На мове тэрапіі /фота/

Слова «тэрапія» ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае лячэнне, клопат, догляд. Гэта ва ўсе часы з’яўляецца канстантай і для тэрапеўтычнага аддзялення Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы.  Сярод самых распаўсюджаных дыягназаў яго пацыентаў – захворванні сістэмы кровазвароту, сэрца, органаў дыхання, эндакрынныя, артэрыяльная гіпертэнзія і іншыя, пералічвае загадчык аддзялення Міхаіл Буйкевіч. Кіруе ён гэтым падраздзяленнем бальніцы некалькі месяцаў, але ў прафесіі без малога тры дзесяцігоддзі, заўсёды адкрыты новаму і прагрэсіўнаму. З нядаўняга часу ў стацыянары, напрыклад, сталі аднаўляць сардэчны рытм шляхам дэфібрыляцыі, больш шырока прымяняюць мікраструменнае ўвядзенне лякарства.

На гадзінніку 6.30. Пакуль адны пацыенты сонна пацягваюцца, іншыя ўжо бадзёра крочаць па калідоры, прымаюць гігіенічныя працэдуры. А медперсанал заняты выкананнем сваіх шматлікіх абавязкаў.

Старажыл тэрапіі медсястра Алена Кульчык як прыйшла пасля заканчэння медвучылішча, так і засталася тут – ужо 36 гадоў у аддзяленні. Узгадвае, як мяняліся ўмовы працы і лячэння, як будавалася бальніца, як з хваляваннем рыхтаваліся да адкрыцця. Пра “было” і непараўнальнае “стала” Алена Васільеўна можа расказаць многа:

– Усё непазнавальна змянілася: ад шпрыцаў і сістэм для кропельніц да медабсталявання, дарэчы, раней у аддзяленні быў толькі электракардыёграф. Каб блішчалі стэрылізатары, іх шаравалі… пяском. А паглядзіце, якія сёння ў нас светлыя і ўтульныя палаты…

Настаўнік маладых калег і Людміла Варанчак, медстаж якой больш за тры дзесяцігоддзі. Святлана Арцём, Галіна Дземідзенка, Алена Чарамных і іншыя сястрычкі тэрапіі адказна і добрасумленна ставяцца да сваіх абавязкаў, спрытна і ўмела іх выконваюць. Клапаціцца пра хворых з суперажываннем і ўвагай таксама частка іх прафесіі: часам падтрымка і спагада, добрае слова могуць зрабіць цуд.

Літаральна па хвілінах распісаны дзень працэдурнай медсястры Алесі Тарлюк. Праз яе рукі і рукі яе калегі Таццяны Арэхвы праходзіць кожны пацыент аддзялення.

Заўсёдны парадак у палатах, на калідорах, у сталовай, ваннай падтрымлівае малодшы персанал – санітаркі.

Сняданак, абед і вячэра ў бальніцы – па раскладзе. Далёка хадзіць не трэба, сталовая на месцы. Харчаванне здаровае і карыснае. І, як адзначаюць пацыенты, вельмі смачна гатуюць тут – “ па -дамашняму”.

Час да абеду ляціць незаўважна – лячэнне, ЭКГ, УГД, іншыя дыягнастычныя працэдуры ў адпаведнасці з назначэннем. Важны пункт у рэжыме дня стацыянара – урачэбны абход. Пацыенты чакаюць доктара з мноствам пытанняў, уважліва ловяць кожнае яго слова…

Тэрапеўты Алег Арлоўскі і Андрэй Курак – маладыя спецыялісты. А калі іх двухгадовыя самастойныя будні памножыць на важкі вопыт загадчыка аддзялення Міхаіла Буйкевіча, можна смела сцвярджаць – пацыенты ў надзейных руках. Урачы пастаянна павышаюць прафесійны ўзровень. Вітаецца не толькі самаадукацыя. Важная частка падтрымання прафесійнай формы – абмен вопытам з калегамі, курсы, семінары. А загадчык аддзялення ўдзельнічаў у першым міжнародным кангрэсе кардыёлагаў і тэрапеўтаў, які праходзіў у Мінску.

Тэрапеўтычнае не жыве замкнутым, адасобленым жыццём – цесна ўзаемадзейнічае з іншымі аддзяленнямі, адзначае Міхаіл Буйкевіч. Да тых пацыентаў, хто не можа хадзіць, неўролаг, эндакрынолаг, ЛОР і іншыя спецыялісты прыходзяць для кансультацый непасрэдна ў палаты. Такая сувязь падмацавана і сучаснымі схемамі лячэння. Напрыклад, захворванні сасудаў сёння лечаць і тэрапеўтычнымі метадамі, і хірургічнымі, тое ж датычыцца і суставаў. Усе цяжкія хворыя перш чым трапіць у тэрапію, праходзяць праз рэанімацыю.

Вялікай падмогай для тутэйшых медыкаў стала нядаўняе адкрыццё ў Баранавічах міжраённага кардыялагічнага цэнтра. Адсюль два разы на месяц у Ляхавічы прыязджаюць кардыёлагі для кансультацый, вызначаюць, каму неабходна планавае абследаванне ў іх цэнтры. Блізкасць такой установы станоўча адбілася на лячэнні сардэчна-сасудзістых захворванняў. Па словах Міхаіла Уладзіміравіча, пры дыягностыцы інфаркту, інсульту галоўнае не ўпусціць час: рэанімабіль з Ляхавіч у выпадку неабходнасці тэрмінова дастаўляе хворага ў Баранавічы, і прынятыя меры дазваляюць чалавеку не стаць інвалідам, заставацца актыўным. З красавіка тром нашым землякам была аказана такая аператыўная дапамога.

Безумоўна, не ўсё залежыць ад урача. Складана дапамагчы тым, хто займаецца самалячэннем. Доктар настойліва заклікае не цягнуць са зваротам да медыкаў. У кабінеце загадчыка аддзялення тэрапіі дзверы, у літаральным сэнсе, не зачыняюцца: паступаюць хворыя, прыходзяць пацыенты і іх родныя, медсёстры.

У мінулым годзе ў тэрапеўтычным пралячыліся 1858 чалавек, сёлета –  каля 700. Асаблівая ўвага – ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Для іх – дзве камфартабельныя аднамесныя палаты.

… З 15 да 17 гадзін –  ціхі час, пасля якога пацыентаў могуць наведваць родныя і сябры. Ёсць магчымасць паглядзець тэлевізар, пачытаць, згуляць партыю-другую ў шашкі. У добрае надвор’е многія любяць прайсціся па двары бальніцы, пасядзець на лаўцы, палюбавацца кветкамі ці падыхаць свежым паветрам.

…Надыходзіць час адбою. Пацыенты прынялі назначаныя лекі, працэдуры і занялі свае ложкі. Дарэчы, у мінулым годзе на адным з пастоў яны былі поўнасцю заменены, закуплены матрацы, абноўлена іншая мэбля. У планах – такія ж абноўкі і на другім пасту тэрапіі.

Старшая медсястра і першы памочнік загадчыка аддзялення Таццяна Гурыновіч адзначае, што ў практыку тут увайшло анкетаванне пацыентаў. Гэта дапамагае калектыву аддзялення ўдасканальвацца з улікам меркаванняў хворых, рабіць іх знаходжанне ў тэрапіі яшчэ больш камфортным і зручным, а галоўнае, эфектыўным. Больш важкай адзнакі для медыкаў, пэўна, няма.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Ад шчырага сэрца!
Выказваем шчырую ўдзячнасць урачам дзіцячага аддзялення Ляхавіцкай райбальніцы Вармахоўскай Марыне Антонаўне, Грыцкевіч  Вользе Іванаўне, Драздовіч Інэсе Канстанцінаўне за прафесіяналізм, а таксама ўсяму персаналу дзіцячага аддзялення за ўважлівыя адносіны, дапамогу ў лячэнні Сцепанюка Уладзіслава.
Віншуем з Днём медыцынскіх работнікаў. Поспехаў у працы, дабрабыту ў вашых сем’ях, моцнага здароўя.
З павагай, сям’я Сцепанюк, в. Альхоўцы.

Выказваю шчырую ўдзячнасць загадчыку тэрапеўтычнага аддзялення Буйкевічу Міхаілу Уладзіміравічу і ўсяму калектыву аддзялення, урачу Літвіненка Таццяне Міхайлаўне, участковаму тэрапеўту Івановай Алене Вячаславаўне за высокі прафесіяналізм, добразычлівыя і ветлівыя адносіны. Дзякуй вам, паважаныя, за вашу высакародную працу. Віншую з Днём медыцынскіх работнікаў! Жадаю поспехаў і дабрабыту ў вашых сем’ях. Няхай вам спадарожнічаюць здароўе, шчасце і ўдача.
З удзячнасцю, Тумаш Алена Уладзіміраўна.

Загадчык аддзялення Міхаіл Буйкевіч і старшая медсястра Таццяна Гурыновіч.

Працэдурная медсястра Алеся Тарлюк.

Тэрапеўты Андрэй Курак і Алег Арлоўскі.

Медсёстры Людміла Варанчак і Алена Кульчык.

На мове тэрапіі /фота/: 1 комментарий

  • 18/06/2016 в 23:52
    Permalink

    Хочу от всей души сказать огромное спасибо молодому, перспективному и симпотичному специалисту в своем деле Орловскому Олегу Сергеевичу. В прошлом году благодаря его навыкам и умениям, мне удалось полностью забыть о моей индивидуальной проблеме, которая волновала меня на протяжении долгих лет жизни. Сегодня, я не живу мыслью об отклонениях, в полной мере наслаждаюсь и от всей души благодарен Олегу Сергеевичу за его труд.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *