Закансерваваная стабільнасць

Прыкладна 40 працэнтаў раённага валавога “пірага” выпякаецца ў нетрах прамысловасці. У перакладзе на грошы сказанае азначае, што за мінулы год нашымі прампрадпрыемствамі выраблена прадукцыі амаль на 90 мільярдаў рублёў у суадносных цэнах.

Бясспрэчная ў тым роля і важкая доля ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” – суб’екта гаспадарання, работа якога вызначаецца стабільнасцю на працягу многіх ужо гадоў. Эфектыўны менеджмент, рацыянальная арганізацыя працы, пастаянны пільны кантроль за якасцю выпускаемай прадукцыі, рэгулярнае              абнаўленне яе асартыментнага раду і павелічэнне аб’ёмаў выпуску з’яўляюцца асноўнымі таму прычынамі. Для прыкладу,  калі ў 2005 годзе агульная прадукцыйнасць завода раўнялася 14,1 мільёна ўмоўных слоікаў, то ў мінулым склала ўжо амаль 22 мільёны.

Немалаважным складальнікам устойлівасці ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” з’яўляецца наяўнасць у яго структуры зямель сельскагаспадарчага прызначэння. Дзякуючы менавіта падсобнай гаспадарцы прадпрыемства самазабяспечваецца сыравінай пад вытворчасць агароднінных кансерваў прыкладна на 75 працэнтаў ад патрэбы. Гэта, канешне, дадатковыя і немалыя клопаты – вырасціць тыя ж буракі, моркву, цыбулю, кабачкі, шчаўе ці нешта іншае. Аднак,  гэта і дадаткова  змяншае сабекошт гатовай прадукцыі. Акрамя таго, змяншаецца залежнасць завода ад пастаўшчыкоў сыравіны. Нягледзячы на аб’ектыўныя асаблівасці года бягучага, падзення   аб’ёмаў вытворчасці на прадпрыемстве, па словах яго галоўнага эканаміста Вольгі Бурак, не адбываецца і не прагназуецца.

Працягваецца рытмічная, адпаведна сезону работа. Зараз, напрыклад, сезон шчаўя, на перапрацоўцы якога і сканцэнтраваны асноўныя магутнасці завода. Па стану на сярэдзіну мінулага тыдня  на перапра-      цоўку было пастаўлена каля 110 тон зялёнага ліста. На выхадзе атрымлівалася расфасаванае ў паўлітровыя слоікі шчаўе кансерваванае з соллю. Натуральны прадукт: як быў, так і, па-сутнасці, за-стаўся, рэнтабельным у плане экспартных паставак.

Як і для любой сельгасвытворчасці, работа падсобнай гаспадаркі завода знаходзіцца ў прамой залежнасці ад стану   надвор’я. Шукаць спрыяльнасць у сёлетнім гарачым экстрыме    пачатку чэрвеня, перманентных дажджах апошніх некалькіх тыдняў не даводзіцца. Дасталося і шчаўевым плантацыям кансервавага: першы зрэз аказаўся не прыгодным для кансервавання, “дапамог” таксама і град,               што здарыўся некалькі пазней і абсалютна недарэчы, як заўсёды.

Тым не менш, агульныя спадзяванні на ўраджай падсобнай гаспадаркі прадпрыемства, па ацэнцы Вольгі Бурак, даволі аптымістычныя. “Нічога іншага пакуль яшчэ не ўбіралі, але віды добрыя”, – адзначае яна. Хоць і не без асаблівасцяў: цеплалюбівым кабачкам, напрыклад, а пад імі ў падсобнай гаспадарцы занята 10 гектараў, зусім не даспадобы начныя тэмпературы і вада ў міжраддзях.

Не ўсё, што трапляе ў слоікі і становіцца прадуктам кансервавага завода, каранямі “паходзіць” з палеткаў яго падсобнай гаспадаркі. Вырошчваннем асобных відаў агародніны завод не займаецца прынцыпова, культываваць іншыя, як гаворыцца, сабе даражэй. Ды і не такі ўжо багаты па плошчы і прыдатны для вырошчвання розных відаў агракультур зямельны надзел гаспадаркі. Асобныя з інгрэдыентаў для сваіх кансерваў прадпрыемства закупляе. Напрыклад, агуркі, час якіх прыйдзе вельмі хутка, нават, у нейкім сэнсе ўжо прыйшоў. І адносна малая партыя іх закуплена.  Як патлумачыла Вольга Бурак, прапановы продажу агуркоў паступаюць, аднак, прымаць іх прадпрыемства не спяшаецца,  пакуль не сезон. У большасці сваёй агуркі маюць “цяплічнае паходжанне”, дастаткова раннія. Адсюль і цана: “закладзеная” ў сабекошт гатовай прадукцыі, яна робіць гэтую самую прадукцыю менш канкурэнтаздольнай па цэнавым фактары. Іншая справа — разгар сезона, калі колькасць жадаючых “падняць” на агурках капейку ўзрастае шматразова. І вось тут уступае ў дзеянне адзін з асноўных законаў рынку: цана адваротна прапарцыянальная колькасці прапаноў.

Паралельна асноўнаму прадукту Ляхавіцкі кансервавы пачне прымаць у насельніцтва, магчыма – аб’ектаў гаспадарання, і неабходнае для яго вытворчасці дапаўненне: кроп, ліст хрэну.

А вось з чарніцамі, на якія зараз самая пара і, кажуць, дастаткова нябедны ўраджай, кансервавы завод не працуе. Гэта магчыма ў прынцыпе, аднак, складана ў плане рэальнага з выгадай ажыццяўлення. Справа ў тым, што працэс перапрацоўкі мае сэнс у выпадку, калі аднамаментная загрузка вытворчай лініі  складае не менш, чым тону ягады. Зыходзячы з мінулай практыкі, на працягу канкрэтнага адрэзку часу нарыхтаваць такія аб’ёмы чарніц не атрымліваецца.

Апошнія некалькі гадоў на тэрыторыі Ляхавіцкага кансервавага разгортвалася будоўля. Новы, можна сказаць – прынцыпова новы з пункту гледжання тэхналогіі вытворчасці і тэхнічнай аснашчанасці, кансервавы цэх ужо дае прадукцыю, пуск у дзеянне новага цэха па выпуску сокаў – справа зусім блізкай перспектывы.

Асобныя віды вытворчасці прадпрыемства “завязаны” на частковым выкарыстанні імпартных інгрэдыентаў. Напрыклад, сокавы канцэнтрат, таматную пасту даводзіцца ўвозіць з-за межаў краіны. Як з фінансавым аспектам справы?  Па-першае, працуючы на экспарт, завод сам зарабляе валюту. Па-другое, як адзначыла галоўны эканаміст прадпрыемства Вольга Бурак, дзейнічае і нешта накшталт бартарнай  схемы. Гэта калі ў якасці разліку за пастаўленую прадукцыю кансервавага завода адна з мінскіх фірм адпраўляе ў Ляхавічы тую ж таматную пасту, напрыклад.

Рынак ахвочы да ляхавіцкіх агароднінных кансерваў, сокаў, а геаграфія паставак прадукцыі  не абмяжоўваецца Мінскам. “Падкупляе” якасць прадукту, яго максімальная натуральнасць, цэнавы фактар, свежасць дызайну і практычнасць фасоўкі-ўпакоўкі.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *