Апошні прыпынак “Урала”. У сакавіку музей Ляхавіцкага РАУС прыняў першых наведвальнікаў

Адрэстаўраваны матацыкл “Урал” з каляскай, на якім гадоў трыццаць пяць назад неслі службу ляхавіцкія супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі, нядаўна стаў цэнтральным экспанатам музея міліцыі. Першых наведвальнікаў музей, які знаходзіцца на другім паверсе будынка РАУС, прыняў сёлета ў сакавіку.
Ёсць тут міліцэйская форма савецкіх часоў з усёй амуніцыяй: скураным планшэтам, кабурой, партупеяй, форма супрацоўнікаў праваахоўных органаў пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Святочны пінжак з мноствам медалёў у музей перадалі родныя былога супрацоўніка міліцыі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Пархомчыка. У інтэр’еры музейнага пакоя – зацёрты стол, друкавальная машынка.
На стэндзе знаходзяцца колішнія памочнікі эксперта-крыміналіста, у тым ліку фотаапарат “Зеніт”. Збіраюцца і іншыя матэрыялы па гісторыі райаддзела.
Побач з рарытэтамі – інфармацыя пра дасягненні сённяшніх міліцыянераў. На ганаровым месцы –  пераходны кубак імя Валерыя Асташонка за высокую эфектыўнасць аператыўна-службовай дзейнасці органаў унутраных спраў у папярэджанні і раскрыцці злачынстваў. Чатыры разы Ляхавіцкі РАУС прызнаваўся лепшым сярод аналагічных падраздзяленняў Брэстчыны.
Ідэя стварэння музея прыйшлася даспадобы ветэранам аддзела ўнутраных спраў. Стараліся Аляксандр Бурбіцкі, Васілій Багдановіч. Свой “Урал” даставіў сюды Іван Бецька. Менавіта ён, тады дзяржаўтаінспектар, быў апошнім гаспадаром жалезнага каня. Сотні кіламетраў наездзіў на матацыкле. Здаралася непаладка – сам рамантаваў. Нямала было выпадкаў, калі дагнаць і спыніць парушальнікаў правілаў дарожнага руху ўдавалася менавіта на “Урале”.
А потым, калі матацыкл спісалі, Іван Бецька выкупіў яго.
– Матацыкл стаяў у гаражы. Я глядзеў на яго і ўспамінаў сваю міліцэйскую службу. Неспакойны быў час, парушальнікаў на дарогах хапала. Міліцыянеры не мелі сённяшніх камп’ютарных магчымасцей, дабрацца да базы даных было не так проста. Больш спадзяваліся на ўласны вопыт і, безумоўна, клапаціліся, каб транспарт заўсёды быў на хаду, – расказвае Іван Адамавіч.
За рэстаўрацыю “Урала” ўзяўся старшы інспектар групы тылавога забеспячэння Дзмітрый Чаркас (дарэчы, у сваёй прафесіі – адзін з лепшых у вобласці). Як гаворыць, нягледзячы на тое, што даўно і добра разбіраецца ў любой тэхніцы, без дапамогі міліцыянера-вадзіцеля Міхаіла Місько не справіўся б. Перабралі жалезны экспанат да вінціка, падрамантавалі, змазалі, пафарбавалі – і хоць сёння на дарогу. Але замест гэтага адправіўся матацыкл у музей.
Экспазіцыю праз пэўны час папоўніць і аўтамабіль “Волга-21” 1969 года выпуску, рамонтам-рэстаўрацыяй якога займаюцца ў свабодны ад службы час.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Апошні прыпынак “Урала”. У сакавіку музей Ляхавіцкага РАУС прыняў першых наведвальнікаў

  • 16/06/2016 в 09:57
    Permalink

    Хорошо придумали наши милиционеры! Экспонаты с особенной историей сотрудников, ветеранов милиции.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *