Ёсць патэнцыял для росту і развіцця

Станоўчы натуральны прырост насельніцтва, які адзначаецца ў Брэсцкай вобласці, з’яўляецца вынікам мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі ў сацыяльнай сферы. Пра гэта заявіў на сходзе дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу ад Брэсцкай вобласці старшыня аблвыканкама Анатолій Ліс.
«Дзякуючы сур’ёзнай дзяржаўнай падтрымцы і мерапрыемствам, накіраваным на паляпшэнне якасці медыцынскага абслугоўвання, у вобласці дасягнуты станоўчы натуральны прырост насельніцтва. На 1 чэрвеня гэтага года ён склаў плюс 198 чалавек. На правядзенне будаўнічых і рамонтных работ ў 2011-2015 гадах зрасходавана звыш Вr1,7 трыльёнаў. Акрамя таго, на перааснашчэнне і дааснашчэнне медыцынскім абсталяваннем лячэбных устаноў вобласці за пяць гадоў было затрачана больш за Вr280 мільярдаў», – паведаміў   губернатар.
На будаўніцтва аб’ектаў адукацыі за гэты перыяд затрачана каля Вr990 мільярдаў. Уведзены ў эксплуатацыю 10 школ, 17 дашкольных устаноў. Замест закрытых школ-інтэрнатаў пабудаваны 24 аднакватэрныя дамы для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апёкі бацькоў.

За бліжэйшую пяцігодку ў вобласці плануецца пабудаваць 8 дзіцячых садоў на 2 тысячы месцаў. «Гэта адно з пытанняў, вычарпальны адказ на якое трэба даць грамадскасці», – падкрэсліў губернатар. Пры гэтым ён адзначыў, што ў цэлым колькасць месцаў у дашкольных установах у рэгіёне перавышае колькасць маючых патрэбу ў іх дзяцей. Дэфіцытам з’яўляюцца месцы ў дзіцячых садах крокавай даступнасці, асабліва там, дзе ідзе інтэнсіўнае жыллёвае будаўніцтва. «Мы павінны разумець жаданне людзей. Будаўніцтва новых дзіцячых садоў патрабуе сродкаў і часу. Нам неабходна звярнуць увагу на прыватных інвестараў, якія пакуль не спяшаюцца ўкладваць сродкі ў арганізацыю паслуг па дашкольным выхаванні. Але тут не хапае і нарматыўнай базы. Гэта пытанне трэба абмяркоўваць больш актыўна», – выказаў меркаванне кіраўнік Брэстчыны.
На абласным сходзе  дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу былі прааналізаваны вынікі рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці за мінулую пяцігодку і намечаны асноўныя накірункі работы народнагаспадарчага комплексу рэгіёна на 2016-2020 гады».
«Асноўнай задачай для вобласці на бліжэйшыя пяць гадоў стане далейшае павышэнне дабрабыту насельніцтва, рашэнне актуальных пытанняў жыццядзейнасці людзей, забеспячэнне поўнай занятасці, стварэнне ўмоў для росту заработнай платы праз павышэнне эфектыўнасці эканомікі. Так, за пяцігодку ў Брэсцкай вобласці плануецца павялічыць рэальную заработную плату на 13,5 працэнта, намінальная вырасце ў 1,7 раза, прадукцыйнасць працы – на 16,6 працэнта. Аб’ём валавага рэгіянальнага прадукту павінен павялічыцца больш як на 11 працэнтаў», – агучыў задачы старшыня аблвыканкама.
Сярод задач для сельскагаспадарчых арганізацый – да канца бягучай пяцігодкі выйсці на самафінансаванне. Анатолій Ліс адзначыў важкасць сельскагаспадарчай галіны для эканомікі рэгіёна. За 5 гадоў істотна абнавілася матэрыяльна-тэхнічная база сельгасарганізацый. Гэтаму садзейнічала інвеставанне ў АПК вобласці каля 18 трыльёнаў рублёў. Грошы, інвеставаныя ў сельскую гаспадарку вобласці, павінны працаваць і даваць вынік – перакананы старшыня аблвыканкама.
Святлана ВЯЧОРКА,
БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *