Аптэчная гісторыя

Загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі Лідзія Каласоўская (у цэнтры) з калегамі Вольгай Шукала, Аленай Русінай, Ірынай Званковіч, Соф’яй Кірмель.

Прывычна накіроўваемся ў аптэкі нашага райцэнтра. Ветлівыя супрацоўнікі, вялікі выбар лекавых сродкаў, культурнае абслугоўванне, магчымасць атрымаць па рэцэпце прэпарат, ці заказаць, калі такога ў даны момант у наяўнасці няма, набыць неабходныя кожнай сям’і прадметы медыцынскага прызначэння – усё гэта і многае іншае даўно стала нормай, стандартам, у адносінах да якога ў землякоў пажаданне, каб планка не зніжалася, а наадварот станавілася больш высокай. У нашым раёне працуюць шэсць аптэк, і як запэўнівае загадчыца ЦРА № 56 Лідзія Каласоўская, усе яны маюць добрую матэрыяльна-тэхнічную базу і прытрымліваюцца асноўнага прынцыпу ў рабоце – клопат пра здароўе людзей. У 23 населеных пунктах, дзе няма аптэк, рознічную рэалізацыю лекавых сродкаў ажыццяўляюць медработнікі ФАПаў, натуральна, ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
І, самае галоўнае, што перадвызначае гэты расклад, – людзі ў белых халатах, для якіх аптэчная справа стала не проста іх прафесіяй, а справай жыцця.

А пачыналася ўсё амаль паўтара стагоддзя назад. Лідзія Каласоўская прапанавала невялікі экскурс у гісторыю сваёй установы, падкрэсліўшы, што сёлета ў аптэчнай службы раёна юбілей: 140 гадоў назад адкрылася першая аптэка ў Ляхавічах і 85 гадоў назад – у Крывошыне і Мядзведзічах. У 1876 годзе насельніцтва мястэчка Ляхавічы складала каля 2 тысяч чалавек. Правізар Ракоўскі адкрыў для іх першую аптэку, уладальнікам якой праз год стаў І. Амбражэвіч, а праз чатыры – Уладзіслаў Мілер. Яе катэгорыя дазваляла выраб лекавых сродкаў, і ў 1881 годзе, напрыклад, сюды паступіла 792 рэцэпты. Праз 8 гадоў, калі ўпраўляючым быў правізар Пашкевіч, колькасць паступіўшых рэцэптаў перавысіла 3500.

Мяняліся ўладальнікі, упраўляючыя, даход аптэк быў невялікім. Да пачатку Першай сусветнай вайны на тэрыторыі сённяшняга Ляхавіцкага раёна насельніцтва складала каля 45 тысяч жыхароў. У некаторых вёсках дзейнічалі аптэкарскія магазіны. У 1916 годзе ў Востраве размяшчалася “заразная” бальніца медыцынскага бюро камітэта ўсерасійскага земскага саюза дапамогі хворым і параненым, пры ёй функцыянавала аптэка.

А ў ляхавіцкай у так званы польскі перыяд змяніліся тры гаспадары: Мальвіна Мілер, Уладзіслаў Клюк, Хаім Курхім. Дарэчы, двое апошніх мелі вышэйшую фармацэўтычную адукацыю.  У 1931 годзе адкрылася аптэка ў Крывошыне і яе філіял у Востраве. У гэты ж час з’явілася трэцяя па катэгорыі “нармальная” – у Мядзведзічах.

З архіўных дакументаў, а таксама з успамінаў былых работнікаў вядома, што ў час Вялікай Айчыннай вайны ляхавіцкая і востраўская аптэкі працягвалі працаваць. Цікавы факт: у Ляхавічах ёю кіравала Вольга Цітовіч –  жонка заснавальніка беларускага народнага хору Генадзія Цітовіча, у Востраве – Гаўрыіл Хвясько. Аптэчныя работнікі забяспечвалі лекавымі сродкамі і перавязачнымі матэрыяламі партызан. Аналагічныя кропкі ў Крывошыне і Мядзведзічах не функцыянавалі, таму што іх уладальнікаў і ўпраўляючых за таго, што яны былі яўрэямі, расстралялі фашысты.

А пасля вызвалення Ляхавіцкага раёна ад фашысцкай акупацыі, аптэкі пачалі аднаўляцца. Фёдар Паляшчук, Марыя Рускевіч, Фёдар Зотаў, Марына Пушкоўцава –  гэтыя людзі ў пасляваенныя гады зрабілі вельмі многа, каб патрэбная землякам служба працавала і задавальняла людскія патрэбы, па максімуму спрыяла развіццю аховы здароўя ў раёне. Вялікі ўклад у гэта ўнеслі Галіна Гапеенка, Надзея і Васілій Вайніловічы, Ганна Машкей і многія іншыя.

Сённяшнія ўмовы працы нават і параўнаць нельга з тымі, якія былі ў аптэкараў калісьці. Як нельга параўнаць маштабы работы і шматбаковасць абавязкаў. Аднак відавочна адно: традыцыі першых працягваюць іх паслядоўнікі, прымнажаючы і робячы свае акцэнты з улікам часу, з улікам навейшых распрацовак і магчымасцей.

У аптэцы № 231 гаспадараць Галіна Коктыш і Святлана Каролік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *