Баль у 12 балаў – баль выпускнікоў! /фота new/

Выпускнікі Крывошынскай СШ.

І стала мінулая субота, 11 жніўня 2016 года, у асабістым календары 226-ці адзінаццацікласнікаў раёна (ужо былых), а таксама іх бацькоў, настаўнікаў святам, якое назаўсёды гэты дзень пазначыла чырвоным. Выпускны баль, цудоўны і непаўторны, прыбраны ў шматквецце букетаў і паветраных шароў, аздоблены мелодыяй вальса, якая неслася над плошчай Леніна ў райцэнтры, усміхаўся пяшчотна і радасна, блішчаў слязінкамі і абяцаў шчаслівае заўтра,  у якім сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо не школьнікі, а самастойныя людзі… І ўсё ў іх наперадзе! Мяняюцца часы, пакаленні, а гэта радасць і захапленне застаюцца, усплываюць радкамі, напісанымі паэтам: «Бал в двенадцать баллов – бал выпускников»…

– Ніколі не здраджвайце сваёй мары, будзьце настойлівымі і працавітымі –  і ўсё ў вас атрымаецца, – пажадаў выпускнікам намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Леанід Цупрык. Дзеля гэтага былі гады вучобы ў школе, атрыманыя веды, якія стануць вырашальнымі на ўступных іспытах. Леанід Аляксандравіч падзякаваў педагогам за іх высакародную працу, бацькам за тое, што яны разам са школай выхавалі дастойных сыноў і дачок. І зноў звярнуўся да выпускнікоў з пажаданнем дасягнуць усіх вышынь, якія яны паставяць перад сабою. І няхай гэта будзе не толькі асабіста для іх, але і на карысць любімай Радзімы.
Ніколі не спыняцца на дасягнутым, ісці наперад, імкнуцца стаць лепшымі, заўсёды быць удзячнымі школе, памятаць сваіх настаўнікаў і іх урокі шчыра пажадаў юнакам і дзяўчатам старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч. І выказаў спадзяванне, што сённяшнія выпускнікі стануць дастойнымі грамадзянамі нашай цудоўнай краіны, шчаслівымі людзьмі, адбудуцца як прафесіяналы.
Цёпла і пранікнёна гучалі словы начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святланы Якубоўскай, якія яна адрасавала такім прыгожым, такім юным і ўзнёслым віноўнікам урачыстасці, а таксама калегам і бацькам.
У канве цудоўнага балю, як пацвярджэнне таго, што праца і настойлівасць вядуць да поспеху, – урачысты момант: намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык уручыў пасведчанні аб узнагароджанні прэміямі спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў гімназісткам Ніно Квернадзэ і Юліі Матчэня. А настойлівая паспяховая вучоба, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці самых старанных юнакоў і дзяўчат па традыцыі адзначаны ”золатам” і ”серабром”: з 16 медалістаў раёна 11 – з СШ № 2, па 2 – з СШ № 1 і гімназіі, 1 – з Ліпскай школы.
Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Якубоўская ўручылі медалі іх уладальнікам. Дарэчы, не толькі медалі, але і падзякі, і грашовыя прэміі райвыканкама.
Школьны развітальны вальс… Які ж ён непаўторны і шчымлівы. Клятва выпускнікоў… Віншаванні і падарункі ад самых малодшых вучняў, у якіх школьнае жыццё толькі пачалося… Дзясяткі рознакаляровых паветраных шароў адпусцілі ў палёт яшчэ ўчора школьнікі, заўтра – самастойныя людзі, а сёння – выпускнікі. Светла і радасна на душы, таму што любавацца юнацтвам, верыць у яго – гэта і ёсць жыццё з працягам. І нават чэрвеньскія капрызы – вецер з дажджом – не паўплывалі на святочны настрой. Тым больш, што неба хутка праяснілася і сонечныя промні аблашчылі да неверагоднасці прыгожых, крыху разгубленых выпускнікоў.
З плошчы Леніна ўсе яны разышліся па сваіх школах. На баль развітальны, баль незабыўны і назаўсёды сэрцу дарагі. Што ён такі, у поўнай меры ўсвядоміцца пасля, праз час. Госць свята Леанід Цупрык гэта ведае дакладна: выпускнік СШ № 1 г. Ляхавічы 1971 года, ён далучыўся да сённяшніх “першашкольнікаў” і разам з імі крочыў у сваю альма-матэр. Дзякуй, школа! Мы ўсе імкнёмся да цябе, няхай часам толькі ў думках, але гэта наш сардэчны адрас, які вяртае да вытокаў. Усіх і заўсёды. Вам гэта наканавана таксама, дарагія выпускнікі-2016.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Самая ўраджайная на медалістаў СШ №2

Мы - з СШ№1: Леанід Цупрык з выпускнікамі- 2016 у роднай школе.

One thought on “Баль у 12 балаў – баль выпускнікоў! /фота new/

  • 16/06/2016 в 11:58
    Permalink

    Цудоўная пара юнацтва і прыгажосці, мараў і жаданняў. Не памылюся, калі скажу, што кожны дарослы з настальгіяй узгадвае тыя моманты, калі перад імі быў адкрыты ўвесь свет, скараліся ўсе прыступкі, з лёгкасцю пераадольваліся перашкоды…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *