па макрамэ, вышыўцы і разам спяваць. Я і Віка ў пры-школьным лагеры ўжо трэці год. Цяпер наш атрад называецца “Веселуны”, – далучаецца да размовы Насця.
Не стрымліваюць эмоцый і хлопчыкі.
– У атрадзе “Праменьчыкі” мы ўсе – самыя лепшыя сябры. Разам гуляем, малюем. У мяне лепш за ўсё атрымліваюцца аўтамабілі і прырода, – на хаду дзеліцца ўражаннямі васьмігадовы Коля.
– Колік, пабеглі. Пачынаецца футбол! – паклікаў сябра Арцём.
Перабіваючы адзін аднаго, рабяты расказвалі, як смачна іх кормяць у сталоўцы. Харчаванне ва ўсіх прышкольных лагерах трохразовае: сняданак, абед і падвячорак. Што датычыцца рэжыму, то для 50 дзяцей, вучняў 1-3 класаў, прадугледжаны паўтарагадзінны дзённы сон.
Дырэктар летніка Ларыса Шахмуць расшыфравала назву   “18 сакрэтаў”: па сакрэце на кожны дзень. Падарожнічалі па прыпынках “дружба”, “дом Зямлі”, “дзень дзяўчынак”, “дзень хлопчыкаў”. Наперадзе –  паход у кінатэатр, сустрэчы з супрацоўнікамі РАНС. А яшчэ рабят запрасілі ў гарадскі Дом культуры на канцэрт духавога аркестра і на літаратурныя чытанні ў Флер’янова.
Як сцвярджае старшы выхавальнік Святлана Кендыш, яна і яе калегі атрымліваюць зарад бадзёрасці ад таго натхнення, азарту, з якімі дзеці ўдзельнічаюць у жыцці летніка.
У метадычным кабінеце аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама расказалі, што ў кожным прышкольным летніку свая праграма мерапрыемстваў, але ўсё ж галоўны накірунак у пераважнай большасці – аздараўленне. А ў СШ № 2 дзейнічае лагер “Вясёлка”, дзе ў аснове арганізацыя культурнага адпачынку. Усе 74 адпачываючыя тут – пачаткоўцы. Сярод самых яркіх уражанняў у многіх нядаўні паказ экалагічнай моды: ўборы былі зроблены самімі дзецьмі з паперы, пластыкавых бутэлек, лісця, кветак і г.д.
Аматараў адпачынку на прыродзе на стартавай змене прымае аздараўленчы летнік “Чайка”. Першая змена –   спартыўная – доўжыцца ўсяго 9 дзён. Ужо 13 чэрвеня для 100 юных спартсменаў – апошні дзень адпачынку ў “Чайцы”, а праз некалькі дзён летнік зноў напоўніцца дзіцячымі галасамі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “18 летніх сакрэтаў /фота/

  • 11/06/2016 в 09:05
    Permalink

    Привлекает пришкольный лагерь не только организованным отдыхом, но и отличным питанием. Довольны и родители, и дети.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *