Агент асобага прызначэння

У дзейнасці страхавога агента на першым плане – работа з кліентамі.

У кожнай прафесіі – свае асаблівасці, адметнасці, якія патрабуюць ад чалавека канкрэтных якасцяў, рыс характару. Напрыклад, страхавому агенту, каб стаць паспяховым, надзвычай патрэбны ўменне супрацоўнічаць, камунікабельнасць, рашучасць, настойлівасць і мабільнасць. Днямі карэспандэнт “ЛВ” вывучаў нюансы работы страхавога агента.  Гідам па прафесіі стала Іанэса Татарыновіч.
– Добрай раніцы, – тэлефануе яна пастаяннаму кліенту страхавой кампаніі. Яе працоўны дзень пачынаецца са зверкі планаў, дамоўленасцяў аб сустрэчы для афармлення дагавораў абавязковага і добраахвотнага страхавання. – Калі лепш падысці да вас па пытанні страхоўкі? У які час больш зручна?
Другі год Іанэса працуе страхавым агентам у прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Ляхавіцкім раёне. За гэты час зарэкамендавала сябе ініцыятыўным спецыялістам, якога цэніць кіраўніцтва, якому давяраюць кліенты. А між тым, трапіла сюды выпадкова: настаўніца рускай мовы і літаратуры пасля закрыцця школы вырашыла паспрабаваць сябе ў іншай справе. Спачатку – пазаштатным работнікам, а потым стала членам згуртаванага калектыву. Тым больш, што са спецыфікай дзейнасці завочна была знаёма: маці Марыя Коршун 9 гадоў працавала страхавым агентам – прапаноўвала землякам ”полісы ад непрыемнасцей”. Выйшла на пенсію, а сваіх кліентаў перадала ў надзейныя рукі, з ахвотай дапамагае дачцэ, дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі.
Расклад дня страхавога агента дакладна распісаны, і мы адпраўляемся па адрасах. Гэта якраз той выпадак, калі работніка ногі кормяць.
– Заходзьце-заходзьце, – гаспадар сядзібы Мікалай Ігнацьевіч шчыра ўсміхаецца і запрашае ў дом. Іанэса афармляе дагавор страхавання на аўтамабіль, нагадвае пра тэрмін абавязковага страхавання дома, прапаноўвае іншыя віды добраахвотнага страхавання, выпісвае квітанцыю. Развітваемся і з добрым настроем адпраўляемся далей.
За дзень “намотвае” пяшком не адзін кіламетр, размаўляе не з адным чалавекам.
– На маім участку пераважная большасць – людзі сярэдняга і сталага ўзросту. З усімі пазнаёмілася, з многімі склаліся даверлівыя адносіны. Рада, што сустракаюць мяне як добрага сябра, – расказвае  Іанэса Іванаўна.
У рабоце спецыялістам дапамагае станоўчы імідж Белдзяржстраху – арганізацыі, якая не падводзіць сваіх кліентаў у самых розных непрадбачаных сітуацыях.
Нашу размову, пакуль вярталіся ў офіс прадстаўніцтва, некалькі разоў перапынялі тэлефонныя званкі – людзі просяць прадоўжыць дагавор абавязковага страхавання маёмасці ці транспартнага сродку, застрахаваць ад няшчасных выпадкаў. На кожны зварот Іанэса абяцае падысці ў зручны для кліента час: ці-то раніцай буднага дня, ці-то вечарам выхаднога.
Дарэчы, зноў жа для зручнасці кліентаў у памяшканні прадстаўніцтва Белдзяржстраху кожны дзень, акрамя нядзелі, да 18 гадзін дзяжурыць супрацоўнік.
– Усе мае калегі шчыра зацікаўлены ў тым, каб нашы землякі не адмаўляліся ад паслуг Белдзяржстраху. Расказваем ім пра навінкі добраахвотнага страхавання, растлумачваем іх сутнасць. І калі пасля размовы чалавек афармляе поліс – гэта самая лепшая адзнака нашай дзейнасці, –  дзеліцца Іанэса Татарыновіч.
Дарэчы, Белдзяржстрах гатовы застрахаваць патэнцыяльную рызыку ў самых розных сферах нашага жыцця: ад магчымага затаплення кватэры з верхніх паверхаў, ці адказнасць за пашкоджанне кватэры знізу, уладальнікі жывёлы маюць магчымасць застрахаваць сваіх гадаванцаў. У поліс могуць быць упісаны мабільнікі, камп’ютары і іншыя гаджэты. У кожнага свой інтарэс і прычыны набыць поліс.
На першы погляд быць страхавым агентам проста. На справе ж, каб адпавядаць, выконваць даведзеныя заданні ( а іх нямала), трэба быць добрым псіхолагам і ў пэўнай ступені бухгалтарам, валодаць яшчэ шмат якімі якасцямі і навыкамі. Стаць страхавым агентам няцяжка, а вось дасягнуць поспеху, адбыцца атрымліваецца не ў кожнага.
… Перад Іанэсай Татарыновіч стос дакументаў. Кожны трэба ўважліва перагледзець, вызначыць, каму з пастаянных кліентаў належыць скідка, каму неабходна прадоўжыць дагавор страхавання, аформіць усе дакументы, здаць выручку ў банк і іншае.
– Добры дзень, вы жадаеце аформіць страхоўку ад непрыемнасцей? Тады нам да вас! – і страхоўшчык рушыць па чарговым адрасе.
Дарэчы, гераіня гэтай публікацыі – адна з 24-х работнікаў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Ляхавіцкім раёне. Усе яны робяць адну справу і шчыра зацікаўлены ў яе поспеху.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *