Аграпорт “Мінск-1”. Усё лепшае, што ёсць у сельскай гаспадарцы і для яе, можна было ўбачыць на “Белагра-2016”

Сотні, у тым ліку і жывых, з дазволу сказаць, экспанатаў. Тысячы наведвальнікаў – ад генералаў вытворчасці да здольных яшчэ здзіўляцца ці не ўсяму навокал дашкольнікаў. Багацце фарбаў, самы шырокі спектр гукаў, разнастайнасць і адмысловасць пахаў. Каларыт ва ўсім, калі скарыстацца лаканічным выразам.
І ўсё гэта пра яе – Міжнародную спецыялізаваную выстаўку “Белагра- 2016”, што надоечы завяршылася ў Мінску.   Дзве пляцоўкі. Пад зводам футбольнага манежа “выстаўляліся” перапрацоўшчыкі-ўпакоўшчыкі сельгаспрадукцыі. А усё астатняе, што так ці інакш з ёй звязана, размясцілася на адкрытых гектарах   аэрапорта “Мінск-1”. З аэра- ён на некалькі дзён ператварыўся ў аграпорт.

Пройдземся па выставачных алеях. Як і вёску ў цэлым, уявіць “Белагра” без цягавітага жалезнага коніка “Беларус” ніяк немагчыма. За прадстаўленымі на выставе вырабамі чытаецца 70-гадовая гісторыя Мінскага трактарнага. І не толькі. Рарытэтная, вельмі старая, старая, сучасная і перспектыўная тэхніка. Ад малютак магутнасцю менш за палову конскай сілы да падобных на цыклапічнага краба МТЗ-4522, выпрабаванні якога яшчэ працягваюцца. Як і ў сельскай гаспадарцы краіны, вартае месца на выставачнай пляцоўцы займае зернеўборачная і іншага пры-значэння тэхніка “Гомсельмаш”. Непадалёку канкурэнт – сусветна вядомы вытворца сельгастэхнікі. З “лінейкі” МАЗаў асаблівай увагі наведвальнікаў заслужыў ралійны экземпляр аўто, удзельнік “Дакараў”, “Шаўковых шляхаў” і іншых прэстыжных міжнародных ралі-рэйдаў. Акрамя рознакаліберных аўтамабіляў-кар’ернікаў, БелАЗ  паказаў бульдозер-гігант уласнай вытворчасці. Шлейф несамаходнай сельскагаспадарчай тэхнікі – як бачыць вока.
Для таго, каб выйсці на ляхавіцкі “след” на “Белагра”, давялося паблукаць па выставачным пятачку. ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” “выступіў” на выставе з прэсам падборшчыкам-абмотчыкам ППА-180, прычапной ротарнай варушылкай ВПР-8,3 і навясной дыскавай касілкай КНД-3,9. Ці быў у наведвальнікаў інтарэс да вырабаў нашых землякоў? Маркетолаг прадпрыемства Святлана Круглік на пытанне адказвае станоўча: падыходзяць, цікавяцца і першай, і другой машынамі, аднак, найчасцей касілкай.
“Жывы куток” “Белагра” адкрывала (ці завяршала – з якога боку паглядзець) “Рыбацкая вёска”. Рыбгасы краіны паказалі тут свой тавар тварам. Звярнуў на сябе ўвагу той факт, што гэты “твар” набывае ўсё больш нетрадыцыйны выраз. Традыцыйныя для нашых вытворцаў віды рыб– карп, таўсталобік, некаторыя іншыя – неяк нават губляліся на фоне прадстаўленых на выставе грацыёзных асятровых і ласасёвых. Дарэчы сказаць, прадукцыю рыбгасаў можна было не толькі сузіраць: юшка коштам 20 тысяч рублёў за порцыю карысталася ў наведвальнікаў вялікім попытам.
Куры, індыкі, трусы і далей – па ўзрастаючай. Лепшыя ў сваіх “вагавых катэгорыях” узоры.
біраў навед-вальнікаў і выставачны стэнд СВК “Жарабковічы”. У стойлах – мадэльныя авечкі і баранчыкі парод прэкас, асканійская, мерыналандшаф. Мяркуючы па тым, што жарабковіцкія авечкі былі на “Белагра” зусім не адзінымі, было відавочна, што гэта падгаліна жывёлагадоўлі атрымлівае развіццё.
Коні-прыгажуны, быкі памерам і магутнасцю параўнальныя з сярэднім “БелАЗам”, і іншае.
Сярод іншага: у рамках 26-й па ліку “Белагра” дзейнічала спецыялізаваная выстаўка “Белферма”. Малочнатаварная ферма ў мініяцюры, калі быць асабліва лаканічным у характарыстыцы гэтай падвыстаўкі. Але з адным вельмі істотным адрозненнем: сабраныя тут сёння кароўкі ўяўлялі сабой лепшыя з лепшых узоры. Яны ж выступілі і ў якасці канкурсантаў рэспубліканскага конкурсу “Лепшая племянная карова малочнай пароды”.
Кожная дробязь у экстэр’еры жывёлы прымалася да ўвагі, канешне ж, яе прадукцыйнасць. цяпер важнае і асабліва прыемнае: па выніках конкурсу вельмі высока “узляцела” Ластаўка з СВК “Ляхавіцкі”. Карова пад такой мянушкай стала другой у намінацыі “Лепшая племянная карова сярод кароў малочных парод па першай лактацыі”. Галоўны жывёлавод гаспадаркі Уладзімір Ксёнжык прывёз з “Бел-агра-2016” не толькі ўражанні. У багажы спецыяліста значыўся таксама спецыяльны дыплом Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, сярэбраны па статусе, але з залатым адлівам кубак.
У мінулую суботу “Бел-агра-2016” завяршыла сваю работу.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Раён на выстаўцы прадстаўлялі ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», СВК «Жарабковічы» і «Ляхавіцкі». Прычапная тэхніка райаграсэрвіса выклікала цікавасць наведвальнікаў, жарабковіцкія авечкі і баранчыкі збіралі дзясяткі гледачоў, а Ластаўка з «Ляхавіцкага» ўзляцела на п’едэстал.

Галоўны заатэхнік СВК «Ляхавіцкі» Уладзімір Ксёнжык, загадчык МТК «Русінавічы» Ігар Бубенчык і Ластаўка.

Маркетолаг Святлана Круглік і дырэктар філіяла «Снабгандаль» ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» Дзяніс Хаванскі ля выставачнага стэнда прадпрыемства.

Магутнасць і гонар айчыннай аграпрамысловасці.

Мілая гадаванка СВК «Жарабковічы».

Вырасту - стану трактарысткай!

Цёпла і прыгожа

One thought on “Аграпорт “Мінск-1”. Усё лепшае, што ёсць у сельскай гаспадарцы і для яе, можна было ўбачыць на “Белагра-2016”

  • 14/06/2016 в 22:00
    Permalink

    Пожалел, что не поехал. Выставка впечатляет маштабами и представленной отечественной техникой.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *