Кропкі росту на пяцігодку

Асноўныя палажэнні праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады былі апублікаваны 17 чэрвеня. Сярод асноўных мэт пяцігодкі: прырост ВУП Беларусі ў 2020 го- дзе да 2015 года – 12-15 працэнтаў, рост рэальных грашовых даходаў грамадзян – 9,5-11,6 працэнта, зніжэнне ставак па крэдытах да 9-11 працэнтаў. Для дасягнення пастаўленых мэт развіццё краіны будзе грунтавацца на наступных прыярытэтах: інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя, моладзь. Галоўная мэта развіцця краіны на 2016-2020 гады – павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця. Дакумент будзе разглядацца на Усебеларускім народным сходзе 22-23 чэрвеня.

Дасягненні  і праблемы

Адкрываецца праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады падвядзеннем вынікаў папярэдняй пяцігодкі, што цалкам зразумела. Галоўным вынікам называецца захаванне палітычнай стабільнасці, устойлівасці эканомікі і сацыяльнай абароны насельніцтва. Па шэрагу напрамкаў удалося дабіцца значных вынікаў. Так, Беларусь увайшла ў топ-50 краін свету з высокім узроўнем чалавечага развіцця. ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці вырас да $17,7 тыс. З 2014 года ўпершыню за дваццаць гадоў колькасць жыхароў пачала расці.

Але не толькі аб дасягненнях размова. Беларусь – краіна з адкрытай эканомікай, таму дабрабыт моцна залежыць ад знешніх фактараў. Крызіс у Расіі і Украіне ўдарыў па беларускай эканоміцы: попыт на айчынныя тавары скараціўся, канкурэнцыя рэзка вырасла, што прывяло да спаду экспарту, даходаў прадпрыемстваў і бюджэту. У выніку рост ВУП, экспарту, рэальных даходаў быў значна ніжэйшы, чым запланавана. Адбылося запаволенне тэмпаў росту эканомікі. Гэтыя і некаторыя іншыя аба-значаныя ў праекце праграмы праблемы «сур’ёзныя, але не катастрафічныя». «Іх пераадоленне стане адной з ключавых задач бягучай пяцігодкі», – гаворыцца ў дакуменце.

Мэты  і прыярытэты

У праекце пяцігадовай праграмы вызначана галоўная мэта развіцця краіны – павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця.

Плануецца, што ВУП прырасце на 12-15 працэнтаў, рэальныя грашовыя даходы грамадзян – на 9,5-11,6 працэнта, стаўкі па крэдытах знізяцца да 9-11 працэнтаў. Працягласць жыцця вырасце да 75,3 года. У кожнай беларускай сям’і будзе магчымасць пабудаваць свой дом або кватэру.

У праекце праграмы вызначаны інструменты эканамічнай палітыкі, дзякуючы якім удасца рэалізаваць асноўныя мэты і прыярытэты развіцця краіны ў бліжэйшай пяцігодцы. Сярод іх – разняволенне дзелавой ініцыятывы, прыняцце стымулюючых мер для хуткага адкрыцця сваёй справы, зніжэнне інфляцыі і працэнтных ставак, стварэнне паўнацэннага фінансавага рынку, фінансавае аздараўленне рэальнага сектара эканомікі, збалансаваны бюджэт без росту падатковай нагрузкі, мадэрнізацыя адносін уласнасці, павышэнне эфектыўнасці інвестыцый, прыцягненне прамых замежных інвестыцый, эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне, дакладныя крытэрыі ацэнкі кіруючых кадраў.

Напрамкі павышэння  канкурэнтаздольнасці  эканомікі

У бягучай пяцігодцы прадугледжваецца правесці лічбавую трансфармацыю (інфарматызацыю) эканомікі. Акрамя таго, запланавана комплекснае развіццё нацыянальнай інавацыйнай сістэмы; паскоранае фарміраванне высокатэхналагічнага сектара; зніжэнне затрат і павышэнне якасці прадукцыі; павышэнне канкурэнтаздольнасці традыцыйных галін прамысловасці; забеспячэнне канкурэнтных пераваг у сельскай гаспадарцы; рост эфектыўнасці будаўніцтва, забеспячэнне насельніцтва якасным і даступным жыллём; павышэнне якасці паслуг і зніжэнне затрат у жыллёва-камунальнай гаспадарцы; развіццё транзітнай прывабнасці і індустрыі гасціннасці.

Калі паглыбляцца ў падрабязнасці, то плануецца стварэнне адной з самых сучасных інфраструктур тэлекамунікацый ва Усходняй Еўропе. Павысіцца роля галіновай і фундаментальнай навукі, будзе забяспечана яе інтэграцыя з вытворчасцю. Стаўка будзе зроблена на індустрыю інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій; атамную і аднаўляльную энергетыку; бія- і нанатэхналогіі; фармацэўтычную прамысловасць; прыборабудаванне і электронную прамысловасць.

З 2019 года плануецца мінімізаваць імпарт электраэнергіі і рэалізаваць міжгаліновы комплекс мер па стымуляванні спажывання электраэнергіі ў сувязі з уводам у эксплуатацыю Беларускай АЭС. Прадугледжваецца прыняць меры па экспарце электраэнергіі ў краіны Еўрапейскага саюза.

Айчынная сельская гаспадарка выйдзе на якасна новы ўзровень развіцця за кошт павышэння фінансавай устойлівасці і тэхналагічнага ўзроўню. Прадоўжыцца работа па прыцягненні ў аграпрамысловы комплекс прыватных інвестараў на прынцыпах акупнасці і эфектыўнасці.

Асноўнымі задачамі развіцця будаўнічага комплексу стануць павышэнне якасці будаўніцтва і зніжэнне каштарыснага кошту будаўніцтва, рост экспарту будаўнічых паслуг. Будуць створаны ўсе неабходныя ўмовы для актывізацыі жыллёвага будаўніцтва грамадзян і юрыдычных асоб. За пяцігоддзе плануецца будаўніцтва 18 млн. кв.м жылых памяшканняў.

У 2016 годзе плануецца дасягнуць 50-працэнтнага ўзроўню пакрыцця насельніцтвам затрат па ўсім комплексе жыллёва-камунальных паслуг за кошт зніжэння затрат арганізацый, што аказваюць гэтыя паслугі, і запланаванага павышэння тарыфаў. Пачынаючы з 2017 года павышэнне ўзроўню пакрыцця насельніцтвам затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг будзе ажыццяўляцца ва ўвязцы са зніжэннем затрат на іх аказанне, ростам даходаў насельніцтва.

Развіццё спажывецкага рынку будзе накіравана на максімальна поўнае задавальненне патрэбнасцей насельніцтва ў таварах і паслугах, пераважна айчынных вытворцаў. Будзе актыўна развівацца сфера грамадскага харчавання.

Арыенцір  на рост  экспарту

У праекце праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады вызначана, што знешнеэканамічная дзейнасць будзе накіравана на забеспячэнне збалансаванасці знешняга гандлю на аснове апераджальных тэмпаў росту экспарту, выкарыстання канкурэнтных пераваг краіны, эфектыўнага ўдзелу ў міжнародным падзеле працы і інтэграцыйных працэсах.

Важным вектарам знешнеэканамічнай дзейнасці стане аднаўленне прысутнасці на традыцыйных рынках, рост экспарту ў Еўрапейскі саюз, асваенне і замацаванне беларускіх вытворцаў на новых нішах сусветнага рынку.

Галоўнымі індыкатарамі эфектыўнага развіцця знешнеэканамічных адносін з’яўляюцца рост экспарту тавараў і паслуг за пяцігоддзе на 21-25 працэнтаў, перавышэнне тэмпу росту экспарту над імпартам, а таксама пастаўка на экспарт не менш як 65 працэнтаў вырабленай прамысловай прадукцыі.

Павышэнне  якасці жыцця

Паляпшэнне дэмаграфічнага патэнцыялу краіны і ўмацаванне здароўя народа, забеспячэнне эфектыўнай занятасці насельніцтва, рост рэальных грашовых даходаў, развіццё сістэмы сацыяльнай падтрымкі слабаабароненых катэгорый грамадзян, развіццё фізічнай культуры і спорту, рост якасці і даступнасці адукацыі, развіццё нацыянальнай культуры і творчага патэнцыялу беларускага народа, падтрымка маладога пакалення і яго ўключэнне ў стварэнне эканомікі ведаў – усё гэта вызначана ў праекце пяцігадовай праграмы як асноўныя напрамкі развіцця чалавечага патэнцыялу і павышэння якасці жыцця беларусаў.

Мэтай дэмаграфічнай палітыкі стане стабілізацыя колькасці насельніцтва і павелічэнне чаканай працягласці жыцця. Мэтанакіраваныя меры актыўнай палітыкі на рынку працы дадуць магчымасць утрымаць афіцыйна зарэгістраванае беспрацоўе ў межах 2 працэнтаў ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

Меры ў галіне аплаты працы будуць накіраваны на паслядоўнае павышэнне яе рэальнага ўзроўню, зніжэнне разрыву паміж аплатай працы работнікаў бюджэтных арганізацый і сярэдняй заработнай платай у эканоміцы. Мэтай развіцця пенсійнай сістэмы з’яўляецца забеспячэнне яе фінансавай устойлівасці і сацыяльна прымальнага ўзроўню пенсій.

Важным напрамкам развіцця адукацыі вызначана ўдасканаленне сістэмы бесперапыннай адукацыі ў мэтах рэалізацыі ў поўным аб’ёме прынцыпу «адукацыя праз усё жыццё».

Развіццё нацыянальнай культуры будзе нацэлена на захаванне культурнай ідэнтычнасці беларускага народа, нацыянальных творчых традыцый, умацаванне станоўчага іміджу Беларусі ў міжнароднай культурнай супольнасці.

Асноўны прыярытэт маладзёжнай палітыкі застанецца нязменным – выхаванне ў маладога пакалення адданасці незалежнай Беларусі і любові да роднай зямлі.

У рэгіёнах – цэнтры   эканамічнага росту

У бягучай пяцігодцы асноўныя намаганні будуць сканцэнтраваны на скарачэнні міжрэгіянальных адрозненняў ва ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва шляхам развіцця сацыяльнай інфраструктуры, паступовага павышэння і выраўноўвання сацыяльных стандартаў.

За кошт канцэнтрацыі рэсурсаў на ключавых напрамках, здольных забяспечыць максімальнае развіццё тэрыторый, эфектыўнага выкарыстання мясцовага рэсурснага патэнцыялу і канкурэнтных пераваг будуць сфарміраваны цэнтры эканамічнага росту, дзе сканцэнтруюцца сучасныя вытворчыя структуры, аб’екты інжынерна-тэхнічнай і сацыяльнай інфраструктуры.

Для рэалізацыі стратэгічных напрамкаў развіцця рэгіёнаў прадугледжваюцца ключавыя праекты з прыцягненнем замежных інвестыцый і ўключэннем у інвестыцыйны працэс неэфектыўна выкарыстоўваемых, а таксама свабодных вытворчых магчымасцей.

Зялёная эканоміка

Галоўная мэта дзяржаўнай экалагічнай палітыкі – стварэнне ўмоў для ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў і зніжэння антрапагеннай нагрузкі на навакольнае асяроддзе. Для яе дасягнення ў бліжэйшай пяцігодцы прадугледжваецца зніжэнне выкіду забруджвальных рэчываў у атмасферу і водныя аб’екты, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання прыродных рэсурсаў, максімальнае ўключэнне адходаў у гаспадарчы абарот у якасці другаснай сыравіны са зніжэннем негатыўнага ўздзеяння аб’ектаў размяшчэння адходаў на навакольнае асяроддзе.

Беларусь-2020

У пятай пяцігодцы плануецца спыніць падзенне і вярнуць рост эканомікі, закласці фундамент новай эканомікі, эканомікі ведаў і паслуг.

У краіне зменіцца прававы і інвестыцыйны клімат: у бліжэйшыя два гады для рэалізацыі палажэнняў пяцігадовай праграмы будзе прынята больш як 160 нарматыўных прававых актаў. Крытэрыі ацэнкі кіруючых кадраў будуць удасканальвацца.

Беларусь стане прывабнай для замежнага капіталу і кампаній, якія валодаюць перадавымі тэхналогіямі.

«Мы атрымаем эфектыўнага дзяржаў-нага служачага; свабоднага, творчага прадпрымальніка-стваральніка; грамадства, у якім кожны чалавек будзе мець магчымасць сваёй працай зарабіць сабе на дастойнае жыццё і мець цвёрдую гарантыю надзейнай сацыяльнай абароны дзяржавы. Мы абновім нашу родную зямлю, робячы яе ўтульнай і працвітаючай», – падкрэсліваецца ў праекце праграмы.

Меркаванні

Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу:
«Трэба шчыра сказаць, чаканні ў грамадстве ад пятага Усебеларускага народнага сходу вельмі вялікія. Гэта не нейкае дзяжурнае мерапрыемства. Чакаецца канструктыўная размова, якая вызначае лёс краіны і, вядома, сур’ёзна ўплывае на настроі людзей. Рашэнняў сходу чакаюць і прыхільнікі ўлады, і апазіцыя, і лібералы, і кансерватары. Наперадзе вельмі важная, сур’ёзная работа для таго, каб, па-першае, аб’ектыўна ацаніць рэсурсы, якія мы маем, напрамкі і механізмы аднаўлення эканамічнага і сацыяльнага росту і паставіць напружаныя, але, галоўнае, рэальныя задачы».

Уладзімір Зіноўскі, міністр эканомікі Беларусі:
«Мы– адны з распрацоўшчыкаў асноўных напрамкаў праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады. Думаю, што на Усебеларускім народным сходзе гэты праект атрымае сур’ёзную ацэнку. Упэўнены, што дэлегаты сходу ўнясуць вельмі важныя моманты, якія пры дапрацоўцы праграмы, вядома, будуць улічаны.
Дэлегаты выказваюць не толькі асабістае меркаванне, але і меркаванне сваіх працоўных калектываў, абласцей. Таму вельмі важна, што напярэдадні Усебеларускага народнага сходу кожны грамадзянін краіны, у тым ліку дэлегаты, могуць прачытаць асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, зрабіць сваю ацэнку і ўнесці канкрэтныя прапановы».
Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *