Калі крэпасці становяцца героямі…

Самы доўгі дзень. Сонца і гарачыня. Валошкі з незабудкамі пафарбавалі неба ў блакіт. Ці гэта нябесную сінь ўпіталі палявыя-лугавыя кветкі….
Самая кароткая ноч. Неба выткана зоркамі. Лёгкі туман над ракою.  Для закаханых яна здаецца імгненнай. І такая гучная цішыня…
Світанкі ў нас ціхія, дні светлыя, ночы зорныя. І здаецца, што так было заўсёды. Толькі ж не сцерці з гісторыі памяці, з памяці гісторыі дзень 22-гі чэрвеня года 1941-га. І сіняе неба, і сонечныя промні, і песню над сенажаццю перакрэсліла чорным ліхая вайна.

З выпускнога балю крочылі васемнаццацігадовыя хлопчыкі на фронт поплеч са старэйшымі братамі, поплеч з бацькамі-дзядамі. Накінула яна, крыважэрная, чорныя хусткі на галовы аўдавелых-асірацелых матуль, маладзенькіх жонак і зусім юных нявест. І Брэсцкая крэпасць стаяла насмерць на шляху бязлітасных фашыстаў. І самыя пранізлівыя з радкоў, якія калі-небудзь былі напісаны, і сёння на яе сценах стогнуць болем, любоўю да Радзімы і нянавісцю да ворага: «Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма!», «Памром, але з крэпасці не пойдзем»…
Нават крэпасці станавіліся героямі. Крочыла ў бессмяротнасць гераічная застава. Кожная пядзя беларускай зямлі, кожны квадратны сантыметр паспытаў на сабе адбітак фашысцкіх ботаў. І не засталося ні адной безахвярнай беларускай сям’і, якая б не страціла-не згубіла- не пацярпела ад гэтага пекла.
Абеліскі, помнікі, стэлы над брацкімі магіламі, сціплыя зорачкі над пагоркамі сярод леса ці поля. Прозвішчы на гранітных і мармуровых плітах, прозвішчы на простых таблічках і гэтае бясконца балючае «Невядомы салдат»… І на ляхавіцкай зямлі напамінам пра подзвіг, пра страшэннае выпрабаванне, з якога з годнасцю выйшаў непахісны народ, – Курган Славы, манументы і тыя самыя зоркі, якія не гаснуць. У кнізе «Памяць. Ляхавіцкі раён» занатавана хроніка шляху да Перамогі. Але хіба можа самае падрабязнае і дакладнае выданне ўмясціць у сябе боль і слёзы, і спыненыя вайной жыцці, і перакрэсленыя лёсы, і ўсё-ўсё, што доўжылася гэтыя страшэнныя дні і ночы?
75 гадоў назад пачалася вайна. Шануем памяць пра тых, хто выстаяў, пра бацькоў, дзядоў, прадзедаў, якія мужнасцю сваёю ў неўміручасць крочылі. І не спыняемся паўтараць: дзякуй за мір!
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *