Зялёная маса з дастаўкай на… пашу

У час дажджоў грамадскі статак раёна стаў траціць прадукцыйнасць: прыкладна на 5 тон у дзень зменшыўся валавы  надой малака ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, мінус склаў 1,1 кілаграма малака ад кожнай каровы. Спачатку, каб спыніць зніжэнне надояў, амаль ва ўсіх гаспадарках пачалі пасвіць жывёлу па аднагадовых травах, двойчы на дзень завозіць на фермы зялёную масу. Гэта ў некаторай ступені стабілізавала становішча, але, каб яго замацаваць, самыя клапатлівыя і прадпрымальныя (СВК “Ляхавіцкі”, “Шлях новы”, ДП “Нача”) пачалі дастаўляць свежа-скошаную зялёную масу прама на пашу. Прыбавілася работы? Несумненна. Аднак, намаганні вартыя таго: надоі ў гэтых гаспадарках не ўпалі, а наадварот сталі павялічвацца.

Праўда, у некаторых сельгаспрадпрыемствах усё больш складана  было касіць адналетнікі на падкормку: зямля набралася вільгаці  — гразла тэхніка. Вось чаму ў СВК ”Ордэна ”Знак Пашаны” Кастрычнік” на сенажаці рэгулярна дзяжурыць цягач. Затое на фермах гаспадаркі заўсёды ёсць зялёны корм для малочнага статка. Тут, а яшчэ ў СВК ”Шлях новы”, “Ляхавіцкі”, ААТ ”Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, у адрозненне ад іншых, знаходзяць магчымасць набыць канцэнтраты для малочнага статка. Большасць жа гаспадарак з-за павышэння цэн на прадукцыю Баранавіцкага камбіната хлебапрадуктаў спыніла закуп канцэнтратаў, адпаведна і выдачу іх жывёле. Гэта і стала, па сутнасці, асноўнай прычынай зніжэння надояў, як, дарэчы, і незахаванне тэхналогіі выпасу і даення.

У СВК ”Ляхавіцкі” ў гэтым плане ўсё ў парадку, надоі ад кожнай каровы павялічваюцца і складаюць у сярэднім па 20,8 кілаграма штодзень. Што датычыць якасных паказчыкаў, то новы комплекс прадае малако толькі гатунку экстра (з 15-ці што-дзённых тон малака, што пастаўляюцца на малочны завод, — як мінімум 10 тон самай высокай якасці). У даволі складаных умовах ”плюс” па надоях малака адзначаецца на фермах СВК “Тальмінавічы”. За паўгода на 528 кілаграмаў на  карову павялічыліся надоі ў ААТ ”Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Дарэчы, гэты паказчык у раёне вышэйшы.

Дзе ж хаваецца той галоўны ”мінус”, які так канкрэтна паўплываў на агульнараённы паказчык? Як паведаміў галоўны заатэхнік райсельгасхарчу Аляксандр Шытаў, што-дзень недадае 5 тон малака СВК ”Жарабковічы” (іменна столькі, на колькі знізіў надоі раён у цэлым). Прычыны відавочныя: незахаванне тэхналогіі пасьбы і даення кароў. Але як можна захаваць патрабаванні, калі няма пашы? Пайзы ў гаспадарцы павінны былі пасеяць 200 гектараў, пасеялі 20. Паўкосных планавалі 200 гектараў, пасеялі 22. Сёння ў СВК ”Жарабковічы” малочны статак падкормліваюць сіласам і то ў абмежаваных аб’ёмах – 20 кілаграмаў на карову. Але ж гэта ніяк не стасуецца з тэхналагічнымі патрабаваннямі. Дапушчальная сумесь – палова зялёнай масы і палова сіласу. Зусім у нязначнай колькасці завозяць зялёную падкормку на фермы ва Улазавічах, Шавялях і Гулічах.

Што датычыць гэтай гаспадаркі, то, па словах Аляксандра Шытава, паўстае і яшчэ адно пытанне: чым збіраюцца карміць грамадскі статак зімой? Планавалі нарыхтаваць 10 тысяч тон сенажу, заклалі толькі 2,1 тысячы тон. З траў першага ўкосу ўзялі ўсяго 1,66 цэнтнера кармавых адзінак на карову (сярэднераённы паказчык – 6,28 цэнтнера). Тут спадзяюцца, што восенню закрыюцца ўсе праблемы, бо ў планах нарыхтоўка кукурузнага сіласу ў вялікіх  аб’ёмах. Аднак, гэты корм не мае тых пажыўных рэчываў, якія ўтрымліваюцца ў сенажы і неабходныя для дойнага статка.

Між іншым, многія гаспадаркі шукаюць і знаходзяць магчымасці, каб папоўніць запасы сенажу: СВК “Ордэна ”Знак Па-шаны” Кастрычнік” косіць зялёную масу ў Будах, “Шлях новы” – у Свяціцы.

Каб атрымліваць стабільныя надоі, патрэбна працаваць над гэтай задачай штодзённа. І найперш — над захаваннем тэхналогіі пасьбы, даення, кармлення і г.д. Што датычыць кармлення, то ў рацыёне абавязкова павінны прысутнічаць канцэнтраты. Як адна з галоўных умоў – сяўба аднагадовых траў (паўкосныя, пайза, пажніўныя). Бясцэнная крыніца росту прадукцыйнасці – пасьба статка па шматкампанентных травах. Так раяць спецыялісты райсельгасхарчу і адзначаюць, што гэта разумеюць практычна ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна. На жаль, яны зноў робяць заўвагу ў адрас СВК “Жарабковічы”, дзе гэтай праблемай амаль не займаюцца.

Аліна ЛАПІЧ
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *