Цэлае складаецца з частак

Ляхавіччына на карце Беларусі займае даволі сціплую па памерах тэрыторыю. Тым не менш, з’яўляецца паўнавартаснай адміністрацыйнай адзінкай, адным з 118 раёнаў краіны, адным з 16 – Брэстчыны. Тыповы сваёй аграрнай накіраванасцю, асаблівы самабытнай культурай, багатай гісторыяй, слаўны працавітымі, руплівымі, таленавітымі людзьмі, ён развіваецца разам з усёй краінай. Ёсць шмат пазітыўных змен і тэндэнцый апошняга пяцігоддзя, якія датычаць усіх бакоў жыцця. Ёсць задачы, над рашэннем якіх належыць працаваць. У праекце асноўных палажэнняў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бліжэйшую пяцігодку яны вызначаны для ўсёй краіны.
Пра дасягнутае і пра бачанне перспектыў, шляхоў пераадолення існуючых праблем гаварыў перад ад’ездам на пяты Усебеларускі народны сход яго дэлегат старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч з карэспандэнтам “ЛВ”.

– Вячаслаў Лукіч, што галоўнае, першачарговае вы вызначылі б, калі азірнуцца на прайшоўшае пяцігоддзе?

– У цэнтры дзяржаўнай палітыкі – клопат пра людзей. Клопат, які патрабуе да ўсяго іншага вялікіх грашовых укладанняў: сацыяльная сфера (медыцына, адукацыя, культура і г.д.) утрымліваецца і развіваецца за кошт бюджэта. Бюджэт жа, яго напаўняльнасць залежаць ад узроўню эканомікі, які, у сваю чаргу, адлюстроўвае стан вытворчасці.

Не буду называць лічбавыя паказчыкі, давайце адрасна канкрэтызуем вытворчую сітуацыю, адметнай рысай якой стала мадэрнізацыя. Буйнейшы раённы праект, ажыццёўлены па дзяржаўнай праграме з важкай дзяржаўнай падтрымкай, датычыў ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. Пра яго паспяховасць гаворыць занясенне прадпрыемства на Рэспубліканскую дошку Гонару, што 15 чэрвеня зацверджана ўказам Прэзідэнта краіны. Высокатэхналагічная вытворчасць забяспечвае высокія аб’ёмы і якасць, адпаведна – канкурэнтаздольнасць выпускаемай прадукцыі. Разам з тым бясспрэчна і наяўнасць нявыкарыстанага патэнцыялу. Часам тэхнічная мадэрнізацыя значна апярэджвае неабходныя змяненні ў псіхалогіі, узровень ведаў і навыкаў кадраў. Будзем працаваць у гэтым напрамку, павышаць кваліфікацыю рабочых і спецыялістаў, вырошчваць лён, з якога атрымліваецца высоканумарнае валакно, пашыраць геаграфію экспарту, нарошчваць якасныя і колькасныя параметры.

На ўзорным прадпрыемстве СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” фактычна мадэрнізацыя не спыняецца. Перамогі ў шматлікіх конкурсах самага высокага ўзроўню на лепшую прадукцыю – не самамэта, а афіцыйная ацэнка, якая пацвярджае тую, што выстаўляюць спажыўцы выбарам на карысць “Ляхавічка”, “Ляхавіцкага”, “Унучка Ляхавічка”. Завод сярод актыўных экспартных пастаўшчыкоў нашага раёна.

Спрыяе мадэрнізацыя і паляпшэнню эканамічнай сітуацыі на ТБЗ “Ляхавіцкі”. Сёлетняя пазітыўная тэндэнцыя вытворчасці, экспартны “плюс” дазваляюць спадзявацца, што справы пайшлі на лад, тым больш ва ўмовах актыўнага выкарыстання мясцовых відаў паліва.

Перспектывы развіцця старэйшага прадпрыемства раёна кансервавага завода таксама ў прамой залежнасці ад сучасных перамен. Яго далейшы лёс звязваю з выпускам новай прадукцыі. Кансервам высокай якасці павінны адпавядаць і рознааб’ёмная зручная ўпакоўка, і ўсё тое, што робіць прадукцыю пазнавальнай. Маю на ўвазе зацвярджэнне і прасоўванне брэнда на рынку. Раён зацікаўлены ў тым, каб не толькі захаваць гэтую вытворчасць, а значыць і калектыў, але і развіваць яе.

Падкрэслю надзвычай уплывовую ролю так званага суб’ектыўнага фактара ў вытворча-эканамічным развіцці – і кіраўнік, і спецыяліст, і рабочы ў адказе за вынік. Ад гэтага залежыць не толькі зарплата кожнага, але тое, што мае раён, вобласць, краіна. Паўтару, цэлае складаецца з частак.

– Адметнасцю нашых дзён з’яўляецца актыўнае развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Наш раён не выключэнне.

– Больш таго, у раёне даволі спрыяльны клімат для развіцця прадпрымальніцтва. Красамоўны факт: амаль трэцяя частка раённага бюджэту (да 30 працэнтаў) фарміруецца за кошт малога і сярэднягя бізнесу. Прадпрымальніцтва прадстаўлена рознапланавай вытворчасцю – ад невялікіх па маштабах дзейнасці прыватных структур да прадпрыемстваў даволі паспяховых, з саліднымі аб’ёмамі і абаротам у мільярды рублёў. Адно ЗТАА “БелДан” чаго вартае. Акрамя як буйным вытворцам свініны па дацкай тэхналогіі, гэта прадпрыемства можна назваць узорным па адносінах да зямлі і да людзей. У практыцы “БелДана” спонсарская дапамога ўстановам адукацыі, аховы здароўя, культуры.

Трывала стаіць на нагах ЗАТ “Белпрампрыбор”, які ў станоўчым сэнсе паказальны па надоях і асабліва па прывагах жывёлы не толькі ў раёне, вобласці, але і ў рэспубліцы. Ёсць у нас і ўнікальныя адрасы прадпрымальніцтва, у першую чаргу, паспяховы і запатрабаваны на міжнародным рынку “Трансэлектракамплект”. “МАЗаўскім” дылерам з’яўляецца аўтацэнтр “Вікторыя”. Назаву ліцейную вытворчасць “ТМТ”, не новыя ў раёне, але ўнікальныя “Інтэрлак”, “Металапластмас”, “Ляхавічыдрэў”, які пастаўляе практычна ўсю прадукцыю на экспарт.

Асобна адзначу фермерства. Прычым, калі піянеры гэтай справы пачыналі з дзясятка гектараў, то цяпер у нас ёсць прыклады даволі маштабныя.

Спрыяе ўсяму гэтаму лаяльная дзяржаўная палітыка, якая на мясцовым узроўні ўвасабляецца ў вельмі ўважлівае і з разуменнем стаўленне да прадпрымальніцтва, яго падтрымку. Няма праблем з выбарам месца для вытворчасці, не бывае бюракратычнай валакіты пры афармленні неабходнай дакументацыі. Калі што і будзе мяняцца ў гэтым накірунку, то толькі ў лепшы бок.

– Пры ўсім гэтым наш раён мае аграрную накіраванасць. Вячаслаў Лукіч, як вы ацэньваеце стан сельскагаспадарчай вытворчасці Ляхавіччыны?

– Без хлеба надзённага жыць немагчыма, і гэты хлеб для краіны вырошчваюць вяскоўцы. Сельскагаспадарчая галіна – не выключэнне, а яркі прыклад таго, як мадэрнізацыя вытворчасці павышае магчымасці і планкі дасягненняў. Укараненне сучасных тэхналогій ў земляробстве дазволілі летась упершыню ў гісторыі раёна дасягнуць 83 000-тоннага намалоту зерня. Абсалютна перакананы, што 100 000 тон – бліжэйшая перспектыва.

Разам з тым акцэнты ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці будзем рабіць на жывёлагадоўлю. У раёне ёсць некалькі выдатных малочнатаварных комплексаў, шмат адрамантаваных, з сучасным абсталяваннем МТФ. Вопыт пацвердзіў: высокую якасць прадукцыі пры росце яе колькасці магчыма забяспечыць толькі ў такіх умовах. Будзе працягвацца рэканструкцыя і мадэрнізацыя памяшканняў і ўсяго тэхналагічнага працэсу ў малочнай жывёлагадоўлі, развіццё і ўмацаванне кармавой базы.

Асобнай задачай вызначу рост пагалоўя статка. Лічу, што ў нашым раёне ён пры аптымальным раскладзе павінен павялічыцца на 40 працэнтаў.

І яшчэ адна акалічнасць. Ляхавіцкі малочны завод у стане за суткі перапрацаваць 250 тон малака, перапрацоўвае ж 150 тон – столькі, колькі паступае на вытворчасць. Што такое малако для гаспадарак, пераконваць не трэба: жывыя грошы. Каб іх мець, неабходна і пагалоўе нарошчваць, і надоі, і пра якасць дбаць. Прадукцыйнасць дойнага статка ў нашым раёне павінна быць 6300-6500 кілаграмаў малака на карову ў год. Каментарыі тут не патрэбныя.

Дзяржава падтрымлівае аграрны сектар, пры гэтым мэта пастаўлена канкрэтная: наладзіць справы ў сельгаспрадпрыемствах такім чынам, каб яны выйшлі на самафінансаванне.

Слабымі сельгаспрадпрыемствы становяцца часцей з-за суб’ектыўных прычын. Пытанне – на кантролі ўлады. Напрыклад, мы прымянілі ў КСУП “Тальмінавічы” абсалютна новы для аграпрамысловага комплексу рэспублікі падыход да рэфармавання гаспадаркі і кіравання ёю. Пакуль зроблены першыя крокі, якія могуць завяршыцца набыццём у прыватную ўласнасць гэтага сельгаспрадпрыемства. Прымаць рашэнне раённая ўлада будзе пасля дэталёвага вывучэння вытворча-эканамічнай сітуацыі з улікам рашэння сацыяльных пытанняў і г. д.

І ў буйных гаспадарках, і ў больш сціплых па памерах не абысціся без новага будаўніцтва. Хутка будуць завершаны работы на новай ферме СВК “Жарабковічы”. 40 гадоў тут не ўзводзіліся такія аб’екты. Думаю, перавагі адчуюцца адразу, як і пры ўводзе ў эксплуатацыю другой чаргі Падбароччанскага комплексу райаграсэрвіса, комплексу ”Сакуны” «Шляху новага».

– А якія галоўныя кропкі прыкладання сіл і сродкаў у сацыяльнай сферы?

– Задачай улады з’яўляецца клопат пра людзей, увага да іх запатрабаванняў, рэальная дапамога ў вырашэнні праблем. Канешне, задаволіць усе запатрабаванні немагчыма, але зрабіць гэта па максімуму ў сітуацыі, калі праблема абгрунтаваная, неабходна. Важна не проста слухаць – а пачуць, для таго, каб паспрыяць, дапамагчы.

Увага да ветэранаў працы, пажылых людзей, умоў іх жыцця, як і клопат пра маладыя сем’і, пра дзяцей, іх аздараўленне, заўсёдныя. На якасна новы ўзровень дапамогі пераходзіць раённая медыцына, у практыку ўкараняюцца высокатэхналагічныя метады лячэння, больш дакладнай дыягностыкі. Існуючая матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя пастаянна абнаўляецца і папаўняецца. Пра многія медыцынскія абноўкі і новаўвядзенні і медыкі, і пацыенты гавораць з захапленнем. Укараняецца электронная сістэма запісу на прыём да ўрача. Ну а вырашыць жыллёвыя праблемы маладым кадрам медработнікаў дапамагае раённая ўлада.

Ёсць цяжкія пытанні парадку дня. Але па меры магчымасці мы іх вырашаем. Гэта датычыць і жыллёвага будаўніцтва, забеспячэння населеных пунктаў сацыяльнай інфраструктурай. Мы не спыняем узвядзенне новага жылля і займаемся рэканструкцыяй існуючага, развіваецца арэнднае будаўніцтва, перспектыўным з’яўляецца прыватнае – спецыяльна пад яго выдзелены плошчы.

Не хаваю занепакоенасці дэмаграфічнай сітуацыяй у раёне, хаця на Брэстчыне зарэгістраваны дэмаграфічны “плюс”. Спадзяюся, што і жыллёвае будаўніцтва, і арганізацыя новых вытворчасцяў, адпаведна – стварэнне дадатковых рабочых месцаў, дзяржаўны клопат пра сям’ю, мацярынства, дзяцінства, маладзёжная палітыка і многае іншае станоўча адаб’юцца на гэтай тэндэнцыі і на Ляхавіччыне.

– Заўсёды актуальная тэма абслугоўвання. Наколькі ў нашым раёне яно адпавядае патрабаванням насельніцтва?

– Службай кожнага дня па праву называюць гандаль. У нашым раёне здаровая канкурэнцыя паміж кааператыўнымі, фірменнымі, прыватнымі магазінамі дазваляе пакупніку рабіць свой выбар. Мінусы і плюсы гандлёвага абслугоўвання на паверхні. Сакрэт поспеху тут просты: дастатковы асартымент тавараў належнай якасці, высокая культура абслугоўвання, зручны расклад работы. Калі ёсць у гэтым ланцужку слабае звяно, яно нагадвае пра сябе нецікавасцю пакупнікоў да гандлёвай кропкі і, адпаведна, нізкім тавараабаротам.

У абслугоўванні насельніцтва асобая роля адводзіцца жылкамунгасу. Шмат нараканняў на водазабеспячэнне, асабліва ў аграгарадках. Хвалюе стан ачышчальных збудаванняў, якія трэба прыводзіць у парадак. Адзін з важных напрамкаў дзейнасці – пераход на ўтылізацыю бытавых адходаў, працяг і распаўсюджанне практыкі іх паасобнага збору. ЖКГ аказалася не зусім гатовай да работы ва ўмовах без перакрыжаванага субсідзіравання. Трэба сур’ёзна заняцца зніжэннем затрат і паляпшэннем якасці камунальнага абслугоўвання насельніцтва.

Пад паўсядзённай увагай улады – навядзенне парадку і добраўпарадкаванне тэрыторый. Многае зроблена, яшчэ больш належыць зрабіць. І прызнанне нашага райцэнтра адным з лепшых гарадоў краіны па стане добраўпарадкавання зусім не азначае, што можна спачываць на лаўрах.

– А якім вам, Вячаслаў Лукіч, бачыцца наш раён праз пяцігоддзе?

– Наш раён аграрнай накіраванасці праз пяць гадоў бачу сельскагаспадарчым і лагістычным лідарам Брэстчыны, адным з буйных вытворцаў малака і малочных прадуктаў, свініны, бараніны, авечай воўны, а таксама агародніны і садавіны. Абсалютнае лідарства ў авечкагадоўлі – наша. На зямлі будуць працягваць працаваць і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, і фермеры. Наогул жа, сельгасвытворчасць будзе развівацца на прынцыпах зялёнай эканомікі.

Упэўнены, што шырока будуць выкарыстоўвацца мясцовыя віды паліва і іншыя аднаўляемыя крыніцы энергіі.

Абавязкова Ляхавіччына вызначыцца сучасным прыдарожным сэрвісам і развітым аграэкатурызмам. І мара, і мэтазгоднасць, і жыццёвая неабходнасць – стварэнне рэгіянальнага турыстычнага цэнтра пад умоўнай назвай “Радавое гняздо”. Мясціны, звязаныя з Тызенгаўзенамі, Патоцкімі, Рэйтанамі, не могуць не зацікавіць турыстаў. А самае галоўнае, і “Радавое гняздо”, і вывучэнне слаўнай гісторыі раёна, яго культуры, ляхавіцкага строю будуць выхоўваць у землякоў тыя рысы, без якіх чалавек – не чалавек, грамадзянін – не грамадзянін, асоба – не асоба. Маю на ўвазе патрыятызм, актыўную жыццёвую пазіцыю, усведамленне асабістага дачынення да лёсу нашай агульнай каштоўнасці – нашай Беларусі, куточкам якой і з’яўляецца Ляхавіцкі раён.

– Дзякуй за размову, Вячаслаў Лукіч.

Гутарыла Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *