І гэта – пачатак. Кантакты паміж Ляхавіцкім раёнам і Лэнчненскім паветам Люблінскага ваяводства Рэспублікі Польшча развіваюцца на карысць абодвум бакам

Добрасуседскія сувязі паміж нашым раёнам і Лэнчненскім паветам Люблінскага ваяводства Польшчы ўмацоўваюцца. Літаральна днямі Ляхавіччыну наведалі польскія госці, наведалі з канкрэтнымі мэтамі і інтарэсам, да якіх смела можна дадаць вызначэнне «ўзаемныя», таму што надзвычай актуальныя і для ляхавічан.

Кароткая рабочая паездка польскай дэлегацыі ў наш раён, тым не менш, была даволі выніковай. Дасягнуты пэўныя дамоўленасці па пытаннях, у рашэнні якіх зацікаўлены і Ляхавіччына, і нашы польскія госці.   Дэлегацыя на чале з кіраўніком павета Раманам Халевам, у склад якой увайшлі войты гмін Людвін і Пухачув, вядучыя спецыялісты-рэстаўратары і прадстаўнікі Міністэрства культуры з Варшавы, а таксама віцэ-консул Рэспублікі Польшча ў Брэсце Катажына Рытко, і ляхавіцкі бок узгаднялі магчымасці сумеснай работы па падрыхтоўцы дакументацыі на рэстаўрацыю гістарычнага комплексу ў Грушаўцы.

Як вядома, гэта радзіма нашага знакамітага земляка Тадэвуша Рэйтана, які пакінуў след і ў беларускай, і ў польскай гісторыі. Госці ў суправаджэнні гаспадароў пабывалі ў Грушаўцы. Агледзелі гэтыя мясціны, цікавіліся меркаваннямі наконт аднаўлення будынкаў у іх першасным выглядзе.

У працэсе дзелавых перагавораў з кіраўніцтвам раёна выпрацаваны план па зборы і падрыхтоўцы неабходных матэрыялаў. Госці былі ўражаны ўбачаным і намерамі ляхавічан на сумесныя дзеянні па аднаўленні грушаўскіх сядзібы і капліцы. Як адзначыла кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна, данае аднаўленне павінна стаць крокам для стварэння тут, у Грушаўцы, музея і рэгіянальнага турыстычнага цэнтра. Калі  гаварыць пра перспектыву, то Ляхавіччына з яе багатай гісторыяй можа стаць прывабным турыстычным маршрутам.

Госці таксама пабывалі ва ўрочышчы Рэпіхава, аздараўленчым лагеры «Чайка». Падпісана двухбаковае пагадненне, згодна якому ў канцы ліпеня група польскіх дзяцей прыедзе на адпачынак у наш летнік. А летась ляхавіцкія хлопчыкі і дзяўчынкі скарысталіся гасціннасцю польскіх сяброў, якія прымалі іх у сябе.

Дарэчы, дзякуючы ляхавіцка-лэнчненскім кантактам расшыраюцца экспартныя адрасы раёна. У прыватнасці, гэта датычыць «Трансэлектракамплекта», пастаўкі прадукцыі якога наладжаны ў Польшчу. Ёсць усе падставы спадзявацца, што і ў азначанай галіне гэта толькі пачатак.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *