Медыка- святочнае спатканне. Ляхавіцкія медыкі прымалі віншаванні з прафесійным святам

Галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч уручыў узнагароды работнікам бальніцы, сярод якіх і старшая медсястра хірургічнага аддзялення Наталля Валынец.

Прыгожа гучыць: ”Летняя фантазія”, ”Насустрач мары”, ”Зачараванне”, ”Таццянін дзень”, ”Свята ў нашым доме” і г.д. – назвы кампазіцый, якія з самых розных кветак да свайго прафесійнага свята стварылі медыкі раёна. Усхваляваныя, прыгожыя і радасныя, у перадсвяточную пятніцу людзі ў белых халатах у гарадскім Доме культуры прымалі віншаванні і ўзнагароды.
Ад імя раённай улады намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень падзякавала медработнікам за іх нялёгкую працу, прафесіяналізм, пажадала здароўя, поспехаў, уручыла граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета дэпутатаў.
Шчыра павіншаваў калег з прафесійным святам, адзначыў вялікі патэнцыял ляхавіцкай медыцыны галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Георгій Хлябовіч. Ён перадаў грамату ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама загадчыцы кабінета функцыянальнай дыягностыкі райбальніцы Таццяне Літвіненка, падзячнае пісьмо – старшай медсястры інфекцыйнага аддзялення Алене Бяліцкай. Урачы, фельчары, лабаранты, медсёстры, санітаркі і іншыя супрацоўнікі атрымалі заахвочванні ад кіраўніцтва райбальніцы.
Ім пасуе і белы халат, і святочнае ўбранне, яны паспяваюць спраўляцца на працоўных месцах і актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці. А яно ў райбальніцы кіпіць. Стаў традыцыйным і надзвычай творчым агляд-конкурс па добраўпарадкаванні тэрыторыі, на лепшае эстэтычнае афармленне бальніцы і ўсіх медыцынскіх устаноў раёна. Яго пераможцы атрымалі дыпломы і кветкі, а таксама дружныя апладысменты калег. У конкурсе на лепшую кветкавую кампазіцыю журы было няпроста вызначыць самую-самую – кожная была варта захаплення. Першае месца прысудзілі арыгінальнай рабоце майстроў з хірургічнага аддзялення бальніцы “Рамантычнае спатканне”.
Старшыня прафсаюзнага камітэта ЦРБ Васілій Гарбачоў уручыў граматы Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя самым актыўным спартсменам-медыкам: медыцынскаму статысту Святлане Бурвель, якая больш за 10 гадоў узначальвала камісію па спартыўна-масавай рабоце, Сяргею Вайшэвічу з участковай бальніцы “Крывошын” (ён заняў першае месца на абласных спаборніцтвах сярод работнікаў аховы здароўя па лёгкай атлетыцы і днямі будзе выступаць на рэспубліканскіх), а таксама тэрапеўту ЦРБ Андрэю Кураку, які лідзіраваў на абласных спаборніцтвах па гіравым спорце. Прафсаюзны камітэт ЦРБ адзначыў граматай фельчара-лабаранта Таццяну Масель, якая была трэцяй сярод работнікаў аховы здароўя на абласных спаборніцтвах па настольным тэнісе сярод жанчын.
У вялікай медыцынскай сям’і раёна камфортна і маладым спецыялістам, якія год назад уліліся ў каманду прафесіяналаў. За падтрымку, настаўніцтва яны дзякавалі са сцэны сваім вопытным калегам.
Цудоўным падарункам тым, для каго дапамагаць людзям – справа жыцця, стаў святочны канцэрт.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Урач Таццяна Літвіненка (справа) і старшая медсястра Алена Бяліцкая сярод адзначаных узнагародамі.

Падчас свята.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *