Дах знясло

Стыхіі паддалося і дрэва ў Флер'янове

Не станем згушчаць фарбы да чорнага, але падстаў назваць мінулую пятніцу цёмнай дастаткова. У самым першым значэнні гэтага слова: навальнічны фронт, які накрыў і тэрыторыю нашага раёна, у тым ліку “адключыў” падачу электраэнергіі ў больш як дзесяці населеных пунктах.

Гром, маланка, струмяні вады з нябёс. Аднак, галоўным шкоднікам-разбуральнікам стаў вецер. Месцамі яго парывы даходзілі да 20 і нават больш метраў у секунду. Такога напору не вытрымлівалі дрэвы. Іх “рвала” на часткі, выварочвала з карэннем, магутныя, здавалася б, ствалы ламаліся. Упаўшыя дрэвы рвалі правады ліній электраперадачы. У Ляхавічах, вёсках Станчакі, Залужжа, аграгарадку Малое Гарадзішча і некаторых іншых сваім падзеннем дрэвы перакрывалі праезныя часткі вуліц. У Ліпску адно з дрэў “прыняў” на сябе жылы дом, у Ляхавічах – легкавы аўтамабіль. Падраздзяленні РАНС, ДРБУ-200, камунгаса імкнуліся дзейнічаць па абстаноўцы, рэагавалі аператыўна. Хоць, канешне, паспець за кожным аварыйным дрэвам з пажарнай хуткасцю атрымлівалася не заўсёды. Пацярпелых няма, што галоўнае, але справакаваная прыродным фактарам шкода вымяраецца істотнай грашовай сумай.

Найбольшую ветравую нагрузку прыняла на сябе, так бы мовіць, прыпалеская частка раёна. У Востраўскім лясніцтве пашкоджана 17 гектараў лесу, у Крывошынскім – 5. А да дзяржпрадпрыемства “Ліпнянка” стыхія была асабліва нелаяльная, нават бязлітасная. У той ці іншай ступені “дах знясло” з 16 будынкаў сельгаспрадпрыемства. У гэтым спісе аказаліся малочнатаварныя фермы, канюшня, склад сена, рамонтная майстэрня, аўтамабільны гараж і гаражная пабудова для захоўвання зернеўборачных камбайнаў, бульбасховішча, зернесушыльны комплекс, летні лагер для маладняку буйной рагатай жывёлы. У суме для аднаўлення разбураных ветрам дахаў ДП “Ліпнянка” спатрэбіцца каля 1700 лістоў шыферу, 47 лістоў шыферу празрыстага, 150 квадратных метраў руберойду, некаторае іншае. Ну і, канешне, аб’ёмная работа да сёмага поту.

Адзначылася стыхія і ў другім полюсе раёна. У той ці іншай ступені пятнічны навальнічны фронт закрануў 10 будынкаў СВК “Жарабковічы”. Часткова раскрытымі аказаліся 2 кароўнікі, цялятнік, зернесклад, сенасховішча і іншыя аб’екты. Стыхія пагаспадарыла прыкладна на паўтысячы лістоў шыферу.

Але не толькі сельгаспрадпрыемствы пацярпелі ў выніку вячэрняй хвалі жорсткага пятнічнага шторму. Апошні закрануў асобныя аб’екты культуры, адукацыі, прыватны сектар. Вядуцца аднаўленчыя работы. Што тычыцца будаўнічага матэ- рыялу – райпо пачало забяспечваць пацярпелых усім неабходным. Гатова прымаць заяўкі і з грузам шыферу-цвікоў-руберойду і г.д., ехаць насустрач кожнаму.

Усё вышэй згаданае стала галоўнай тэмай размовы падчас чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча. Дэталёвы разбор палётаў меўся адбыцца пасля – у ходзе пасяджэння камісіі па НС. Аднак, па меркаванні кіраўніка раёна, у прадыктаваных абставінамі ўмовах не ўсе службы праявілі дастатковую аператыўнасць і ўзаемаўзгодненасць дзеянняў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *